АКРАЕЦ НЕБА
Калі непагадзь восеньскіх раніц
Ператворыць залевы ў нуду,
Я бясхмарнага неба акраец
Да здранцвелай душы прыкладу.
Бо староннім вачам непрыкметна
У дыярыюшы захаваў
Прамінулага жніўня праменнасць,
Што валошкай апоўдні сарваў.
Хай пранізлівы сівер шалее,
Хвошча ў твар парудзелым лісцём –
Ахіне мяне і адагрэе
Успамін бірузовым агнём.
Ён спатоліць і боль несціханы,
Як знямоглы ад стратаў і крыўд,
Перавязваючы стыгмаў раны,
Памяняю бінты на блакіт.
Навакол паняверка збірае
Душы сцьмелыя ў гразкай нудзе,
Я ж бясхмарнага неба акраец
Маю, нібы ахоўны спадзеў.
СУСВЕТ
Калі навокал бурыцца сусвет,
Які ствараў уласнаруч упарта,
Дальбог, аб гэтым сумаваць няварта –
Адкінь жалобу, напішы санет.
Хай іншыя, нібыта мурашы,
Зацята рупяцца аб новабудзе,
Але ці незадушліва ў ім будзе
Тваёй вятрамі лашчанай душы?
Бо між да неба выраслых муроў,
У цвілым валадарстве змрочных зданяў
Не ўчуеш ані спеваў, ані грання,
Ні шэпту хваляў з цёплых берагоў.
Нашто хавацца ў цені сценаў
Сусветаў ад святла праменняў?
НАВАЛЬНІЦА
Чаму маўчыш? Не пазнаю цябе:
Нямыя вусны і пагляд пагаслы,
І з-пад таненькіх броваў перавясла
Мне ў твар блішчаць не слёзы – льдзінкі дзве.
Чакала доўга? Вось я і прыйшоў.
А ты? З трымценнем у нервовых пальцах
Час бавіла самотная пасьянсам,
Варожачы на хатніх каралёў?
Хваліся, што ж, з нянавісцю сляпой,
З кім карты напрарочылі любіцца?
Якія вынікі гульні тваёй?
Але ўстаеш, каб з жарсцю прытуліцца –
Так кветкі вабяць большаю красой,
Абмытыя раптоўнай навальніцай.
ПАЛЯЦЬ ЛІСЦЕ
Як аркушы маіх гавэндаў1
Ці зацемкі календара,
Парэшткі лета неадменна
Кастрычнік нішчыць у дварах.
Злятаюць, каб узняцца дымам,
Лісткі да жарых языкоў,
Нібы на свечку херувімы
Альбо чароды матылёў.
Аднак і пад нябесным пломнем
Жаль мне душу не апячэ –
Пакуль пісаць натхняюць промні,
То будзе што паліць яшчэ.
1 Гавэнда – вершаваны твор на бытавыя альбо гістарычныя тэмы, у якім аповед ідзе ад першай асобы.
НІ З КІМ, НІКОЛІ НЕ РАЗВІТВАЙСЯ НАВЕЧНА
На ветры ў неба з далані імкнецца свечка,
Слязьмі гарачымі воск пальцы абпаліў.
Ні з кім, ніколі не развітвайся навечна,
Бо сам – часовы падарожны на зямлі.
Ні з кім, ніколі не развітвайся навечна,
Бо ты – часовы падарожны на зямлі.
Гады мінаючы, брыдзеш заўжды наперад,
Штокроку множыцца няўхільных страт цяжар,
Пакуль не ўзнікне прад вачмі расстайны бераг –
Тваіх і сподзеваў, і клопатаў мяжа.
Аднойчы ўзнікне прад вачмі расстайны бераг –
Тваіх і сподзеваў, і клопатаў мяжа.
Апошні ўздых умомант вусны абяссловіць,
Не адлюструецца аблічча на вадзе,
Вясляр панура прапануе сесці ў човен
І ў незваротнасць нетаропка павязе.
Вясляр пануры загадае сесці ў човен
І ў незваротнасць нетаропка павязе.
Туды, дзе ўжо падрыхтаваная сустрэча
З усімі, што раней раку пераплылі…
Ні з кім, ніколі не развітвайся навечна,
Бо сам – часовы падарожны на зямлі.
