17 лістапада споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння празаіка, паэта, публіцыста, выдаўца, журналіста і педагога Янкі Багдановіча (1906-1990). Для адных беларусаў ён быў Ян Антонавіч, для ўсіх астатніх, асабліва моладзі, проста – дзядзька Янка.
Моладзь дзядзька Янка любіў, а яна любіла і паважала яго. Невыпадкова ў 1929-1940 гадах ён разам з Янкам Шутовічам, Мар’янам Пецюкевічам і Язэпам Найдзюком выдаваў найцудоўнейшы незалежны часопіс “Шлях Моладзі”. Часопіс, у якім друкавалася ўся творчая моладзь былой Заходняй Беларусі. А ў 1930 годзе ў № 2 Янка Багдановіч надрукаваў ці не першы свой верш “Моладзь”:
Моладзь магутна
Ў цемру закута,
Хоча прарвацца
Й народу аддацца.
Цяжка змагацца
З сілаю злою,
Прыдзе часіна –
Узойдзе зарою!
І настане пара,
Калі моладзь гожа
Нягоды зможа
Для народу дабра!
Для сваіх людзей і жыў, працаваў, пісаў дзядзька Янка з Вільні.
Родам Янка Багдановіч быў з вёскі Гібіняты былога Ашмянскага павета, цяпер гэта Валожынскі раён. У 1918 годзе ў яго амаль адначасова памерлі маці і бацька. 12-гадоваму Янку і яго малодшаму брату Віктару давялося жыць спачатку ў Барунскім, затым у Віленскім дзіцячых прытулках, арганізаваных беларускай інтэлігенцыяй на зыходзе Першай сусветнай вайны.
Скончыўшы Віленскую беларускую гімназію ў 1927 годзе, Янка Багдановіч працаваў у друкарні імя Францішка Скарыны, якая месцілася ў Вільні на Людвісарскай вуліцы, 1. Працы ў друкарні хапала. Бо яна друкавала не толькі газеты і часопісы “Беларуская крыніца”, “Сялянская ніва”, “Хрысціянская думка”, “Калоссе”, “Шлях Моладзі”, “Самапомач” і многія іншыя, а таксама кнігі, календары, агітацыйныя плакаты, улёткі, бюлетэні і г.д.
У 1930-х гадах Янка Багдановіч пачаў друкаваць у віленскіх газетах і часопісах свае вершы, артыкулы, допісы, апавяданні, уключыўся ў заходнебеларускі грамадска-культурны рух. Разам з Янкам Шутовічам, Мар’янам Пецюкевічам і Язэпам Найдзюком пачаў выдаваць часопіс “Шлях Моладзі”. У ім таксама друкаваў свае замалёўкі, апавяданні, вершы, байкі.
Праўда, рэдактарамі “Шляху Моладзі” фактычна з’яўляліся Мар’ян Пецюкевіч і Язэп Найдзюк, а Янка Багдановіч хутчэй за ўсё быў тэхнічным рэдактарам. Але сёе-тое з-пад яго пяра таксама трапляла і ў часопіс. Вось як аўтар апісвае прыроду ў замалёўцы “Во-сень” (часопіс “Шлях Моладзі”, 1930, №12): “Сумнае жыццё ў восені!.. І гдзе тое сонейка падзелася, і гдзе тыя прыгожанькія пралесачкі, што заманівалі людцоў да сябе, і тыя камаркі, казёлчыкі і другія істоткі? Усё прапала, як быццам у пропасць пайшло. Ды не! Прыдзе час – ізноў усё аджыве, закрасуе…”. Бачыце, як ласкава, з любоўю і пяшчотай аўтар называў насякомых: камаркі, казёлчыкі…істоткі, людзей – людцы, кветкі – пралесачкі… Такая і душа, сэрца былі ў гэтага чалавека.
18 верасня ў Вільню прыйшла савецкая ўлада. У друкарню імя Францішка Скарыны завіталі новыя рэдактары з Менска: нехта Васілеўскі і Бураў. Яны прынеслі да друку на беларускай мове пракламацыю да насельніцтва Вільні. Янка Багдановіч яе набіраў і надрукаваў. Ад імя гэтых мінчан Яна Антонавіча прызначылі загадчыкам друкарні. Але быў ён нядоўга. Бо падзеі мяняліся штодня. Савецкая ўлада ўжо не дазволіла друкаваць многія беларускія выданні, а ў друкарні імя Скарыны друкавалася актыўна “Камсамольская праўда” на польскай мове. Галоўнымі цэнзарамі былі яўрэйка Качаргінская і нехта рускі Вінаградаў. Плаціць пачалі абы-як, таму хлопцы пакінулі друкарню, у тым ліку і Янка Багдановіч. Яго да сябе забраў Язэп Найдзюк, які працаваў у друкарні “Райда” і хутка стаў яе кіраўніком.
У гады Другой сусветнай вайны Янка Багдановіч вучыўся ў Віленскай настаўніцкай семінарыі і адначасова працаваў настаўнікам і дырэктарам школ. А ў 1952 годзе паступіў у Новавільняйскі педагагічны інстытут. Але вучыцца не давялося, бо 13 кастрычніка 1952 года рэспубліканскі суд Літоўскай ССР засудзіў Янку Багдановіча і Мар’яна Пецюкевіча на 25 гадоў кожнага. Пасля суда іх шлях ляжаў у Лукішкі і Ленінград. А 5 красавіка 1953 года іх завезлі ў Волагду, а потым у Варкуту.
