Мерапрыемства з такой назвай прайшло 21 лістапада 2021 года ў сталічнай бібліятэцы нумар адзін імя Льва Мікалаевіча Талстога. Ва ўтульнай зале гэтай установы ў прызначаны час сабраліся паэты, пісьменнікі, музыканты, спевакі, а таксама прыхільнікі добрага мастацкага слова і прыгожай музыкі.
Праводзіў імпрэзу кіраўнік літаратурнага клуба “Экватар”, паэт, пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут. Ён выйшаў да прысутных не з пустымі рукамі – з кнігай класіка беларускай літаратуры Ніла Сымонавіча Гілевіча “Запісы з дзённікаў розных гадоў. Сшытак першы. 1954-1983”, якая выйшла ў свет у выдавецтве “Про Хрысто” ў 2006 годзе.
Адкрыўшы кнігу, Вячаслаў Корбут прадэманстараваў сабраўшайся аўдыторыі аўтограф Мэтра беларускай літаратуры, які быў напісаны спадару Корбуту менавіта ў лістападзе – ізноў жа, далёкага ўжо зараз, 2006 года. Вячаслаў распавёў прысутным пра тое, што добра ведаў Ніла Гілевіча, пра гэтую кнігу, пра тое, як атрымаў сапраўдную асалоду, чытаючы яе. “Ўсім нам трэба вучыцца ў Ніла Сымонавіча, як трэба пісаць дзённікі,” – зазначыў Вячаслаў.
А яшчэ ўзгадаць шаноўнага Ніла Гілевіча ў гэтую восень было вельмі дарэчы, таму што ў верасні 2021 года ўсё беларускае культурнае грамадства адзначала 90-годдзе з Дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.
Потым спадар Корбут, канешне, чытаў прысутным свае вершы і ўрыўкі з паэм. Сярод прачытаных твораў быў і верш, прысвечаны непасрэдна дзённікам і іх напісанню:
У думках запісы хаваю,
Чые? Свае альбо чужыя?
Сябрам сваім пісаць іх раю:
Ў радкоў тых смак, як у ажыны, –
Чакайма, восень, успамінаў
Пра лёс, пра летнія сустрэчы,
Дзе кожны не зблукаў старэчай, –
Стаў маладым праз дух супольны,
У нечым нават і свавольны.
Але час лечыць раны сэрцаў,
Нам нечы подых рух адродзіць,
І скажам ісцінам: адмерце,
Прычын няма ўзгадаць хваробы, –
Лепш выступленні ў час імпрэзы,
Прыліў натхнення з “Паланэзам”,
І самае, відаць, святое:
Кахання подых за сабою…
Пішу раз-пораз успаміны,
Пішу, маўчу – ёсць воск і гліна…
Далей выступала шэф-рэдактар “Літаратурнага экватара”, паэтка і пісьменніца Інга Вінарская. Яна зазначыла, што таксама была знаёмая з Нілам Сымонавічам Гілевічам, і падзялілася з прысутнымі некаторымі сваімі ўспамінамі пра яго:
– Ведаеце, я аднойчы нават была рэдактарам кнігі Ніла Гілевіча… Працавала тады галоўным рэдактарам выдавецтва “Беллітфонд”. Раптам заходзіць у кабінет сам Мэтр, і я даведваюся ад яго, што буду ягоным рэдактарам у новай кнізе. Кажу: “Я не магу Вас рэдагаваць, Ніл Сымонавіч, Вы ж класік!” А ён мне: “Можаце, даражэнькая, можаце!” Неяк і сілы пасля гэтага з’явіліся. Дарэчы, Ніл Гілевіч, як высветлілася, любіў рэдактараў. Ён шчыра радаваўся, калі яму прапаноўвалі нешта трошкі палепшыць у тэксце. Так можа сябе паводзіць толькі чалавек вялікага таленту!
