Аляксандр Талерчык, краязнавец, індывідуальны прадпрымальнік, з жонкай Тамарай стваральнік Гарадзенскага ТБШ, сябар БНФ, ТБМ, сціплы і шляхетны беларус нарадзіўся 26 снежня 1931 года ў в. Парэчча Слонімскага раёна, у сялянскай сям’і. Па дакументах нарадзіўся на год пазней…
…Бацькі Аляксандра Сямёнавіча вярнуліся з высялення-бежанства (Расіі) пасля І Сусветнай вайны ў 1922 годзе. Пасля падзелу Беларусі паміж суседзямі малая бацькаўшчына стала часткай Польшчы. Сям’я цяжка працавала, плаціла падаткі, хоць і не малыя, але цярпімыя. Фактычна падатак быў адзін – грашыма. Праўда, павінны былі таксама адпрацаваць на работах па будаўніцтве дарог паміж вёскамі – шараварак. Выпівалі, па звестках Аляксандра Талерчыка ў год тры разы – на Каляды, Вялікдзень і Троіцу. Рабілі з раніцы да позняга вечара. Што датычыць беларускага нацыянальнага руху на Слонімшчыне, то ён ва ўсе часы быў даволі моцны, пры польскай адміністрацыі таксама. Беларусы дамагліся праз лісты, актывістаў і бацькоў адкрыцця беларускіх школ, але паціху польскія ўлады іх пазакрывалі. Цікава, што амаль праз 100 гадоў усё паўтарылася ізноў- закрыццё беларускіх школ, ТБШ, калі незалежную Беларусь вырашылі інтэграваць іншыя суседзі і іх мясцовыя паплечнікі, яна стала часткай т.зв. “саюзнай дзяржавы” з адной дамінантнай вялікадзяржаўнай мовай і культурай. Акрамя Беларусі, кіраўніцтва іншых рэспублік былога СССР-СНГ не хітравала, для замены роднай мовы на дзяржаўнасць рускай мовы не падманулася…
…1 верасня 1939 года, у першы дзень ІІ Святовай вайны, маленькі Аляксандр пайшоў у Парэцкую школу ў першы клас (4-х класная польская школа). З прыходам Саветаў хадзіў у Слонім, сустракаў з бацькам савецкую армію. У кастрычніку-лістападзе 1939 года прадоўжыў вучобу ў 1 класе, дзе вучылі ўжо на роднай мове, па-беларуску. Буквароў па-беларуску не хапала, было 2 ці 3 на клас (каля 20 дзяцей). Першую настаўніцу Саветы пазней арыштавалі. У былой польскай школе большасць настаўнікаў была беларусамі, таму пасля ўз’яднання Беларусі засталася тут працаваць. Пры паляках, як успамінаў Аляксандр Сямёнавіч, польскай мовы малыя дзеці не ведалі зусім, то вучыцца па-польску было вельмі цяжка, хоць настаўніца і перакладала дзецям на беларускую. За правіннасць білі лінейкай па руках, пры Саветах ужо не чапалі. Падаткі пры Саветах сталі большымі, 5-6 відаў падаткаў (натуральныя, грашовыя і адпрацовачныя). Старэйшыя людзі, якія былі ў час першай Сусветнай вайны ў высяленні-бежанстве ў Расіі, бачылі, колькі мінусаў было ў гаспадарцы Расіі ў параўнанні з Польшчай. З прыходам Саветаў, усіх вяскоўцаў трохі ўразіў выгляд і адзенне новых гаспадароў Беларусі. Жыццё было няпростае, што пры паляках, што пры рускіх саветах, пры апошніх нават цяжэй… З’явілася і першае прапагандысцкае савецкае кіно (людзі па сцяне бегалі, тлумачылі малым дзецям бацькі, што такое кіно). Недахопы эканамічнага развіцця кіраўніцтва СССР тлумачыла сялянам шкодніцтвам унутраных і замежных ворагаў і прапагандай. Малым школьнікам кіно давалі глядзець бясплатна, дзецям любое кіно падабалася.
