20 сакавіка споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння паэта Алеся Емяльянава (1952-2005), хаця лёс яму адмераў толькі 53 гады жыцця. У першым сваім паэтычным зборніку “Ранак поўніцца жыццём” (Менск, 1977) паэт пісаў:
Іду я смела між гадоў
І не баюся спатыкнуцца…
Дубы ж растуць з тых жалудоў,
Што аб зямлю ілбамі б’юцца.
Уладзімір Арлоў прыгадвае, што ў Алеся “быў моцны поціск рукі. Ды й самога яго нельга назваць чалавекам слабым…”. І гэта сапраўды так. Восенню 1988 года Алесь Емяльянаў не проста стаў сябрам Арганізацыйнага камітэта БНФ “Адраджэньне”, але і зарэгістраваў яго па менскім адрасе: вуліца Фрунзе, 5, дзе месціўся Саюз пісьменнікаў і дзе ён працаваў літкансультантам.
У Доме літаратара, у пакоі, у якім былі працоўныя месцы Алеся Емяльянава і Міколы Міхноўскага, быў своеасаблівы “штаб Адраджэння”. Сюды вялі многія ніткі, тут завязваліся кантакты, адсюль ішла інфармацыя па Беларусі і ў замежжа. Роля гэтага “штаба” не апісана і не ацэнена ў нашым грамадстве.
Родам Алесь Емяльянаў быў з вёскі Забалацце Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. У 1970-х гадах пачаткоўскую паэтычную творчасць яго і Алеся Пісьмянкова шчыра падтрымліваў у Магілёве паэт Аляксей Пысін. У кожнай літаратурнай старонцы “Магілёўскай праўды” друкаваліся вялікія падборкі іх вершаў, якія любілі чытаць жыхары Магілёўшчыны. Многія радкі аматары паэзіі ведалі на памяць. А пісаў Алесь Емяльянаў шчыра і ад душы:
Забалацце,
Зноў я стаю
Ля твайго парога.
Хата пад клёнам,
За пуняй стог.
Забалацце…
Як гэта многа!
Калі ёсць вярнуцца куды
З дарог…
Непасрэднасць пачуцця, душэўная шчырасць, малады настрой і клопат пра той час, калі паэт жыў – усё гэта было характэрна творчай манеры паэта.
Алеь Емяльянаў пасля дзесяцігодкі займаўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, працаваў журналістам, служыў у пагранвойсках, працаваў электрыкам у Менску, на Беларускім тэлебачанні, потым паступіў на філфак БДУ. І заўсёды пісаліся вершы. З-пад яго пяра свет пабачылі паэтычныя зборнікі “Нязжатае поле” (1982), “На падкове дарог” (1987) …
Гэтыя радкі няхай будуць данінай яго светлай памяці. Хаця Алесь Емяльянаў заслугоўвае значна болей: і кнігі выбраных твораў, і мемарыяльнай шыльды, і помніка.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Фотаздымкі з архіва сям’і
Алеся Емяльянава.