Да 100-годдзя з дня заснавання
Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта)
Інстытут беларускай культуры пачаў сваё існаванне на пачатку 1922 года, замяніўшы сабой Навукова-тэрміналагічную камісію. Як адзначаў першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, фактычнае існаванне ўстанова пачала напрыканцы 1921-га. Паводле звестак, ІБК мусіў мець у сваім складзе сем секцый. Аднак стварылі толькі дзве: этнолага-лінгвістычную (са слоўнікавай, тэрміналагічнай і літаратурна-даследчай камісіяй) і прыродазнаўчую (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). У 1923-1924 гадах з’явіліся агранамічная, прыродазнаўчая, медыцынская, педагагічная, медыка-ветэрынарная і сацыяльна-эканамічная секцыі, а гэтаксама секцыі этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права.
Да канца 1929 года ў Беларусі было восем акруговых, 100 раённых, 96 мясцовых, 97 школьных і краязнаўчых таварыстваў з 10 500 членаў. Краязнаўцы сабралі вялізарны матэрыял, выдалі каля 20 папулярных прац. З 1925-га выходзіў часопіс “Наш край”, які адыграў важную ролю ў вывучэнні роднага краю. ІБК правёў Першую Усебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Падтрымліваў сувязі з АН СССР, АН УССР, замежнымі даследчымі навуковымі ўстановамі.
13 кастрычніка 1928-га года пастановай ЦВК і СНК БССР ІБК рэарганізаваны ў АН БССР.
ЛАБІРЫНТЫ ВАЦЛАВА ЛАСТОЎСКАГА
ВІЗІТНАЯ КАРТКА, Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі нарадзіўся 8 лістапада 1883 года ў засценку Калеснікі Дзі-сенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебшчыны) у сям’і беззямельнага шляхціца. Цягам амаль чвэрці стагоддзя яго імя не сыходзіла са старонак перыядычнага друку. Паплечнік Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, ён быў адным з ідэолагаў утварэння незалежнай Беларусі. З’яўляўся прэм’ер-міністрам абвешчанай у 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Быў адным з першых дырэктараў Беларускага дзяржаўнага музея, правадзейным членам Інстытута беларускай культуры, адным з першых акадэмікаў нашай Акадэміі навук. Актыўны грамадскі і дзяржаўны дзеяч, Ластоўскі паказаў сябе выдатным пісьменнікам, публіцыстам, крытыкам і гісторыкам. Працаваў сакратаром “Нашай нівы”. Рэдагаваў “Саху”, “Гоман”, “Беларускі сцяг” і “Крывіч”. Першы літаратурны твор (апавяданне-абразок “Нарадзіны”) “Наша Ніва” надрукавала 19 лістапада 1909 года.
РЭФАРМАТАР ПРАВАПІСУ
СЛЫННЫ творца выявіў сябе і як мовазнаўца, філолаг, фалькларыст, этнограф і перакладчык. Даследчыкі ягонай творчасці Язэп Янушкевіч і Міхась Мушынскі, іншыя літаратары, якія не так аб’ёмна, але не менш цікава распавядаюць пра Власта (гэта першы вядомы псеўданім майстра), адзначаюць: як мовазнаўца, ён бярэ пачатак “ад 1902 году”, калі стаў занатоўваць “цікавыя” словы. Дарэчы, у названым годзе актывіст уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве. Спачатку ён запісваў цікавінкі для сябе, бо вельмі ж “асабіста цікава было слова само па сабе”. Прыроджанае моўнае чуццё і яркія літаратурныя здольнасці Вацлава дапамаглі яму стварыць вядомы “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” памерам каля 17 тысяч артыкулаў. Ён быў шмат у чым аўтарскім, з выразнымі індывідуальна-творчымі рысамі. Гэтым выданнем і самай славутай сваёй “Гісторыяй беларускай (крыўскай) кнігі” аўтар спяшаўся задаволіць надзённы попыт. Больш нарматыўныя “Беларуска-расійскі слоўнік” і “Расійска-беларускі слоўнік”, складзеныя слыннымі майстрамі Міколам Байковым і Сцяпанам Некрашэвічам, з’явіліся значна пазней. Як мовазнаўца, Ластоўскі выявіў сябе і ўвосень 1926-га, падчас правядзення Інбелкультам навуковай канферэнцыі па праблемах рэформы беларускага правапісу.
