Гэты заклік ёсць на кожнай старонцы нясвіжскага календара “Маляванкі-суседкі”, што прэзентавалі пад Дзень пісьменства і друку ў Капылі, а 4 снежня ў старажытным Клецку. Чаму менавіта тут? На гэта пытанне лёгка адказаць, перагарнуўшы яго 12 старонак, якія прадстаўляюць творы народнага наіўнага мастацтва, знойдзеныя не толькі на Нясвіжчыне, але і суседніх Клеччыне, Капыльшчыне.
Пра тое, з якой нагоды і дзеля чаго ладзілася выданне, якія яго мэты і задачы, распавяла ўдзельнікам сустрэчы ў Клецкім раённым цэнтры культуры краязнаўца Наталля Плакса.
– Прычын для выдання шмат, адзначу з іх некалькі. Па-першае, каляндар “Маляванкі-суседкі” – гэта прысвячэнне заснавальніку, аўтару і выдаўцу беларускамоўнай асветніцкай каляндарнай серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына” Валеру Дранчуку з нагоды жыццёвага юбілею і 20-годдзя яго выдання.
Па-другое, каляндар з гэтай серыі “Маляванкі ў Ваш дом” (2020 г.) не змог змясціць усё, што ацалела, знайшлося і варта паказу. Пасля гэтага выдання было выяўлена яшчэ некалькі маляванак. Адзначу найперш тыя, што маюць рэлігійны змест. А гэта важна і каштоўна, бо не асабліва пашырана ў беларускім наіўным мастацтве.
Па-трэцяе, хацелася даведацца: а што захавалася ў суседзяў – на Капыльшчыне, блізкай Клеччыне.
Чацвёртае. Здараюцца прыкрыя выпадкі, калі пасля сыходу старэйшых людзей, захавальнікаў гэтай народнай спадчыны, маляванкі, што былі як сямейная каштоўнасць і рэліквія, знікаюць, вынішчаюцца. Таму чарговы каляндар маляванак – гэта просьба і заклік шанаваць роднае.
Пятае вынікае з папярэдняга. Не ўсе разумеюць каштоўнасць гэтага віду народнага мастацтва. Амаль не даносіцца яго вартасць праз школу. На Нясвіжчыне і ў суседніх раёнах няма нават сціплага музейчыка маляванак. У краязнаўчых музеях няма сталых экспазіцый маляваных дываноў і роспісу па шкле, фанеры, кардоне. Народныя шэдэўры калі і ёсць у фондах, то ціха чакаюць ў музейных сутарэннях, каб раз за дзесяць гадоў на кароткі час пабачыць белы свет ды прадстаць перад гледачом. Тут жа адзначу, што не прыгадваю нават сціплых музейных выданняў, якія б даносілі спадчыну маляванак да шырокай грамадскасці.
А яшчэ хацелася сцвердзіць, што нясвіжская талака (некамерцыйнае грамадскае краязнаўча-асветніцкае аб’яднанне) жыве. І каляндар “Маляванкі-суседкі” гэта засведчыў.
Па словах Наталлі Плаксы, хай не надта прырасло кола талакоўцаў, затое яно пашырылася за межы Нясвіжчыны, набыло новых сяброў. Знайшліся цудоўныя людзі, аднадумцы, шукальнікі народных скарбаў. Гэта загадчыца аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Клецкага РЦК, сябра Саюза народных майстроў Беларусі Вольга Пілецкая. Дзякуючы яе штодзённай працы і пошуку, народны пласт культуры на Клеччыне пад пільным кантролем. Больш таго, Вольга Аляксандраўна займаецца так званай жывой маляванкай, стварае сваю серыю сучасных дыванкоў па ўзоры папярэднікаў, найперш Алены Кіш. На занятках ў яе дзіцячай студыі маляванка таксама часты госць. Юныя студыйцы з ахвотай ствараюць “свае маляванкі”. Некалькі з іх, як і некалькі работ самой Вольгі Пілецкай, прадстаўлены на старонках календара.
З Маладзечна прыехала на імпрэзу вядучы метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна,” магістрантка Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Рэспублікі Беларусь Вольга Трубач, якая даследуе беларускі роспіс на шкле. Яна распавяла пра свае зкспедыцыі, падзялілася іх вынікамі. Зацікавілі яе работы вандроўнага мастака з нясвіжскіх Сейлавіч Юзіка Мысліцкага, які маляваў на палатне, кардоне, фанеры, а таксама і шкле. Але па тэхніцы выканання маляванкі Мысліцкага значна адрозніваюцца ад традыцыйнага беларускага роспісу на шкле.
У час падрыхтоўкі календара “Маляванкі-суседкі” распачалося доб-рае і плённае знаёмства з журналісткай Галінай Антонавай са Смаргоні, якая таксама шукае і знаходзіць духоўныя скарбы ў сваёй мясцовасці. Гэта яна адкрыла імя Ніны Бохан, аўтаркі шматлікіх маляваных дываноў на Смаргоншчыне і Астравеччыне. З цікавасцю паглядзелі ўдзельнікі сустрэчы тэлевізійны фільм пра гісторыю гэтага адкрыцця і пакручасты лёс народнай малявальшчыцы. Дзякуючы прыязным кантактам з Галінай Антонавай. знайшліся падобныя кампазіцыі і сюжэты маляваных дываноў з Нясвіжчыны-Клеччыны і Смаргоншчыны-Астравеччыны.
Трафарэтчыкі, рамеснікі ад мастацтва, творцы, пераемнасць ў маляванках… Адметнасць і падабенства нясвіжскіх, клецкіх, капыльскіх маляванак… Месца маляванкі ў сённяшнім жыцці… Шмат пра што яшчэ вялася гаворка. Ды было шкадаванне, што да гэтага часу мара пра зямную ідылію застаецца марай.
Юрый Карчэўскі.
Фота Юрыя Мысліцкага і Таццяны Каралько.
Нясвіж.