Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Полацку рыхтуюцца да пачэсных юбілеяў

У Полацку рыхтуюцца да пачэсных юбілеяў

13 лютага 2022, 08:23 Культура 34
У Полацку рыхтуюцца да пачэсных юбілеяў

У Полацкім музеі кнігадрукавання рыхтуюцца адзначыць 500-годдзе кнігадрукавання на землях ВКЛ і 500-годдзя “Малой падарожнай кніжкі” шэрагам мерапрыемстваў і правядзеннем выставы “Кніжка маленькая, а справа вялікая”.

Пра гэта распавяла загадчыца Полацкага музея кнігадрукавання Славіна Вячаславаўна Гаўрылава.

– Наш музей быў адчынены 8 верасня 1990 года да 500-годдзя з дня нараджэння асветніка і першадрукара Францішка Скарыны, яго адкрываў Анатоль Іванавіч Бутэвіч. На адкрыцці прысутнічаў нашчадак першадрукара Стэнлі Скарына і іншыя ганаровыя госці. Звычайна скарынаўскія дні праводзяцца ў нас у верасні, калі мы запрашаем навучэнцаў навучальных  установаў наведаць наш музей. Сёлета мы плануем адкрыццё запланаванай выставы “Кніжка маленькая, а справа вялікая” ў жніўні.

Наша мэта – папулярызаваць больш за 1400 прадметаў з фондаў Нацыянальнага полацкага гістарычна-культурнага музея-запаведніка, звязаных з Ф. Скарынам, Скарыніянай і творчасцю беларускіх пісьменнікаў. Адна з залаў захоўвае копіі кніг Ф. Скарыны, выявы гарадоў, дзе ён жыў і працаваў – Полацка, Кракава, Прагі, Вільні. У іншай зале прадстаўлены даследванні і выданні розных часоў, прысвечаныя першадрукару: пачынаючы з кнігі 1888 года выдання расійскага славіста Пятра Уладзімірава, творы В. Ластоўскага і кнігі А. Клышкі.

Але ў нашым Музеі дэманструецца толькі копія “Малой падарожнай кніжкі”.  А сама кніга захоўваецца ў калекцыі  “Белгазпрамбанка”, у нас яна дэманстравалася ў 2017 годзе.

Самай старой кнігай, якая ў нас знаходзіцца, з’яўляецца выданне 1558 года Джаралама Фалеці “12 прамоваў”, якое паходзіць з друкарні Альдаў  у Італіі, дзе авалодваў майстэрствам кнігадрукавання Францішак Скарына.

Мы таксама расказваем нашым гасцям пра знакамітых асобаў, народжаных у нашым горадзе.

Ураджэнцамі Полацка з’яўляюцца Уладзімір Арлоў  і Навум Гальпяровіч, ганаровымі грамадзянамі горада былі пісьменнік Алесь Савіцкі, мастачка Нэлі Шчасная і іншыя выбітныя асобы. На Полаччыне пачынаў журналісцкую дзейнасць паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Мікалаевіч Бураўкін.

Сёлета будзе адзначацца шэраг важных юбілеяў: 210- годдзе Полацкай езуіцкай акадэміі, 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы, 1030 гадоў  існавання праваслаўя на беларускіх землях. Да гэтых падзей мы плануем праводзіць мерапрыемствы і выставы. Для школьнікаў і студэнтаў у нас пастаянна праходзяць заняткі, лекцыі, экскурсіі па музеі, – распавяла спадарыня Славіна Гаўрылава.

– Наш музей беларускага кнігадрукавання з’яўляецца  адным з 11 музеяў Нацыянальнага Полацкага гістарычна-культурнага музея-запаведніка, якія варта наведаць. Ён знаходзіцца ў былым жылым корпусе Богаяўленскага манастыра ХVI стагоддзя. У зборы экспанатаў прымалі ўдзел кнігазнаўцы, пісьменнікі, літаратуразнаўцы, мастацтвазнаўцы, супрацоўнікі буйнейшых бібліятэк і музеяў былога СССР, у тым ліку А. Мальдзіс, А. Петрашкевіч, В. Чамярыцкі, Л. Уладзіміраў, А. Цеханавецкі, М. Нікалаеў. Вялікую ролю ў фарміраванні музейных фондаў адыграў багаты кнігазбор журналіста А. Матусевіча.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0416
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3215
Далучайцеся да нас