Працуючы над слоўнікамі, Вацлаў Юстынавіч і сам шмат перакладаў. Яшчэ ў 1910-я гады ў ягоным перакладзе з польскай выйшлі “У зімовы вечар: Сцэна з сялянскага жыцця” пісьменніцы беларускага паходжання Элізы Ажэшкі, апавяданне паэта, празаіка і драматурга Казімежа Тэтмаера “Спалгіны”, “жарт” Людвіка Валодскага “Як яны жаніліся” і іншыя творы. Еўрапейскіх моў пісьменнік не ведаў. Але гэта не перашкаджала яму “ўводзіць у сілавое поле роднай літаратуры” здабыткі сусветнай культуры – казкі Ганса Хрысціяна Андэрсена “Свінапас”, “Каралеўна на гарошыне”, стараісландскую легенду “Страхапалох”, апавяданне Рэдз’ярга Кіплінга “Мы ўсе трое – адно”. Увогуле ж у актыве пісьменніка значацца празаічныя і паэтычныя пераклады з ведыйскай (сучаснай індыйскай), ангельскай, дацкай, ісландскай, польскай, рускай, фінскай і эстонскай моў.
Ластоўскі раскрыў сябе і як выдатны мемуарыст. Даследчыкі падкрэсліваюць, што ягоныя каларытны ўспаміны пра ўласнае маленства і вучобу “жыва і ярка дапаўняюць воблік беларускага мястэчка канца XIX стагоддзя”. “Старабеларуская вясковая школа” і “Успаміны з нядаўняй мінуўшчыны” даносяць да нас шматлікія звычаі і абрады. Цяпер яны, на вялікі жаль, не захаваліся. А літаратурныя ўспаміны пра Янку Купалу і Максіма Багдановіча, якія прысвяцілі аўтару свае вершы, ўзнаўляюць легендарную творчую атмасферу часоў “Нашай Нівы”, робяць жывой постаць вялікага песняра, набліжаюць да нас ва ўсёй велічы загадку Максіма. Адначасова нельга не адзначыць і такія факты. Віленская беларуская газета “Гоман”, якую ў свой час Ластоўскі ўзначальваў, апублікавала невядомыя аўтографы Багдановіча. Выцягнула з небыцця імя Альгерда Абуховіча, упершыню надрукаваўшы ягоныя найкаларытнейшыя і беспрэцэндэнтныя беларускамоўныя мемуары. Зноў-такі, упершыню шырока пазнаёміла беларускага чытача з постаццю Кастуся Каліноўскага і ягонымі “Лістамі з-пад шыбеніцы”. Пры гэтым рэдактар працягваў друкаваць свае гістарычныя матэрыялы “Лісоўшчыкі”, “Сялянскія “рэспублікі” канца XVІІІ cт. у Беларусі і Літве”, “Абычаёвае права беларускага сялянства”, “Рэфармацкі рух на Беларусі” ды іншыя.
