Дзень святога Валянціна ў літаратурным клубе “Экватар”
У бібліятэцы № 1 г. Менска 11 лютага 2022 года адбыўся творчы вечар, арганізаваны літаратурным клубам “Экватар”, прысвечаны надыходзячаму Дню святога Валянціна. Ва ўтульнай зале бібліятэкі сабраліся навучэнцы менскіх каледжаў, аматары паэзіі, выступоўцы. Перад пачаткам імпрэзы да прысутных звярнулася загадчыца бібліятэкі Лола Іназемцава, якая шчыра прывітала ўсіх прысутных і зазначыла, што вельмі рада бачыць у сваёй установе такую колькасць маладых людзей і што гэта ўсяляе ў яе пэўны аптымізм.
Праводзіў мерапрыемства паэт, пісьменнік, журналіст, кіраўнік літаратурнага клуба “Экватар” Вячаслаў Корбут. Найперш ён коратка распавёў прысутным пра гісторыю ўзнікнення свята ўсіх закаханых, названага ў гонар святога пакутніка Валянціна.
Дзень усіх закаханых (таксама Валянцінаў дзень) – свята каталіцкага паходжання, якое адзначаецца 14 лютага ў многіх краінах свету. Па меркаваннях некаторых гісторыкаў, найбольш верагодным уяўляецца тое, што святкаванне Дня святога Валянціна замяніла сабой Луперкаліі – старажытнае рымскае свята жаночай урадлівасці, якое адзначалася ў сярэдзіне лютага. Лічыцца, што ў 496 годзе ўказам папы Рымскага Геласія І Луперкаліі былі пераўтвораны ў Дзень усіх закаханых, а Валянціна, які аддаў за каханне сваё жыццё, далучылі да ліку святых, хаця дакументаў, якія маглі б гэта пацвердзіць, нажаль, не захавалася…
Вядовец мерапрыемства зазначыў, наколькі важна ў цяперашні час захоўваць духоўную чысціню ў адносінах паміж мужчынам і жанчынай. Ён распавёў, якую вялікую ролю адыгрывае любоў у чалавечых лёсах, заклікаў паважаць сваіх каханых, і, канешне, не забываць іх радаваць у Дзень св. Валянціна валянцінкамі і іншымі падарункамі.
Вячаслаў Корбут прачытаў прысутным некалькі сваіх вершаў, сярод якіх быў і гэты пяшчотны твор пра каханне да любімай жанчыны:
Ты – магія з мелодыяй вясны,
Мелодыка мінулага спаткання,
Ты – сімвал прыгажосці і маны,
З надзеяй пекна-смелага вяртання.
Ты – сімвал нескаронай вышыні,
І мора, не адкрытае Калумбам.
Ты – існасці нязгасныя агні,
І кветка тая, скрадзеная з клумбы.
Свавольны ж у вачах гарыць агонь,
Які мяне, стамлёнага, хвалюе,
Які звяргае ў космас, а далонь
Твая апаліць вусны: алілуя!
З чаканнем нерасхрыстаных дарог
Цябе знаходжу – у сваіх сусветах,
Там ёсць і прыгажосць, і сумны Бог,
І нават часам басклапотная кабета.
Імжыць святло чужога ліхтара
З фіранкаю на промнях ад усходу,
Ты ў гэтых промнях – новая зара,
Мяне збаўляеш ад зімы і лёду.
Ты не знікай, не будзь пасля чужой,
Майго цярпення вызначыўшы вежы,
Застанься важнай для мяне мяжой,
Што пачуцця валодае бязмежжам…
Адметнай рысай імпрэзы літаратурнага клуба “Экватар”, прысвечанай Дню святога Валянціна, стала прысутнасць на ёй ажно чатырох навукоўцаў, якія прыйшлі падзяліцца сваімі цікавымі развагамі на тэму кахання.
Першым навуковы сусвет выйшаў прадстаўляць кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, паэт і бард Серж Мінскевіч. Ён расказаў сабраўшымся, што, насамрэч, існуе некалькі легенд, звязаных з імем святога Валянціна.