З прыходам немцаў у 1941 годзе, у той жа школе, тыя ж настаўнікі працягвалі вучыць па-беларуску, партрэтаў Гітлера ў класе не было. Трэці клас Аляксандр закончыў у Парэччы, чацвёрты – у Слоніме, бо партызаны ў Парэччы спалілі школу і народны дом, баяліся, што немцы паліцэйскі гарнізон тут зробяць. З Парэчча ў Слонім было 7 км. Пяты клас закончыў пры Саветах (першая беларуская школа №1) у Слоніме. Спачатку ўсё было па-беларуску, а ў сярэдняй і старэйшай школе было ўжо шмат настаўнікаў з Расіі, яны мовы не ведалі і выкладалі па-руску. Паступова школа русіфікавалася. У 1950 скон-чыў школу, у сваім класе быў адзін з лепшых вучняў па матэматыцы. Хацеў паступаць на матэматычны факультэт БДУ, але родзіч стрыечнай сястры матываваў паступаць у Політэхні-чны інстытут на самыя папулярныя тады факультэты “тэхналогія машынабудавання”, ці “энергафак”. Паступіў, бо добра ведаў матэматыку і іншыя прадметы, акрамя нямецкай. Студэнтамі сталі на курсе толькі 4 хлопцы з вёсак, астатнія – гарадскія. Пры Хрушчове ўсіх вясковых хлопцаў “дабраахвотна” перавялі на сельскагаспадарчы факультэт, з якога потым утварыўся Менскі сельскагаспадарчы інстытут, пазней – універсітэт. У 24 гады, пасля заканчэння ВНУ, накіравалі галоўным інжынерам у МТС (Рышчыцы) каля Слоніма. Электрычнасці там не было. Паліва было дэфіцытам, яго часта выменьвалі на гарэлку ў вайсковых савецкіх частках. Такар-ны станок працаваў ад фізічнай сілы двух маладых хлопцаў. Трактары былі дрэнныя, а калі пачалі паступаць нашы “Беларусы”, то з імі стала нашмат менш праблемаў. Праз тры гады ажаніўся з Тамарай Васільеўнай Падковіч, якая ў 1953 г. скончыла СШ № 1 у Слоніме, потым атрымала вышэйшую адукацыю ў Менскім інстытуце замежных моў (англафак) і выкладала ў Шылавічах, каля Слоніма. У гэты ж час маладога Аляксандра Сямёнавіча запрасілі на пасаду галоўнага інжынера сельскай гаспадаркі ў Гародню. Праз нейкі час яго накіравалі на тры гады ў Карэліцкі раён, пазней вярнуўся ў Гародню працаваць у “Сельгастэхніку” на вул. Суворава, потым працаваў намеснікам кіраўніка трэста меліярацыі. З 1994 года і да 2013 Аляксандр Сямёнавіч працаваў індывідуальным прадпрымальнікам у галіне экалогіі.
Калі пачалася перабудова, за ёй прыйшла і мяккая беларусізацыя. Жонка, Тамара Васільеўна, выкладчыца нямецкай і ангельскай мовы, на пятым дзясятку гадоў скончыла яшчэ і бела-рускае аддзяленне філфака ГрДУ імя Я. Купалы. Любоў да роднай мовы яна захавала з дзяцінства. Гэтую любоў да мовы яна прышчапляла і іншым. Калі ў Гародні ўтварыўся клуб “Паходня” яна актыўна ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах разам з Аляксандрам Сямёнавічам. Па традыцыі, кожны новы чалавек клуба “Паходня” павінен быў расказаць пра сябе нешта цікавае. Аляксандр Сямёнавіч расказаў пра сваё роднае Парэчча і легендарнага Міхала Валовіча, пра пана, што быў за простых мужыкоў. Тут М. Ткачоў і матываваў Аляксандра Сямёнавіча, каб ён нешта напісаў пра М. Валовіча і сваю вёску Парэчча…
Пачалася праца над кнігай, разам з ёю прыйшла любоў да беларушчыны і сапраўдная свядомасць. Быў 10-гадовы перыяд пошуку неабходных матэрыялаў у архівах. Колькі там было новага і цікавага, некранутага даследчыкамі! Сустракаўся з У. Арловым для кансультацый па напісанні кнігі, з іншымі вядомымі людзьмі. З С. Шарэцкім, з якім пасябраваў яшчэ падчас працы ў Карэліцкім раёне, калі той узначаль-ваючы калгас і моцна крытыкаваў партыйнае раённае кіраўніцтва. У час выпадковых сустрэ-чаў у цэнтры горада ў яго гарэлі вочы, калі расказваў аб новых знойдзеных матэрыялах для будучай кнігі. Як гэта важна, што ён пакінуў нашчадкам кнігу пра сваю малую Радзіму – Па-рэчча і выбраных асобаў: пана Валовіча, настаўніка