Аўтар апавяданняў і артыкулаў пра Сяргея Палуяна, Паўлюка Багрыма, Васіля Цяпінскага здолеў пазначыць і “вынесці на шырокі свет” шляхі беларускай рукапіснай і друкаванай кнігі. Вярнуць у гісторыю Бацькаўшчыны выданні, занесеныя ў чужыя аналы. Складзены ім пад адной вокладкай агляд звыш тысячы важнейшых грамат, рукапісных і старадрукаваных кніг, пабачыўшых свет з X па XIX стагоддзе пад назвай “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, стаў капітальным даследаваннем. Як і слоўніку, матэрыялы да якога збіраліся цягам 20 гадоў, так і гэтаму выданню літаратар аддаў не адно дзесяцігоддзе свайго неспакойнага, складанага жыцця. У 13 гадоў ён прайшоў пехатой амаль 75 кіламетраў да чыгункі і з’ехаў у Вільню, дзе працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы. Пасля ўладкаваўся канцылярыстам у Шауляі, а праз які час – бібліятэкарам студэнцкай бібліятэкі ў Пецярбурзе, наведваючы там універсітэцкія лекцыі. Рабіў канторшчыкам на таварнай станцыі ў Рызе, дзе працягваў займацца самаадукацыяй і далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадскага і культурнага руху, уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. Быў зняволены польскімі буржуазнымі ўладамі. Заўважу, што першай палітычнай арганізацыяй, якая выявіла талент Ластоўскага – ідэолага стала “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі”. Ад яе імя ў 1916 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Лазане прагучаў “Мемаран-дум прадстаўнікоў Беларусі”. Той жа ідэяй – быць незалежнымі ў сваіх этнаграфічных межах – Ластоўскі кіраваўся напрыканцы студзеня 1917-га разам з іншымі патрыётамі і на канферэнцыі беларускіх арганізацый у Вільні, дзе ўтварылі віленскую Беларускую раду, ад якой пісьменнік быў кааптаваны ў склад Рады БНР. Са снежня 1919-га па красавік 1922-га ён з’яўляўся старшынём Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Як вядома, у Вільні напачатку 1520-х гадоў Францішак Скарына заснаваў першую ва Усходняй Еўропе друкарню.
ДАСЛЕДЧЫК СКАРЫНЫ
ГЛЫБОКА сімвалічна, што менавіта Ластоўскаму належыць першае ў беларускай культуры мінулага стагоддзя выдатнае даследаванне пра нашага полацкага генія – “Доктар Франціш Скарына”. Ён напісаў гэты грунтоўны агляд дзейнасці першадрукара ў 1925-м да 400-годдзя беларускага друку ў Вільні. Каб годна адсвяткаваць згаданы юбілей – сам узначаліў камітэт па яго падрыхтоўцы і правядзенні. Стварыў сцэнічны эпізод з жыцця Скарыны “Адзінокі”, якім выявіў яшчэ адну грань свайго багатага таленту – драматургічную.
Амаль ва ўсёй шматграннай дзейнасці ён быў першаадкрывальнікам. Самым буйным сваім мастацкім творам, легендарнай аповесцю “Лабірынты”, паклаў пачатак новаму жанру ў сусветнай літаратуры – сінтэтычнаму раману, кшталту тых, што стварыў пазней вядомы ва ўсім свеце італьянец Умберта Эка, аўтар “Імя ружы”. Гэта падкрэсліў у сваёй анатацыі выбраных твораў Ластоўскага, што выйшлі тры гады таму ў новай серыі “Мая беларуская кніга”, пісьменнік і даследчык Пятро Васючэнка, які ўваходзіць у рэдакцыйную раду.
Расповед у “Лабірынтах”, якія можна назваць і дэтэктывам, і фантастыкай, і інтэлектуальнай прозай, і містыкай, вядзецца ад аўтарскага імя. “Ад некалькіх гадоў стала ў мяне звычаем выязджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для пазнання роднае старасвеччыны”, – так на самым пачатку акрэсліваецца галоўнае захапленне няўрымслівага шукальніка сівой даўніны, якое прыводзіць яго ў старажытны Полацк. Там ён знаёміцца з сябрамі так званай Археалагічнай Вольнай Контэр-фратэрніі.Яны заўзятыя аматары роднай старасветчыны. З іх вобразаў можна меркаваць, што падзеі адбываюцца ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў, у дарэвалюцыйныя часы. “Адзін з іх быў мясцовы чыноўнік, абруселы немец, якога я знаў з брашуры, напісанай ім калісь, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкае кар’еры русіфікатарства. У гэтай брашуры ён задаваўся мэтай давесці, што па-расейску трэба пісаць названне горада не “Полоцк”, а Полотск” і што, быццам, у гэтым перайменаванні старой назовы крыўся сам цэнтр “абрусення краю”. Душою гуртка гісторыкаў-краязнаўцаў з’яўляўся аматар-археолаг Іван Іванавіч, на запрашэнне якога і прыехаў у Полацк галоўны герой. Размовы ўдзельнікаў гуртка захапляюць сваімі глыбокімі пазнаннямі з гісторыі роднай зямлі. Яны закранаюць і перасяленне плямёнаў яцвягаў, і культуру Старажытнай Грэцыі, Індыі, Рыма, Егіпта, і скарбы знакамітай полацкай бібліятэкі, якую, “здабываючы Полацк у 1572 годзе, шукаў Іван Грозны і не знайшоў”. Сярод манускрыптаў, апраўленых ў шырокія, драўляныя, абцягнутыя скурай пераплёты, нібыта захаваліся і летапіс Полацкага княства, пісаны рукой Св. Ефрасінні, і “праўдзівы экземпляр “Аповесці мінулых часоў”, і “ўласнаручныя пісанні братоў Кірыла і Мяфодзія, Візантыйскія хра-нографы…”.