Згодна з Залатой легендай, уладны і жорсткі рымскі імператар Клаўдзій ІІ прыйшоў да высновы, што адзінокі мужчына, у якога няма жонкі і дзяцей, лепш будзе змагац-ца на полі бітвы ў гонар Цэзара, і забараніў мужчынам жаніцца, а дзяўчынам і жанчынам выходзіць замуж за каханых мужчын. Валянцін жа ў тыя часы быў урачом і святаром, ён спачуваў няшчасным закаханым і таямніча, пад покрывам ночы асвяшчаў шлюбы мужчын і жанчын. Хутка пра ягоную дзейнасць стала вядома ўладам. Валянціна пасадзілі ў цямніцу, а потым пакаралі смерцю 14 лютага 269 года.
Па іншай легендзе, рымскі патрыцый Валянцін быў тайным хрысціянінам. Ён прывёў да гэтай веры і сваіх слуг. Аднойчы Валянцін праводзіў абрад вянчання для дваіх з іх. Па даносе альбо па сцячэнні абставін усе трое былі затрыманыя вартай. Валянцін належаў да вышэйшага саслоўя і мог пазбегнуць смерці, але не ягоныя слугі. Каб неяк падбадзёрыць закаханых, ён пісаў ім лісты ў выглядзе чырвоных сэрцаў (першыя валянцінкі), якія сімвалізіравалі хрысціянскую любоў. У выніку Валянцін угаварыў варту адпусціць ягоных слуг у абмен на ягонае асабістае жыццё, і сам выйшаў на арэну смерці…
Наступнай выступала пісьменніца і журналістка, шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар” Інга Вінарская. Яна зазначыла, што, напэўна, кожны чалавек мае свой уласны погляд на каханне, асабліва, калі чалавек гэты – творчая асоба. І канешне, спадарыня Інга выйшла да прысутных са свежым нумарам свайго альманаха (№ 10 (12)), паведаміўшы, што бібліятэкі ўсіх каледжаў, навучэнцы якіх прысутнічаюць на імпрэзе да Дня ўсіх закаханых, атрымаюць свае экзэмпляры гэтага выдання з аўтографамі выступоўцаў мерапрыемства.
Спадарыня Інга прачытала некалькі сваіх вершаў, прысвечаныя каханню, даючы каментары да кожнага з іх. Сярод прагучаўшых на імпрэзе былі наступныя творы з новай кнігі Інгі Вінарскай “Гучы, маё сэрца, гучы!..”: “Са зброяй, бы ў вайне, сыдземся ў паядынку…” (на тэму любові-вайны, верш вельмі падабаецца вайскоўцам); “Эх, Папялушка, кароткі твой век…” (твор, прысвечаны несупадзенню мар пра каханне з рэаліямі жыцця); “Патанаюць у восеньскім змроку гардзіны…” (прыгожы верш пра любоў са складанымі скразнымі рыфмамі). Напрыканцы свайго выступлення Інга Вінарская прачытала твор пра каханне, якое мацнейшае за смерць:
Яшчэ пра любоў без смерці
Радкоў трохі дорыць Бог…
І мозг дзеясловам чэрціць,
Што ўсё ж зразумець не змог.
А стрэлкі так б’юць надрыўна,
Каб час свой працягваў ход.
І мяўкае ў ноч наіўна,
Заве сваю котку кот.
Дыск жоўтай поўні – з усмешкай,
І зорачак таньчыць рад.
Да сонца няма шчэ сцежкі,
Як тысячу год назад.
І так да святла далёка,
Да неба і чыстых слёз,
Адказ што чакаюць лёгка
Ў трымценні лісця бяроз.
Камeнь, ён упаў у строму, –
Што сэрца душыў даўно…
Прэч, чорная цемра, з дому,
Была што ў старым кіно.
