Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Сяржук Сыс. РОДНАЕ СЛОВА

Сяржук Сыс. РОДНАЕ СЛОВА

16 лютага 2022, 23:51 Культура 50
Сяржук Сыс. РОДНАЕ  СЛОВА

*   *   *

       Галіне

 

Калі можаш – даруй мой Калінавы мост

і начныя глыбокія рэкі.

Лепей так, за свабодай наўпрост,

як яшчэ не зрабіўся калекам.

Разумею, як цяжка, сяброўка, адной.

Дык трымайся і ведай: аблашчаным Богам

будзе некалі ў гэтай юдолі спакой…

Калі правільнай будзе дарога.

 

*   *   *

 

Пасля блуканняў зорных,

нібыта ўпершыню –

трубяць святыя горны…

А я сярод вагню.

 

Народжаны нанова

бягу-лячу ў траву,

чапляюся за словы

і мо таму жыву…

 

Каму вядома колькі –

Гадоў, сустрэч, надзей,

Калі суціхне болька:

“Які я між людзей?”

 

Ці ў скрусе я, ці ў шчасці,

Ці гаспадар, ці госць…

Ці допыт свой адкласці,

Каб быць такім, як ёсць?

Ліпень 2021 г.

 

*   *   *

 

Вось не ведаў, не гадаў:

Зноў прыгода, зноў вада.

Да ракі хацеў – дык на!

Кліча сонная Дзясна.

Гэй, сястра, дапамажы,

Ты ў далёкі край бяжыш.

Бачыш, я ў ярме-турме?

Забірай з сабой мяне.

Будзем баіць па начах

Пра цяжкі выгнанскі шлях,

Пра раскошу вольных дзён…

Дык за воляй наўздагон!

Жнівень, 2021 г.

*   *   *

 

Лёс каварны падкінуў кульбіт –

Потырч ціхая прыстань і праца.

Я цяпер Агасфер – Вечны жыд,

Мне да скону па свеце бадзяцца.

 

Што за грэх, Хрысце любы, скажы,

Учыніў недзе я несвядома?

Да Другога прышэсця крыжы

На шляху ад блуканняў дадому.

 

У валоссі сівым – каўтуны,

Цела сонцы чужыя спалілі,

І не грэюць яго лахманы,

І няма ў ім ранейшае сілы.

 

Тры ракі можа як перайду,

Тры прызначаныя рубіконы –

Адшукаю святую ваду,

І вада змые тыя праклёны.

Жнівень, 2021 г.

 

Арэлі

 

Аддаляюся – набліжаюся,

набліжаюся – аддаляюся

неба і зямля, зямля і неба

чаргуюцца – чуецца…

то не нейкі там маятнік Фуко

а мудрыя як гэты свет арэлі

якія прыводзіць у рух

хіба што пульсацыя

блізкага сэрца

Кастрычнік 2021 г.

 

Карпацкая поўня

 

Па-над вадаспадам разгульвала поўня,

Ды так нетаропка, ды так самавіта…

Хадзіла і палкія сыпала промні,

Што пырскі патоку гарэлі нібыта.

 

І так захацелася раптам дадому,

Да ціхае плыні, да люстраў-азёраў…

Даруйце, сябры, не жадаў я нікому,

Ні купінак гневу, ні злосці, ні гора!

Лістапад, 2021 г.

 

 

Дом

 

                     Ахвярую Алене Прыходзька

 

Дом, будуй-не-будуй, аніколі не будзе тваім,

А сваёй назавеш, як пашчасціць, хіба дамавіну.

Курані і харомы, і хаты – усё гэта дым…

І яны недзе ў прысаку памяці згінуць.

 

Дом знайсці – нібы донара з роднай крывёй,

І яна ад пагібелі, можа, ўратуе імгненна.

Не хваліся ніколі: “Вось гэты дом – мой”,

Бо хіба што сябры – найтрывалыя сцены.

 

Трэба шмат перажыць і згубіць па жыцці,

Ноч пражыць у сумёце зімою,

Каб дайшло – дом ты можаш знайсці

У сябрах, што яшчэ засталіся з табою.

Лістапад, 2021 г.

 

 

*   *   *

 

Абяцанкі-цацанкі, а дурню – гнілушкі,

“Трэба верыць усім” – ціха шэпча сумленне…

То й яго ўжо запхнуў я глыбей пад падушкі,

А давер да людзей стаў хімернаю ценню.

 

Мне казалі бацькі – не мані анікому,

А калі абяцаў – дык зрабі, хоць забіся…

Так і жыў, давяраючы добраму, злому,

Дараваў і дарую ім з чыстае высі.

 

Не блукаю хмызамі, бо бачу дарогу,

Па якой пілігрымам удалеч прастую

Да канца, да свайго найчысцейшага Бога,

Каб аддаць яму долю сваю несвятую.

Лістапад 2021 г.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5920
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0017
19 стагоддзе беларускай мовы
Мова

19 стагоддзе беларускай мовы

7 верасня 2020, 09:0815
Далучайцеся да нас