Энцыклапедычнымі ведамі ў стане суразмоўцаў вылучаўся “мясцовы полацкі мешчанін Грыгор Н., маўклівы, сівавусы старац, які ўпарта гаварыў толькі па-беларуску, а часам прытвараўся, што не разумее некаторых слоў па-расійску і, па некалькі разоў перапытаўшы, паўтараў слова ў перакладзе на беларускую, з асаблівым на яго націскам” Калегі надзялілі яго мянушкай “Падземны Чалавек”, бо “ніхто не мог так заварожліва апавядаць дзівосныя легенды аб падземных хадах і дзівах, скрытых у іх”. Гамонка бяседнікаў зацягнулася да позняй ночы, але, развітаўшыся з усімі і вярнуўшыся ў свой нумар атэля, галоўнаму герою не суджана было спакойнага адпачынку. Першы ягоны сон стрывожыў ціхі стук у акно. Гэта быў “Падземны Чалавек”, які таямніча прызнаўся, што даўно ведае ход у схаваную бібліятэку і прапанаваў пайсці агледзець падземныя скарбы. Калі нарэшце начныя вандроўнікі дабраліся да першага шырокага падзямелля, дзе стаяла дубовая труна-корст, яны прачыталі на ёй надпіс, зроблены “глаголіцкімі” літарамі. “Я, Ярамір, ходы гэтыя працай многай утварыў і дэманаў пяці, моцай слоў тайных, на пілнаванне давечнае ўвязаў тут. Хай унасячага сюды прапусцяць, а на вынасячым споўніцца слова”. Праваднік запатрабаваў ад галоўнага героя ўрачыстай прысягі: “Акром мяне, з жывых, ніхто не ведае аб гэтым ходзе. Ты другі будзеш ведаць аб ім і перадасі патомным”. Калі ў гулкім падзямеллі гучалі хвалюючыя словы, раптоўна патухае свечка. Пасля вялікіх намаганняў, адшукаўшы сернікі і запаліўшы агонь, перад вачыма аўтара-героя паўстала крывавая сцэна смерці “Падземнага Чалавека”.
