Сярод выданняў, якія пабачылі свет у 2021 годзе, у перадкалядны час асабліва прыемна адзначыць літаратурны дзённік рэдактара часопіса “Вясёлка”, пісьменніка Уладзіміра Ліпскага, былога прэзідэнта Беларускага дзіцячага фонду, уганараванага тытулам Рыцара Дзяцінства, ініцыятара і старшыню Усебеларускага фестывалю гумару ў Аўцюках.
Кніга выйшла ў выдавецтве “Каўчэг” пад назвай “Усякі дзень апошні”. Такім быў дзённік юбілейнага 80-га года, у які аўтар занатоўваў тое, што выстуквала сэрца, аб чым трывожылася і радавалася душа.
Народжаны ў Шоўкавічах Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў 1940 годзе, таленавіты журналіст, пісьменнік і грамадскі дзеяч, Лаўрэат прэміі імя Я. Маўра служыць літаратурным словам дзецям і дарослым амаль паўстагоддзя, услаўляючы сваю малую і вялікую Радзіму ў кнігах: “Прыдзвінскі цуд”, “Я: праўдзівы аповед пра твой і мой радавод”, “Сын дня: Азбука аднаго жыцця”, “Мы: аповесць пра нашы прозвішчы”, “Свіцязанская русалка”, “Я тут жыву: дзецям пра Беларусь” і іншых.
“Новая кніга Уладзіміра Ліпскага – гімн жыццю, урокі сумлення, чысціні пачуццяў, акрыленасць думкі, бадзёрасць жыцця. Усё гэта – гаючыя лекі на кожны дзень зямнога раю. А яшчэ – абярэг, мальба да сучаснікаў: беражыце адзін аднаго, цаніце сякундную стрэлку”, – адзначыў выдавец.
* * *
“Шостага мая – пачатак майго гасцявання ў зямным раі. У панядзелак як раз мяне Мама нарадзіла. Сёняшні дзень укідваю у памяць, як віншавальную паштоўку. Міла і душэўна хвалілі мяне ўсе Ліпскія за абедзенным сталом. А пасля сотавік ледзь не распалавіўся. Тэлефанавалі з Мінска, Масквы, Любані, Ельска, Барысава, Аўцюкоў, Паставаў, Дабужы, Навасёлак. Хвалілі. Жадалі. Прасілі жыць доўга. А я проста жыў, як усякі дзень апошні. У басейне праплыў тысячу сто метраў. Са смакам размаўляў па тэлефоне з сябрамі, родзічамі, дабрадзеямі.”
* * *
“Хлопцы, да пачатку свайго юбілейнага года капітальна асвяжыце кватэру. Магу падзяліцца сакрэтам і вопытам. Дужа натхнёна памыйце вокны. Праз іх убачыце васільковае неба, узыход юрлівага сонейка, шалёную зеляніну. А калі пашанцуе, то і шызага голуба, сівую варону, самалёт з аўтографам на белым хвасце. Пасля вокнаў збярыце пыл, мурзілкі з усяго, што стаіць, ляжыць, вісіць. З асаблівай лагодай працірайце, браточкі, рамкі з партрэтамі, фоткамі Мамы і Таты, усяе радні. У гэты міг яны чыстымі спагадлівымі вачыма абагаўляюць вас. А я ўключаю для іх музычнага коніка. Мелодыя вяртае ў вечна жывую для мяне хату ў Шоўкавічах.
У Мамы маёй Марыі і бацькі Сцяпана – разам васямнаццаць братоў і сясцёр. Я ўжо і не злічу, колькі ад іх пайшло народу. Яны ж усе – мая радня.
А ў нашай галіне дрэва, ад Сцяпана і Марыі – шасцёра дзяцей, шасцёра зяцёў і нявестак ды шаснаццаць унукаў, дваццаць праўнукаў. Яны ўсе жывымі хвалямі кіруюць у бязмежны чалавечы акіян. Мы ўсе на зямлі знітаваны сваяцтвам. Апошняя кропля палаючага воску капае на свежую свечку – жыццё прадаўжаецца. І гэтак ажывае новы ланцуг пакаленняў. Імі падперазана планета людзей…”
* * *
“Май святочны! Вяртаюся ў рэдакцыю, як пасля адпачынку. Адчыняю дзверы, бацюхна! Уся столя ў вясёлкавых шарах. Плакаты віншавальныя. На стале – торт з надпісам “Любіменькаму шэфу”, у рамцы – партрэт. Я – у блакітным спартыўным касцюме з літарай “s” на грудзях. А вакол мяне: шалёная прыгажосць: багоўкі, зеляніна, сінява…А ў кабінет збіраецца маладая каманда. Святочныя. Акрыленыя. Колькі ж у іх словах дабрыні, шчырасці, удзячнасці! Іх словы – як медалі.
Анастасія: “Вы для нас – незамянімы шэф. Дзякуй, што шырока адамкнулі вочы на святло жыцця!”
Віка: “Я вучуся ў Вас штодня, нават тады, калі нічому не вучыце”.
Радміла: “Шэф, не пакідайце нас яшчэ доўга-доўга!”
Карына, Эля: “Над нашым домікам ззяе “Вясёлка”, над ім жыве “Буся”. Гэта шчаслівы сімвал!”