Ні з кім, ніколі не развітвайся навечна,
Бо мы – часовыя вандроўцы на зямлі.
ДЖАЗ ДАЖДЖУ
Па шыбах грае джаз дажджу,
Наўсцяж чуваць сінкопы кропляў,
Пляцы праз музыку прамоклі –
Па шыбах грае джаз дажджу.
Бадай, каб кожны з нас адчуў
Вастрэй, што птушак спевы змоўклі,
Па шыбах грае джаз дажджу,
Наўсцяж чуваць сінкопы кропляў.
NA KON!
(марш канфедэратаў)
Станіславу Судніку
Крыжы заззялі ўздоўж Вяллі,
Натхняючы да збройнай працы,
Бо сёння соймік ухваліў
Акт Барскае канфедэрацыі.
Дзядоўскіх звычаяў закон
Мы вернем Рэчы Паспалітай –
На бой, вяльможныя, na kon
Ад Чанстаховы да Упіты!
Імкнуцца чорныя арлы
Расцяць Айчызны нашай цела,
Аднак адвагу маем мы
І ў длонях – тронкі карабелаў1.
Калі паставілі на кон
Лёс Краю прыхадняў найміты,
На бой, вяльможныя, na kon
Ад Чанстаховы да Упіты!!
Даволі стрымлівалі гнеў –
Прыспеў час выбрацца да войска,
Няхай у бітве ахіне
Нас сцяг з выявай Маткі Боскай.
Прыспешвайма заборцаў скон
Сярод палёў, крывёй палітых, –
На бой, вяльможныя, na kon
Ад Чанстаховы да Упіты!!!
1 Карабела – шабля, якая была папулярная ў XVII-XVIII ст.ст. сярод шляхты.
НА ПЕРОНЕ
Танклявы цень твой на плячы
Маім трымціць пад ліхтарамі,
Істужка чорная шашы
Прабегла коткаю між намі.
Пралегла бурнаю ракой
Без броду і без пераправы,
У засень восені рудой
Мяне завабіўшы ў выправу.
Апоўначы пусты перон
Санліва лыпае вачыма,
Дзе несціхана, нібы звон,
Гудзе ўвушшу: “Чаму маўчым мы?” –
Да кроплі адзвінеў крышталь
Падчас вячэры развітальнай,
Не засталося слоў, на жаль,
Ні роспачных, ні суцяшальных.
Агні вакзальныя аднак
Каторы раз для нас паўтораць,
Што свет – тэатр, жыццё – бальшак,
А мы – вандроўныя акторы.
НАСЛАННЁ
Гняце хваробы насланнё,
І мне ўваччу шугаюць цені,
Учорашнія азарэнні
Гняце хваробы насланнё.
Усцяж паношыцца зданнё,
Свет, сцяты ў кропку ў ачмурэнні,
Гняце хваробы насланнё,
І мне ўваччу шугаюць цені.
ЗАЛАТЫЯ СТОДЫ
Самаабвешчаным святым,
Крый божа, некалі даць веры,
Нібыта стодам залатым,
Самаабвешчаным святым.
Тым, што змянілі храм на дым,
Вянец цярновы на галерус1,
Самаабвешчаным святым,
Крый божа, некалі даць веры.
1 Галерус (лат – galerus) – чырвоны кардынальскі капялюш, абшыты кутасамі.
З ПРАВІНЦЫІ…
1.
Воля. Вабяць вецер, далягляд шырокі.
Васількі ківаюцца з жытам ля мяжы,
А парэчкі шчодра насычае сокам,
Сонца раздабрэлае. Дык чаму не жыць
У раскошы гэтай? Ёсць хіба прычыны?
Хто, знячэўку ўбачыўшы, наглядзецца б змог,
Як збірае ў кветцы пышнае шыпшыны
Пчолка гаспадыняю слодычны пылок?
2.
Ластаўка-гарэза песціцца ў блакіце,
Працінае ціўканнем поўдня цішыню.
Толькі мне ніяк не выйдзе далучыцца –
Не ўзнясуць лятункі. На шчасце ёй махну.
Іншая бо доля. Са двара ад ганка
Сцежкай развінулася ўдалеч – не відаць,
У сівы спакой астатняга прыстанку
На зямлі, дзе выпала дыхаць і кахаць.