са сваёй школы, які пакінуў вялікі след, і святара са Слонімшчыны. Разам з сябрамі клуба “Паходня” Талерчыкі актыўна ўдзельні-чалі ў экскурсіях, аднаўлялі беларускія святы, нацыянальныя танцы і песні, прыбіралі могілкі беларускіх грамадска-культурных дзеячоў. Аляксандр Сямёнавіч прымаў актыўны ўдзел і ў палітычным жыцці горада і краіны – перадвы-барных сустрэчах і агітацыі за дэмакратычных кандыдатаў, паседжаннях Рады БНФ “Адраджэнне”. Разам з А. Пяткевічам ён уваходзіў у склад абласной выбарчай камісіі ад дэмакра-тычных сіл па выбарах першага Прэзідэнта Беларусі ў 1994 г. За выкрыццё фальшу ў час выбараў яго выключылі са складу выбарчай камісіі. Аляксандр Талерчык стаў фундатарам па ўсталяванні помніка на беразе Шчары свайму славутаму земляку М. Валовічу, які хацеў вы-зваліць сялян ад прыгнёту і які загінуў у Гародні (р-н пр. Касманаўтаў і вул. Парахавой) на шыбеніцы 2 жніўня 1833 г. Аляксандр Талерчык спрабаваў актывізаваць праваслаўных сяброў часцей наведваць службу па-беларуску ў гарадзенскім саборы Усіх Беларускіх Святых на праспекце Янкі Купалы. Удзельнік шматлікіх культурна-асветных мерапрыемстваў. Раней, у 1996г Аляксандр Сямёнавіч разам з іншымі гарадзенцамі прымаў удзел у дэманстрацыі ў Менску, калі дэмакратыя канчаткова саступіла месца дыктатуры, быў моцна збіты міліцыяй, тады было збіта шмат гарадзенцаў. Моцна збілі і Рыгора Фарманяна, якога з разбітай перабінтаванай галавой і акрываўленай кашуляй перад натоўпам міліцыі паказалі ўсе буйнейшыя тэлеканалы свету. Армянін, сябра ТБМ і БНФ Рыгор Фарманян памёр некалькі гадоў назад, пахаваны ў Скідзелі. У цяжкі перыяд культур-нага адраджэння краіны і наступу савецкай імперыі супраць роднай мовы сям’я Талерчыкаў мужна ўзяла на сябе адказнасць у папулярызацыі беларускай адукацыі ў Гародні, Тамара Талерчык разам з Аляксандрам Сямёнавічам праявілі незвычайны патрыятызм і любоў да роднай мовы, калі вырашылі аб’яднаць неабыякавых гарадзенскіх настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ, каб стрымаць працэс русіфікацыі беларускіх гарадзенскіх школ. Было створана ТБШ, абрана кіраўніцтва. Кіраўніком стаў А. Мілінкевіч. Намеснікам па Ленінскім раёне стала Т. Талерчык. Кастрычніцкі раён даверылі аўтару гэтых радкоў. Ішла шматгадовая праца з бацькамі, школьнікамі, чыноўнікамі, дэмакратамі, яна працягвалася да самага скасавання ТБШ і ТБМ… У 2012 годзе адышла ў лепшы свет Тамара Васільеўна, але распачатая Талерчыкамі справа ТБШ жыве ў сэрцах сяброў ТБМ.
5 траўня 2016 г. перастала біцца сэрца Аляксандра Сямёнавіча, ён моцна быў звязаны са сваёй другой паловай – Тамарай Васільеўнай, якой яму не ставала апошнія гады. Сімвалічна, сужэнцы Талерчыкі жылі і пакінулі свой апошні зямны шлях з вуліцы Кастуся Каліноўскага, дом знаходзіўся побач з гасцініцай “Беларусь”. Яны разам пражылі доўгае жыццё, цяжка перажывалі трагічную страту сына, дапамагалі дзецям і ўнукам. Працавітасць і дабрыня, шчырасць і тактоўнасць, павага да бліжняга і надзейнасць – тыя рысы, якія яны мелі для доўгатэрміновых сямейных адносін.
Але, бадай, самае важнае ў сям’і Талер-чыкаў гэта тое, што яны былі аднадумцамі ў любові да мовы і краіны, да культуры і гісторыі, да тых трагічных падзей, што адбыліся на гістарычным пераломе Беларусі ў сярэдзіне 90-х. Адышоўшы ў вечнасць, яны пакінулі аб сабе толькі самыя светлыя пачуцці і ўспаміны. Унучка Наста працягвае распачатую справу Аляксандрам Сямёнавічам Талерчыкам у галіне экалогіі, добра валодае беларускай мовай. Ветэраны “Адраджэння” Аляксандр Сямёнавіч разам з Тамарай Васільеўнай Талерчык вартыя таго, каб памяць пра іх была ўшанавана на ганаровых шыльдах і ў тапаніміцы Гародні і Слоніма.
Алесь Крой.