Маладыя, крэатыўныя вясёлкаўцы жадаюць, каб я быў з імі бясконца. Хаця б да ста гадоў. Заставайцеся ў маім сэрцы юнымі, крыху свавольнымі гарэзамі! А я паціху буду грэцца каля вас.
“Вясёлка”, якой слугую 42-гі год, здала справаздачу рэдкалегіі і чытачам. Гадавы тыраж – 71.658 экземпляраў. У часопісе надрукавалі свае творы 55 дзіцячых пісьменнікаў.У дваннацаці нумарах – мой творчы праект пра Беларусь “Я тут жыву”. Верна слугуем Дзецям. А гэта найперш, члены рэдкалегіі – Раіса Баравікова, Алена Масла, Анатоль Зэкаў, Анатоль Бутэвіч, Ірына Буторына, Леанід Улашчанка, Эліна Сапожнікава. Аднагалосна прысудзілі прэмію імя В. Віткі даўнішняму сябру “Вясёлкі” паэту Васілю Жуковічу і маладой здольнай мастачцы Наталлі Таўсталес. Сваёй прэміяй я адзначыў трох юных аўтараў з Мінска, Віцебска, Парэчча.”
* * *
“Пра кніжны кірмаш у Мінску можна сказаць казачнай прыгаворкай: і я там быў, мёд, каву піў, па барадзе цякло і ў рот трапіла. Выступаў на прэзентацыі кніг. Меў прыемныя сустрэчы. Абдымулькі. Даваў аўтографы. Меў асалоду бачыцца з Алесем Бадаком, Вячаславам Рагойшам, Раманам Матульскім, Аксанай Спрынчан, Ірынай Буторынай. Бачыў акіян кніг. Ад самых розных азбук, расфарбовак, да “Мальчика с угрюмым лицом”, да “Девочки с растрёпанными волосами”.
Божа! Пра ўсё-ўсё ўжо напісана. Як жа нам, цяперкавым пісьменнікам, не згубіцца сярод чытачоў? Якія тэмы ўзняць? Як падступіцца да неабробленай нівы, няскошанай сенажаці, непераплытай ракі, да белых старонак нашай гісторыі і явы?”
* * *
“Мама пякла праснакі ў сто разоў смачнейшыя, чым пячэнікі заморскія. Усё сваё ідзе на добрае здароўе, лекуе, надае сілы, моцы, настрою. І свая хата, і свая мова, і свае звычкі, культура, і свая айчына, усё сваё, нават родныя сцены, падмагаюць жыць, адчуваць сябе вольным Чалавекам. Хай жа ў Беларусі ўва ўсе вякі будзе ўсё сваё! Не здадзім у архіў і музеі свой гонар, сваё сумленне, сваю любоў і вернасць роднай зямельцы.”
* * *
“Жыць – гэта значыць любіць.
Калі любіш – жывеш.
Калі любіш – умееш ненавідзець усё, што шкодзіць любові.
Калі любіш – дыхаеш на поўныя грудзі.
Калі любіш, становішся прывабным, іскрыстым, лятаючым каньком-гарбунком. Калі любіш, спазнаеш буру эмоцый, высакавольтку душы. Ад усяго гэтага ўнутраны млын выдае атамную энергію.
Калі любіш – хочацца бачыць ранішні танец сонца, поўдзень і поўню, вечаровыя абнадзейныя промні захаду сонца…”
* * *
“Смерць і Бяссмерце.
Яны валадараць над намі. Аднолькава жывучыя. Таямнічыя. Загадкавыя.
Смерць прыходзіць, калі яе зусім не чакаюць. І выпраўляецца душа чалавечая альбо ў багну, дзе з яе вяроўкі звіваюць, альбо на Алімп Бяссмерця.
Бяссмерце. Яно – для выбраных, хто нечым уславіў зямную жытку. Хто нешта зрабіў, каб зразумець і ўдасканаліць свет жывых. Хто высвяціў дарогу ад цемры да ясноты. Хто штосьцейкі зрабіў, вынайшаў, адкрыў, што ўзрушыла людскі мурашнік.
Бяссмерце ў спадчынніках, калі дрэва радаводнае не вяне, а буяе вясновай, абнадзейнай зелянінай.
Бяссмерце наша ў веры і ў вернасці, бо чалавек, па перакананні Антона Чэхава, “ці павінен верыць”, “ці шукае веру”, інакш ён пусты чалавек.
Бяссмерце ў памяці людзей, бо чалавек жыве столькі, колькі яго памятаюць. Дык жа паверым, што неўміручымі нарадзіліся нашы Францыск Скарына, Еўфрасіння Полацкая, Кастусь Каліноўскі, Янка Купала.”
* * *
“Адшумеў віншавальны дзень. Мы з Нінай за святочным сталом. Казюравірус забараніў збірацца вялікі гуртам. Але не забараніў трымаць свята ў душы і верыць, што цяпер сотні людзей сэрцамі з намі. Гэта надае маёй жыццёвай свечцы бадзёрага, трапяткова вогніва. За апошнім днём юбілейнага года пачынаюцца новыя абсягі зямнога раю. Згадваю Льва Талстога, які ў свае восемдзесят вывеў формулу даўгалецця: жыццё вымяраецца не гадамі, а чалавечнасцю.”
Падрыхтавала Э. Дзвінская.
Фота аўтара і з архіва У. Ліпскага.