Яшчэ пра любоў без смерці…
Тут смерць не ўзвядзе курок –
Ёсць воля, што светам верціць,
Пяро, што вядзе радок!..
Кірыл Бандзерс – вельмі высокі малады чалавек з доўгімі светлымі валасамі, мастак, паэт і бард, даўно стаў добрым сябрам літаратурнага клуба “Экватар”. І канешне, святочная вечарына суполкі напярэдадні Дня святога Валянціна не абышлася без удзела Кірыла. Было нават цікава, што ён выканае на такім мерапрыемстве. І не, цуд не адбыўся: брутальны з нізкім голасам Бандзерс застаўся сам сабой: ён зазначыў, што спявае не пра тое, што ўсім прыемна чуць, а пра тое, што ў яго баліць. Прысутныя пачулі некалькі брутальных бандзерсаўскіх песень у ягоным фірменным стылі – са складанымі своеасаблівымі тэкстамі. Хаця, дзеля справядлівасці, хацелася б адзначыць, што маладзёвай аўдыторыі імпрэзы спевы Кірыла вельмі спадабаліся. Ніжэй прыводзім адзін з тэкстаў маладога бунтара, які напрыканцы ўсё ж мае нейкую надзею на лепшае: там узыходзяць чырвоныя макі, як сімвал будучыні:
зьмяінае вока на нітцы
на шыі дзяўчыны босай
нябеснага кола сьпіцай
гаворыць з планетай хроснай
блакітнаю рукавіцай
заціснуты дождж над краем
сухое зямлі карыца
няродам ліхім пагражае
зьмяінае вока на шыі
сваімі зьбівае росы
то значыць што злое здушылі
мінулага сівым валосьсем
учэпяцца ў рукавіцу
магутнага грому сабакі
і пад дажджавою ігліцай
узыдуць чырвоныя макі.
Пасля брутальнага Кірыла Бандзерса выступленне прыгожай мініяцюрнай бландзінкі з мілагучным голасам Таццяны Пратасевіч настроіла аўдыторыю на лірычны лад. Дарэчы, спадарыня выглядала святочна і зусім па-вясноваму. Прысутныя з замілаваннем глядзелі на строй-ную жанчыну ў ярка-блакітнай блюзцы і слухалі яе таленавітыя вершы. У выкананні Таццяны Пратасевіч прагучалі творы пра каханне, якое натхняе, узносіць людзей да нябёсаў і расквечвае іх жыццё ўсімі колерамі вясёлкі.
Наступным выступаў паэт, бард, музыка Зміцер Захарэвіч, які не так даўно вярнуўся на Радзіму. Спадар Зміцер пэўны час гастраляваў па замежжы са сваім песнямі, якія ён выконвае пад уласны акампанемент на гітары. Чалавек няўрымслівы і гарачы, Зміцер Захарэвіч літаральна захапіў сабраную аўдыторыю ў палон, калі натхнёна чытаў свае палымяныя вершы пра любоў без межаў і берагоў.
Эпатажны паэт, празаік, бард Юрась Нераток пастараўся не знізіць градус жарсці, які падняў папярэдні выступоўца. Прысутныя пачулі ў выкананні спадара Юрася вясёлыя і гарэзлівыя вершы і спевы пра каханне. Але напрыканцы свайго выступлення творца ўсё ж прачытаў перад прысутнымі ў зале некалькі сваіх лірычных вершаў, сярод якіх быў і твор пад назвай “Той год”:
Гадзіны пад няўмольным метраномам
знікалі, як зярняты ў баразне…
А я з табой спаткаўся днём вясновым,
калі наўзрыд ад сонца плакаў снег.
Ляцелі дні ў надзеі непрыкметна
і абляталі, быццам квецень з лоз…
А я з табой кахаўся ноччу летняй,
калі зляцела зорачка з нябёс.
Затым былі спатканні і сустрэчы,
і хвосткі дождж цвярэзіў галаву…
А я згубіў цябе ў асенні вечар,
калі каштаны падалі ў траву.