І яшчэ адзін успамін… Вяртаюся думкамі ў 2006 год. 30-е верасня. Прыгожая цёплая восень, наўкол рознакаляровая лістота. Нілу Гілевічу – 75 год. Мы з Вячаславам Корбутам з чырвонымі гваздзікамі ў руках стаім перад пад’ездам Ніла Сымонавіча ў двары ягонага дома ў Менску, што на Карла Маркса, – стаім у чарзе жадаючых павіншаваць Мэтра з юбілеем. Побач – пісьменнікі, настаўнікі, журналісты, прычым, прыехаўшыя нават з рэгіёнаў Беларусі. Мы – дэлегацыя ад Беларускага рэспубліканскага літаратурнага фонда, дырэктарам якога ў той час і быў, дарэчы, Вячаслаў Корбут. Вось дачакаліся сваёй чаргі: пускаюць у хату, паведамляюць, што ў нас не болей за 15-20 хвілін на віншаванні. Заходзім. Доўгі калідор, скляпеністыя столі. Ідзём да Мэтра. “А-а-а, сябры мае!” – сустракае ён нас. Гаворка атрымоўваецца вельмі душэўная. Частавалі, дарэчы, каньяком і бутэрбродамі з чырвонай ікрой – прычым, усіх, хто прыехаў у той дзень павіншаваць шаноўнага класіка… Вось так.
Далей спадарыня Вінарская зазначыла, што ўжо даўно не вядзе дзённікаў. Некалі ў юнацтве спаліла аграменны стос агульных сшыткаў – сваіх дзённікаў, палічыўшы, што гэта ўсё ж такі пэўны кампрамат… А што, калі не ў тыя рукі патрапіць? На думку Інгі Вінарскай, для паэта дзённікі – гэта ягоныя вершы. І далей спадарыня прачытала свой твор, які найбольш адпавядае, на яе думку, лістападаўскаму настрою, і які быў некалі напісаны менавіта позняй восенню:
Страшэнна вые вецер за акном –
Нібыта восень зноў у апраметнай,
Ды збегчы хоча
ў споднім, непрыкметна,
І так калоціцца ў рыданнях дом.
Ад д’ябла ж не збяжыш, нават у сне:
Прададзена душа – плаці да смерці.
Павінны выканаць работу чэрці –
Прасі тут, ці малі… Пачуюць? Не.
А пачыналася прыгожа так:
Вось золата, рубіны, ізумруды –
Раскоша, веліч!
Восень – проста цуда!..
Цяпер галінам голым кошт –
пятак…
Эх, восені душа, – бывай, бывай…
Халодныя нябёсы ўсё ж такія…
Не, не скажы, зусім яны не злыя –
Бядотны і цяжкі ён, шлях у рай…
Адметнай рысай мерапрыемства 21 лістапада 2021 года стала прысутнасць на ім прадстаўнікоў, бадай, усіх узроставых катэгорый: былі тут і дзеці, і моладзь, і людзі сярэдняга ўзросту, і вельмі сталыя ўжо тво-рцы. Удзельнічалі ў нашай лістападаўскай імпрэзе адразу два аксакалы-ветэраны літаратурнага клуба “Экватар”: Якаў Анапрэенка і Дзмітрый Марозаў. Даўно іх не было бачна: па розных прычынах яны не прыходзілі на мерапрыемствы суполкі. І вось – нарэшце!.. Якаў Рыгоравіч прачытаў сабраўшымся некалькі сваіх кароткіх апавяданняў, а Дзмітрый Максімавіч, як і належыць опернаму спеваку, выканаў шэраг рамансаў, сярод якіх быў і твор на словы Ніла Гілевіча. І дарэчы, было вельмі цікава назіраць, як шаноўныя Якаў Рыгоравіч і Дзмітрый Максімавіч пікіруюцца паміж сабой рознымі такімі фразамі пакручастымі. Такія мілыя… Дай ім Бог яшчэ доўгіх год жыцця і творчасці!..
Паэт і драматург Глеб Ганчароў таксама зазначыў, што творы – гэта і ёсць дзённікі. Ён прачытаў прысутным нізку сваіх лістападаўскіх вершаў. “А паколькі зіма ўжо вельмі хутка, то наце вам верш “Лістапад-снежань!” – выпаліў Глеб напрыканцы свайго выступлення. Твор гэты дастаткова вялікі, таму прыводзім яго ў скарочаным варыянце:
У лістападзе, як на дзіва,
Заўжды змывае ўсю імжу
Пахмельнай пропіссю курсіву
Дыяганальнага дажджу.
