Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Беларуская дыктоўка ад унучкі Якуба Коласа

Беларуская дыктоўка ад унучкі Якуба Коласа

2 сакавіка 2022, 17:45 Мова 29
Беларуская дыктоўка ад унучкі Якуба Коласа

У бібліятэцы імя Адама Міцкевіча Чырвонага касцёла 20 лютага ўрачыста адбылося літаратурнае свята, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы. У ім прынялі ўдзел куратар бібліятэкі Галіна Фёдараўна Івуць, член літаратурнага аб’яднання “Галактыка” таленавітая паэтэса Кацярына Мяшкова, унучка Якуба Коласа Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, аўтар многіх паэтычных зборнікаў Ядвіга Іванаўна Рай і іншыя вядомыя госці і чытачы бібліятэкі.

Кацярына Мяшкова выступіла з прывітальным словам да чытачоў і чытаннем сваіх вершаў. Узнёслыя і адухоўленыя радкі прагучалі з вуснаў Ядвігі Іванаўны Рай.

Марыя Міхайлаўна Міцкевіч  нагадала прысутным, што ў гэтым годзе будзе адзначацца 140-годдзе з Дня нараджэння Я. Коласа, 100-годдзе яго сустрэчы з Янкам Купалам, 100-годдзе выхаду другога зборніка вершаў “Водгулле” і 75-годдзе выхаду паэмы “Рыбакова хата”.

“Найвялікшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова. У мове адлюстравалася гісторыя народа, яго жыццё і праца, смутак і радасць, прырода, яго любоў і гнеў. Беларуская мова параўнаўча маладая. Хоць і даўно гаворыць на ёй народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры, яна знаходзіцца ў стане станаўлення. Таму задача савецкай інтэлігенцыі распрацоўваць мову, пашыраць і вывучаць. Гэта дасягаецца паўсядзённым ужываннем мовы ў побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах.

На мой погляд, далейшае развіццё культуры рэспублікі праігрывае, і скажам прама, стаіць перад пагрозай ад недастатковай увагі да роднай мовы”, – папярэджваў Якуб Колас у лісце ў партыйныя ўстановы незадоўга да сваёй смерці.

Беларуская дыктоўка была прадыктавана Марыяй Міхайлаўнай Міцкевіч на тэму: “Партрэт Францішка Скарыны”. Партрэт асветніка, перакладчыка і першадрукара Бібліі, які прысутнічаў з зале падчас правядзення дыктоўкі, сапраўды, з’яўляецца ўнікальным творам паводле ўсіх патрабаванняў кампазіцыі і зместу, і займае пачэснае месца ў нашай гісторыі і культуры, – адзначалася ў тэксце.

У дзень правядзення свята ў бібліятэцы для чытачоў была разгорнута выстава твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў,  а таксама прадстаўлены багаты плён беларусазнаўчай дзейнасці ксяндза-каноніка Уладзіслава Завальнюка, пробашча Чырвонага касцёла.

Выклікае вялікае маральнае задавальненне, што родная мова годна пачувае сябе ў святынях зямлі беларускай. На ёй ідзе набажэнства, прамаўляюць святары, моляцца вернікі, збіраюцца на святы прадстаўнікі культурнай інтэлігенцыі, літаратары.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0015
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3215
На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы
Грамадства

На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы

26 лістапада 2018, 09:1715
Далучайцеся да нас