У хуткім часе выдаўцоў “Шляху Моладзі” вывезлі на этап: Мар’ян Пецюкевіч трапіў на 29-ю шахту, а Янка Багдановіч – на 8-ю Аднак Пецюкевіч застаўся ў самой Варкуце на шахце № 1.
Як толькі з’явіўся на шахце № 8 Янка Багдановіч, да яго завіталі землякі-беларусы. Відаць, памяталі па часопісе “Шлях Моладзі”. Прыйшлі Юшко, Семянюк, Засім, Загуста, Шышэя, Федаровіч і іншыя хлопцы. Усе яны былі з Заходняй Беларусі. І заставаліся беларусы сябрамі да канца знаходжання ў шахце і нават да канца жыцця, хто вярнуўся на Бацькаўшчыну.
У 1954 годзе да Янкі Багдановіча прыехала адведаць яго родная сямейка. Разам яны пражылі ў адным пакойчыку сем дзён. Гэтая сустрэча была вялікай надзеяй на вяртанне да сваёй сям’і ў Вільню.
Аднаго разу, пасля вяртання з працы, беларус убачыў вывешаны ў бараку ўказ аб пераводзе некаторых з палітвязняў на аблегчаны рэжым. Трапіў пад гэты ўказ і Янка Багдановіч.
Жыць стала лягчэй. Адкрыўся доступ да прадуктовых крамаў, з’явілася магчымасць часцей бачыцца з землякамі, у тым ліку з Мар’янам Пецюкевічам і Янкам Геніюшам – мужам Ларысы Геніюш, бываць па нядзелях у Варкуце.
Праходзіць час і хутка прыходзіць яшчэ адна добрая навіна – на шахту № 1 прыехала камісія з Масквы, якая пачала пераглядаць справы зняволеных. Янка Багдановіч у той час працаваў на цеплаэлектрацэнтралі. Таму да яго чарга дайшла толькі пра некалькі месяцаў – у канцы жніўня. А ў сярэдзіне верасня 1956 года ён ужо быў у Вільні.
Пасля сталінскіх лагераў, Янка Багдановіч працаваў настаўнікам у сярэдніх школах Вільні. Але найбольш з іх – у СШ №11, скуль і пайшоў на пенсію. Але на пенсіі не сядзеў без справы, а прымаў самы актыўны ўдзел ва ўсіх беларускіх справах у Літве, быў актыўным сябрам беларускага клуба “Сябрына” ў Вільні.
З Янкам Багдановічам сябравалі многія знакамітыя творчыя людзі Беларусі. Запытаўся ў доктара філалагічных навук, прафесара Вячаслава Рагойшы пра Янку Багдановіча. Вячаслаў Пятровіч адразу шчыра прыгадаў:
“Янку Багдановіча я ведаў, сустракаўся з ім у Вільні, распытваў у яго пра свайго дзядзьку Кастуся (яны разам вучыліся ў час вайны ў Віленскай настаўніцкай семінарыі). Пасля я апублікаваў у “ЛіМ”е невялікі допіс “Віленскі беларус Янка Багдановіч” (1986, 5 снежня). Яго ж аповед пра дзядзьку Кастуся (вельмі цікавы) увайшоў у кніжку Кастусь Рагойша, Антось Рагойша. Нам сняцца сны пра Беларусь” (Янка Багдановіч. Жменька згадак // Мінск: Кнігазбор, 2008, с. 64-69).
Паэт Сяргей Панізьнік жыве ў Канадзе. Спытаў пра Янку Багдановіча і ў яго. “Спадар Сяргей, вітаю Вас, – адгукнуўся Сяргей Сцяпанавіч. – І ўзлятаю над Вільняю, вышукваю прысутнасць Янкі Багдановіча. Во ён! Адам Мальдзіс запісвае тэлеперадачу пра Купалу ў Вільні і прамаўляе перад камерай з Янкам Багдановічам. 7 снежня 1981 года. А 8 снежня Янка Багдановіч працягвае распавядаць Адаму Іосіфавічу пра свой творчы побыт у стольнай Вільні. Былі і ў мяне стасункі з прытульнай асобай. Янка Багдановіч і мяне напаўняў светлымі ведамі, раскошай успамінаў пра горад-места чараў, да якіх набліжаліся і мае даўнія суседзі на мацерыку Дзісна-Дрыса-Друя. Мама распавядала пра падарожнікаў, якія адважыліся наведаць Вільню; трое содняў дабіраліся, а каб не зблудзіць – правільна клаліся на засып: галавой да Вільні: ранічкаю ведалі, куды ісці…”.
У 1992 годзе доктар філалагічных навук Арсень Ліс падрыхтаваў да друку і выдаў асобнай кніжкай успаміны Янкі Багдановіча “На жыццёвым шляху”. На вялікі жаль, Ян Антонавіч Багдановіч не дачакаўся гэтага выдання. Яго не стала 15 ліпеня 1990 года. Пражыў дзядзька Янка 84 гады. Яго пахавалі на могілках “Саўлес”, што на Антокалі ў Вільні. Таму меў рацыю Арсень Ліс, калі казаў, што “наша разуменне, спагада, удзячнасць зачаста позняцца”. Тым не менш, дзядзьку Янку з Вільні, які моцна любіў Беларусь і свой народ, мы памятаем. І заўсёды будзем прыгадваць не толькі як шчырага і мужнага чалавека, але і як беларускага выдавецкага работніка, пісьменніка і журналіста.
Сяргей ЧЫГРЫН.