Прастора горада пусцела
Да зазімку напагатоў,
І той хаваў худое цела
У валасяніцы халадоў,
Варочаўся ў працяглым свісце
Праз ноч і вецер напралом,
Падзёртае няслося лісце
Калматым рыжым табуном…
Скавала ланцужкамі сцюжы
Шчымлівы восеньскі разброд,
І лёд суцішыў подых лужы,
Заціснуўшы вільготны рот…
Парэшткі бабінага лета
Рассыпаліся ў пыл і прах,
Дзе дрэў кашчавыя шкілеты
Ўразлад вандруюць па снягах…
Піяністка, саксафаністка, спявачка, педагог і проста прыгожая мініяцюрная жанчына Вольга Воінская даўно не наведвала імпрэзы “Экватара”, а вось на “Лістападаўскі дзённік” прыехала з кампаніяй сваіх, розных узростаў, вучняў, а таксама некаторых з іх бацькоў. Дарэчы, усе юныя артысты – навучэнцы ДУА “Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 6” г. Менска, дзе і выкладае сама спадарыня Воінская. Атрымаўся невялічкі такі канцэрт. Лаўрэат міжнародных конкурсаў Караліна Дабравольская, дыпламант міжнародных конкурсаў Іван Мацкевіч, а таксама Ева Басалай выканалі на блок-флейтах папулярныя класічныя мелодыі пад акампанемент сваёй настаўніцы на фартэпіяна. Маленькая прынцэса ў святочнай сукенцы Аліса Далжанкова (дачка Вольгі Воінскай) праспявала некалькі песень пад акампанемент сваёй маці. А завяршыўся гэты канцэрт вельмі сімпатычным нумарам пад назвай “Паравозік”, калі дзеці хадзілі змейкай адзін за адным і спявалі пад музыку.
І вось мажорная нота змянілася мінорнай, бо менавіта ў такой манеры звычайна піша паэт Вячаслаў Данілаў. Нізку сваіх сумных лістападаўскіх вершаў ён прачытаў перад сабраўшайся аўдыторыяй.
У нечым сугучнай з Вячаславам Данілавым аказалася выступаўшая наступнай паэтка Клаўдзія Максімава. Спадарыня аддае перавагу ў сваёй творчасці глыбокім філасофскім тэмам, а таксама ў яе вершах прысутнічае ўсяленская, нават касмічная тэматыка – і ўсё гэта на фоне роздумаў пра сусветную і агульначалавечую гісторыю, а таксама гісторыю нашай краіны.
Паэт Валянцін Шведаў вельмі любіць восень, прычым усю, ва ўсіх яе праявах і з’явах – з усімі рознакаляровымі высямі, вятрамі і дажджамі. Прысутныя пачулі ў выкананні спа-дара Валянціна сапраўды восеньскую падборку вершаў, завяршыў якую твор, прысвечаны менавіта лістападу:
Эх, восень глыбокая…
Туман над затокаю.
Вада ледзяная
чарот абдымае.
Крумкач нерухомы,
ён сочыць без стомы
З вярха сухастою
за сумнай зямлёю.
Прырода застыла,
нібыта спачыла,
У раннім змярканні –
марозаў чаканне.
Пра снежныя белі
забыцца паспелі.
Адзенне рыхтуем –
вось-вось залютуе.
А хмары ўсё плачуць –
шкадуюць, не йначай,
Што хутка сняжынкі
заменяць слязінкі,
І сена – стагамі,
і лета – са снамі.
Зіма ў падыходзе:
то – дзякуй прыродзе!
Амаль заўсёды пазітыўны і энергічны паэт, журналіст, кнігавыдавец Міхась Башура, які выступаў наступным, паведаміў пра тое, што для яго слова “Дзённік” асацыіруецца непасрэдна са школай, з пачаткам навучальнага года. Заканчваецца лета, пачынаецца восень, і вось яны – вучнёўскія дзённікі, а ў іх самыя розныя адзнакі ды заўвагі… Спадар Міхась чытаў вершы рознай тэматыкі: і жорсткія, і мяккія, і любоўныя, і філасофскія. Асабліва спадабаўся сабраўшымся верш пра цяжкую дарогу да сябе:
Дарогу да сябе
шукаць – цяжкая справа.