І засыпае ранак снежным хлудам
марозная бясконцая зіма.
А снег скрыпіць бязлітасным прысудам
пра тое, што ў мяне цябе няма…
Далей ізноў выступалі прадстаўнікі беларускай навукі: кандыдат філасофскіх навук Ігар Яўгенавіч Шыршоў, а потым кандыдат педагагічных навук Якаў Рыгоравіч Анапрэенка.
Ігар Яўгенавіч раптам, нечакана для ўсіх, пачаў сваё выступленне з асабістай гісторыі любві. Ён распавёў, што ў маладосці вельмі моцна закахаўся ў чароўную дзяўчыну і згубіў гэтае сваё каханне цалкам па сваёй віне. У выніку, пражыў не сваё жыццё, не са сваёй жанчынай… Спадар Шыршоў звярнуўся да юнакоў, якія прысутнічалі на імпрэзе з такім словамі: “Хлопцы, калі вы раптам сустрэнеце сваю любоў, тую адзіную сваю каханую, то змагайцеся за яе, нягледзячы ні на што! Шанц ёсць заўсёды. Галоўнае быць смелым і ісці да канца”. Потым Ігар Яўгенавіч чытаў прысутным вершы пра не надта шчаслівае каханне і цалкам пра жыццё…
Якаў Рыгоравіч Анапрэенка зазначыў, што займаўся не толька навуковай дзейнасцю. Ён доўгі час насіў пагоны (зараз палкоўнік у адстаўцы). Вайсковая служба дастаткова складаная, а таму, гэта сапраўднае шчасце было – ведаць, што дома цябе чакае любімая адданая жонка. Спадар Анапрэенка зазначыў, што вельмі ўдзячны сваёй другой палове за гады, пражытыя разам. Празаік-дакументаліст, спадар Якаў сказаў, што ў жыцці напісаў усё ж такі некалькі вершаў, якія і прысвяціў сваёй жонцы. Адзін з гэтых паэтычных твораў Якаў Рыгоравіч прачытаў прысутным.
Завяршала канцэртную праграму святочнага мерапрыемства паэтка, пісьменніца і таксама навукоўца – супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяна Барысюк. Яна выйшла да аўдыторыі з альманахам “Літаратурны экватар” № 8 (10), дзе была некалі надрукавана падборка яе вершаў “Платанічнае каханне”, назва якой гаворыць сама пра сабе. Усе вершы там прысвечаны любоўным перажыванням, пошукам сапраўднага кахання і свайго адзінага сапраўднага чалавека, які пакрочыць па жыцці разам. Дарэчы, спадарыня Таццяна актыўна эксперыметуе з формамі вершаў і нават сама прыдумляе іх: як, напрыклад, залатое сячэнне перавернутае. Менавіта ў гэтай форме напісаны верш пад назвай “Акрыленасць”, які таксама прагучаў на імпрэзе:
Я крылы вырошчваю ў неба ўзляцець
і фарбы Сусвету захоўваю ў памяці.
Мой любы, без Вас – спусташэнне і смерць,
а з Вамі – яднанне ў касмічным арнаменце.
Вы мне прапануеце ў неба ўзляцець
ці я застануся бяскрылай і сумнай?
Без Вас – Сонца шлях мой асветліць ледзь-ледзь,
каб мне дажываць між рэаліяў тлумных.
Я крылы распростваю ў неба ўзляцець,
мае ланцугі ападаюць пры ўзлёце.
Я вольная птушка, не зомбі, не цень,
шчаслівая з Вамі ці ў новай самоце.
О, не пакідайце мяне ў тым балоце!..
Усіх выступоўцаў канцэрту зала шчыра вітала апладысментамі. На вечарыне, прысвечанай Дню святога Валянціна, дзе гучалі вершы і песні пра каханне, адчуваўся амаль вясновы настрой. Завяршылася мерапрыемства серыяй фотасесій.
Інга Вінарская,
Вячаслаў Корбут.