У пошуках выйсця з падзямелля галоўны герой сустракае… жывую постаць з абліччам… Івана Іванавіча. Высвятляецца, што і цяпер у глыбокіх пячорах пад паверх-няй зямлі жывуць далёкія продкі. Наступныя дзівосныя прыгоды і аповеды пра іх знаходжанне паўстаюць нібы працяг дзённай размовы на кватэры ў Івана Іванавіча і выглядаюць досыць рэалістычнымі. Пераканаўчасць ім надаюць глыбокія веды аўтара, якімі валодаў слынны ідэолаг нашага нацыянальнага адраджэння. Насычаныя нястрымнай гістарычнай фантазіяй, “Лабірынты” сталі бяс-спрэчнай вяршыняй яго празаічнай творчасці Новае, што наогул ён прынёс у беларускую літаратуру – гэта глыбокае веданне айчыннай гісторыі, распрацоўка гістарычных сюжэтаў, у ліку якіх “Каменная труна”, “Разбойнік”, “Князёўна Рагнеда”, “Часы былі трывожныя”, “Векавечная мяжа” і “Бяздоннае багацце”. Гістарычныя рэмінісцэнцыі моцна гучаць такіх творах, як “Беларускі радавод”, “Паншчына”, “Мікалай Галубовіч”, “Троцкі замак”, “Брацкія кнігі”. Дарэчы, у “Выбраным”, крамя “Лабірынтаў” надрукавана 12 апавяданняў, 28 легенд, казак і прыпавесцяў. Багацце задум і тэм, якія ўводзіў ва ўжытак Ластоўскі, узбагачвала іншыя жанры айчыннага мастацтва. Пачынаючы драматург Францішак Аляхновіч на падставе апавядання “Каменная труна” стварыў гістарычную драму “Бутрым Няміра”. Яна не адно дзесяцігоддзе мела вялікі поспех на сцэне.
Ідэю змагання за незалежнасць Ластоўскі працяг-ваў сцвярджаць і ў сваіх вершаваных радках. Як паэт, дэбютаваў на пачатку 1922-га ў першым нумары часопіса
“Беларускі сцяг”:
Наперад, змагарна наперад!
Да волі цярэбячы троп,
Штодзённа ўскіпаем мы гневам
I помсту шлюбуем па гроб!
Нахрапнаю крыўдай не ўздзержыць
Вам вольны ў кайданах прастор:
З дум горкіх, з сэрц нашых гартоўны
Скуем мы з праклёнам тапор.
Паэзія, як ўся яго літаратурная творчасц майстра, скразным лейтматывам праводзіла ідэю служэння роднай Бацькаўшчыне. Вершаў на рахунку ўсяго каля чатырох дзесяткаў, але ўсе яны адметныя, своеасаблівыя і арыгінальныя.
РАССТРАЛЯНЫ ПАТРЫЁТ
ПРАЗ год пасля пераезду з Літвы ў Менск, у 1928-м, Вацлаў Ластоўскі стаў, не маючы афіцыйна нават сярэдняй адукацыі, акадэмікам БелАН. Быў неадменным сакратаром Інбелкульта. Рэдагаваў “Працы кафедры этнаграфіі”. Працаваў у “Камісіі жывой беларускай мовы”. Уваходзіў у “Камісію па ахове помнікаў старасветчыны ў БССР”. Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны рэспублікі, падчас адной з якіх быў знойдзены Крыж Еўфрасінні Полацкай. У лістападзе 29-га яго вызвалілі з акадэмічнай пасады, а ў ліпені 30-га арыштавалі па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Утрымлівалі ў турмах Масквы і Менска. Пазбавілі звання акадэміка. Фармальнай прычынай стала публікацыя артыкула доктара славянскай гісторыі і філалогіі Яна Станкевіча “Дыспалаталізацыя і ў беларускай мове” ў “Запісках аддзела гуманітарных навук”, якія выдаў Інбелкульт. У красавіку 31-га 48-гадовага выбітнага вучонага выслалі ў Саратаў, дзе ён загадваў аддзелам рэдкіх рукапісаў бібліятэкі мясцовага ўніверсітэта. У жніўні 37-га патрыёта Бацькаўшчыны арыштавалі паўторна, а ў студзені 38-га прыгаварылі да расстрэлу “як агента польскай разведкі і ўдзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі”. Па першым прысудзе рэабілітавалі ў 88-м, па другім – на 30 гадоў раней. У 1990-м Вацлава Ластоўскага аднавілі ў званні акадэміка. “Хто не шануе родную мову, – гаварыў Ластоўскі ў сваёй кнізе “Што трэба ведаць кожнаму беларусу”, – той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў, – бацькоў, якія гэтай мовай гаварылі. А хто саромеецца свае мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся, бо саромеючыся роднае мовы, ён крыўдзіць не толькі дзядоў – бацькоў сваіх, але і ўвесь народ”. Давайце прыслухаемся…