Не кожны здолее
прайсці праз невуцтва й ляноту,
ў рацэ жыцця не трэскай быць –
стырном.
І толькі моцныя,
паверыўшы ва ўдачу,
настойліва свой лёс будуюць самі.
Слабейшым застаецца ж
шлях адзіны –
даверліва аддацца волі лёсу,
збівацца і блудзіць,
блудзіць і зноў знаходзіць
сцяжыну вузкую,
прызначаную Богам…
І я імкну,
хоць часам сіл бракуе,
сваё жыццё пабудаваць сваёю працай.
І я не п’ю з чужых крыніц вады,
і ў печы не палю чужую працу…
Педагог, экскурсавод, перакладчыца на многія мову сусвету, а цяпер яшчэ і пачынаючая навукоўца Кацярына Матусевіч шчыра прывітала прысутных і прачытала невялічкае эсэ на тэму любові да роднай Беларусі. Потым Кацярына распавяла пра тыя экскусіі ў Менску, якія яна дагэтуль праводзіць, нягледзячы на вучобу ў аспірантуры. Спадарыня шчыра запрасіла ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у гэтых яе экскурсіях.
Паэтка, музыкантка, бібліятэкарка Святлана Яфіменка спецыяльна прыехала з іншага горада на імпрэзу “Лістападаўскі дзённік”, прычым гэта было яе першае наведванне мерапрыемстваў літаратурнага клуба “Экватар”. Святлана зазначыла, што ёй усё вельмі падабаецца, а потым прачытала нізку сваіх восеньскіх вершаў і праспявала некалькі ўласных песень, цёплых і пяшчотных, акампаніруючы сабе на фартэпіяна…
Сапраўды разнастайная імпрэза атрымалася: нават музычныя жанры былі прадстаўлены на ёй самыя розныя. Як доказ таму – змяніўшы лірычную Святлану Яфіменку Кірыл Бандзерс са сваімі гатычнымі баладамі. Выконваў Кірыл, як звычайна, песні на ўласныя вершы, акампаніруючы сабе на гітары.
Завяршаў канцэртную праграму мерапрыемства паэт, празаік, аўтар шматлікіх кніг Юрась Нераток. Ён засведчыў, што лістапад вельмі спыяе ўспамінам, а потым сказаў, што прыдумаў вельмі цікавую штуку: сабраў свае фотаздымкі па гадах, зманціраваў на некалькіх старонках і раздрукаваў гэта ўсё. Прысутныя змаглі азнаёміцца з раздрукоўкамі. Цікава атрымаася. І канешне, спадар Юрась чытаў свае вершы – як эпатажныя, так і не вельмі. Быў сярод іх і твор пад назвай “Беларусам”, вельмі глыбокі, пранікнёны і адпавядны цяперашняму няпростаму для нашай краіны часу:
Пакуль здрабняем на зямным абрусе
мы маналіт мінулага на друз,
не згасне сонейка над Беларуссю!
…Але ці ведае яно пра Беларусь?
Пакуль рунее жытняя палоска
і пожню сцеражэ саломы стог,
нас не пакіне міласэрнасць Боска!
…Але ці помніць беларусаў Бог?
Пакуль мы даглядаем захад продкаў,
пакуль нашчадкаў досвітак глядзім,
нас не звязе ў нябыт Харона лодка!
…Але ці трэба гэта нам самім?
Вось такі цікавы “Лістападаўскі дзённік” атрымаўся. Завяршыўся ён, канешне, агульнай фотасесіяй, хаця і да гэтага здымкаў было зробленна шмат. Было вельмі файна, бо столькі таленавітых людзей сабралася разам. Такая станоўчая энергетыка панавала ў зале! Мы ўсё ж расквецілі гэты змрочны сталічны лістапад сваімі вершамі, спевамі, апладысментамі, усмешкамі, добрым і паважлівым стаўленнем адзін да аднаго. Так і павінна быць!
Паэты, пісьменнікі, журналісты
Інга Вінарская
і Вячаслаў Корбут.