Шаноўныя сябры! Набліжаецца Міжнародны дзень роднай мовы, а з ім 15-я Агульнанацыянальная дыктоўка. Узнікае пытанне, што і як рабіць. Адказ просты, як лом – праводзіць!
Але як праводзіць, калі асноўны ініцыятар гэтых мерапрыемстваў – ТБМ – больш не дзейнічае? Адказ – хто як можа!
У Гарадзенскай вобласці пытанне мяркуецца вырашаць наступным чынам.
Тэксты для дыктоўкі рыхтуе Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, як, зрэшты, і многія гады да таго. Сёлета яны будуць прымеркаваны да 500-годдзя выдання “Малой падарожнай кніжыцы” Францішка Скарыны і 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Тэксты будуць апублікаваны ў наступным нумары “Нашага слова”.
У папярэднія гады ініцыятарам Агульнанацыянальных дыктовак у Гарадзенскай вобласці выступала Лідская гарадская арганізацыя ТБМ. Яна рассылала лісты ў розныя інстанцыі. Лідскія раённыя і Гарадзенскія абласныя ўлады падтрымлівалі, і дыктоўка крочыла “па градах і весях”, ахопліваючы да 220 населеных пунктаў Гарадзенскай вобласці.
Сёлета ТБМ няма, таму ганаровы абавязак даць старт 15-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы бярэ на сябе Лідскі райкам БРСМ. Лідскі БРСМ актыўна прымаў удзел у мінулых дыктоўках, а сёлета з радасцю прыняў ролю завадатара. Цяпер БРСМ будзе рассылаць лісты ва ўсе інстанцыі вобласці. І будзем спадзявацца, што ўсё атрымаецца, тым больш, што Дзень роднай мовы стаіць у планах усіх арганізацый культуры і адукацыі Лідскага раёна, а магчыма, і іншых раёнаў вобласці.
Што ў іншых мясцінах? Маем цвёрдую надзею, што ўсё складзецца ў Нясвіжы, будзем імкнуцца падняць яшчэ некаторыя раёны. Менск, па звестках будзе рабіць упор на ан-лайн дыктоўку.
Таму, шаноўныя сябры, былыя ТБМ-аўцы і не толькі! Шукаем магчымасці, шукаем шляхі, шукаем сяброў і паплечнікаў, шукаем спрыяння ва ўладных структурах. Працуем.
Станіслаў Суднік.