Калекцыя сцэнічных касцюмаў пад назвай “Бацік-шоў”, якую Палац культуры выкарыстоўвае пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, – творчасць сумесная.
Ідэя стварэння касцюмаў належыць супрацоўнікам установы, пашыты ўборы таксама ўласнымі сіламі. Арыгінальныя галаўныя ўборы – вянкі з прамянямі з саломкі, якія нагадваюць сонечныя, – вырабляліся майстрыхамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
Разыначкай жа касцюмаў з’яўляецца размалёўка па баціку, выкананая дырэктарам ДУА “Лідская дзіцячая мастацкая школа мастацтваў” Валянцінай Грышкевіч, якая, намаляваўшы аб’екты на тканіне, ператварыла архітэктурныя славутасці Лідчыны ў мастацкія.
У іх ліку аб’екты Дзяржаўнага спісу гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Сярод іх пярліна Гарадзеншчыны і галоўная візітная картка нашага горада – Лідскі замак.
Абарончае збудаванне, пабудаванае ў 1323 годзе па даручэнні князя Гедыміна, уваходзіла ў лінію абароны ад крыжакоў Наваградак – Крэва – Меднікі – Трокі і на сваім вяку пабачыла нямала бітваў, аблог і разбурэнняў. У 2009-2020 гадах у Лідскім замку вяліся працы па рэканструкцыі і рэстаўрацыі, і зараз турыстычны аб’ект актыўна прымае жыхароў горада, а таксама гасцей з блізкага і далёкага замежжа. Толькі летась помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя наведала больш за 60 тысяч чалавек.
Яшчэ два ахоўваныя дзяржавай аб’екты гістарычна-культурных каштоўнасцяў краіны – Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор і Крыжаўзвіжанскі фарны касцёл – таксама знайшлі адлюстраванне ў калекцыі Палаца культуры “Бацік-шоў”.
Вяртаючыся да гісторыі, адзначым, што ў канцы XVIII-пачатку XIX стагоддзя сабор быў пабудаваны як каталіцкі храм пры манастыры піяраў. Будынак з’явіўся развіццём адмысловай лініі архітэктуры касцёлаў, якая складаецца ў будаўніцтве цэнтрычных ратондальных купальных храмаў, што ўмоўна адсылалі да антычнасці і пантэону ў Рыме. У 1863 годзе касцёл, які згарэў у 1842 годзе, быў перададзены праваслаўнай царкве. З 1960-х гадоў будынак стаў выкарыстоўвацца як музей і планетарый. Праваслаўнай царкве храм быў вернуты ў 1996 годзе.
Крыжаўзвіжанскі фарны касцёл – помнік архітэктуры ў стылі барока – быў пабудаваны ў 1765-1770 гадах па праекце архітэктара Іягана Глаубіца. У інтэр’еры храма выдзяляецца фрэскавая размалёўка скляпенняў і сцен, а таксама арнаментальная лепка і скульптуры ў стылі ракако. На пілоне ў левай частцы касцёла знаходзіцца ўшанаваны мясцовымі католікамі абраз Маці Божай Ружанцовай, які ў 1376 годзе быў прывезены з горада Візны (Беласточчына) першымі місіянерамі-францысканцамі.
Таксама ў лідскай калекцыі ёсць малюнак найстарэйшай царквы горада – Свята-Георгіеўскай, размешчанай каля завода электравырабаў. Пабудавана яна была ў 1875 годзе на тэрыторыі могілак, і ёй прызначалася стаць звычайнай капліцай. Але лёс храма склаўся інакш, яго высвенцілі ў гонар Георгія Пераможца. Гэта адзіны праваслаўны храм, які ніколі не зачыняўся і ў якім без малога паўтара стагоддзі бесперапынна гучаць малітвы.
Уключана ў калекцыю “Бацік-шоў” і царква Усіх Святых, збудаваная ў Лідзе, у раёне рынку ў 2006 годзе Будаўніцтва храма доўжылася 16 гадоў. Царква падзяляецца на два ўзроўні: яна складаецца з ніжняга крыптавага храма, асвечанага ў гонар святога вялікапакутніка і лекара Панцеляймона, і непасрэдна з храма Усіх Святых (верхняга). Будынак пабудаваны з белай цэглы ў выглядзе крыжа. Галоўнымі святынямі праваслаўнага храма лічацца абраз Матроны Маскоўскай, ушанаваны як цудатворны, і абраз у гонар Усіх Святых, перад якім могуць маліцца вернікі любога веравызнання.
Акрамя таго, у калекцыю “Бацік-шоў” увайшлі малюнкі будынкаў ЗАГС-а, Палаца культуры і Лёдавага палаца.
У лютым бягучага года падчас візіту міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча ў Ліду калекцыя была прадэманстравана чальцу ўрада. Высокапастаўлены госць ухваліў вынік сумеснай працы супрацоўнікаў розных устаноў сферы культуры.
Лілея Лапшына.