Беларуская грамадскасць рыхтуецца адзначыць 130-годдзе класіка беларускай літаратуры – таленавітага паэта, празаіка, крытыка і публіцыста Максіма Багдановіча (1891- 1917).
Новыя старонкі даследаванняў, прысвечаных творчасці зоркі беларускай паэзіі, адкрыліся на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Максім Багдановіч – новыя гарызонты навуковых даследаванняў”.
Яна была арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.
У канферэнцыі ўзялі ўдзел даследчыкі з Беларусі, Украіны, Расіі, прадстаўнікі музеяў, архіваў, бібліятэк і ВНУ. Навукова-практычная канферэнцыя засведчыла цікаўнасць беларускіх і замежных даследчыкаў да асобы і творчасці паэта, дазволіла выявіць перспектыўныя кірункі пошукаў.
З важнымі паведамленнямі выступілі загадчык Літаратурнага музея М. Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша, Ірына Мышкавец, Ксенія Суша, Таццяна Вабішчэвіч, Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, Віктар Жыбуль і іншыя.
Некалькі яркіх дакладаў (Таццяны Пятроўны Новікавай, Ніколь Адамейкі) былі прысвеча-ны адлюстраванню паэзіі М. Багдановіча ў музыцы ХХ-га і ХХI-га стагоддзяў. Cярод кампазітараў, якіх натхніў Максім Багдановіч сваёй лірыкай – У. Пяцько, А. Безенсон і іншыя. Віктар Жыбуль паведаміў пра пошукі крымскага адраса М. Багдановіча і тых, хто быў з ім знаёмы ў гэты перыяд.
Наталля Шапран пазнаёміла са спецыяльным лістападаўскім выпускам часопіса “Роднае слова”, дзе змешчаны матэрыялы навукова-папулярнага і дыдактычнага характару, прысвечаныя класіку. Часопіс на працягу многіх гадоў аб’ядноўвае прыхільнікаў паэзіі М. Багдановіча.
Даследчыкі спадчыны паэта ў думках праходзілі пуцявінамі яго жыцця і творчасці. Ірына Мышкавец даследавала студэнцкае жыццё паэта, той час, калі ён вучыўся ў Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі (Яраслаўль, 1911- 1916), знайшла былых аднакласнікаў адоранага юнака. Максім Багдановіч хацеў вучыцца на філалагічным факультэце Санкт-Пецярбургскага Імператарскага ўніверсітэта, але ў бацькі былі сур’ёзныя довады супраць гэтай паездкі – стан здароўя Максіма, намеры малодшага сына, Льва Багдановіча, паступаць у Маскоўскі імператарскі ўніверсітэт. Максім, хаця і аднёс дакументы ў Дзямідаўскі ліцэй, горача пярэчыў бацьку: “Пракурорам быць не хачу, адвакатам не хачу, суддзёй не хачу, хачу быць літаратарам ці навукоўцам”.
Пра еўрапейскасць беларускага класіка разважала кандыдат філалагічных навук Аліна Сабуць. “Багдановіч, “пясняр чыстай красы” (А. Луцкевіч), “госць з высокага неба” (У. Ігнатоўскі) высакародна спасцігаў “красу і светласць” у кожнай беларускай з’яве. Падчас прыезду ў Беларусь у 1912 годзе ў віленскай рэдакцыі “Нашай Нівы” дваццацігадовы беларускі творца настойваў, каб суайчыннікі шукалі і выяўлялі беларускі дух, беларускую душу ў кожным творы, у кожным радку. Каб літаратура, нарэшце, набыла нацыянальную самасць і каб пасля надаць ёй “больш еўрапейскага выгляду”. Багдановіч адчуваў “жывасць” і “вялікую ўнутраную рухавасць” беларускай паэзіі, здольнай плённа пераствараць здабыткі сусветнага мастацтва, захоўваючы ўласную асабовасць”.
Аспірант Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы Вікторыя Смолка акцэнтавала ўвагу на феномене музычнасці, як пастаяннай рысе, прыроднай уласцівасці паэтычнага індывідуальнага стылю М. Багдановіча на прыкладзе яго кнігі “Вянок”. Тэндэнцыя да музычнай тэмы яскрава і непасрэдна акрэсліваецца ў няголаснай і чароўнай паэзіі Максіма Багдановіча. У ёй вылучаецца ўнутраны рытм верша, што валодае гукавой пластычнасцю.
Кандыдат філалагічных навук Таццяна Ганчарова-Цынкевіч вывучала найбагацейшы фальклорны выток паэзіі Максіма Багдановіча: казкі, легенды, паданні, якія ляглі ў аснову цыкла “У зачараваным царстве”.
Максім Багдановіч захапляўся гармоніяй жыцця і прыроды. Аўтар расказваў пра з’явы прыроды, маляваў карціны дрымучага лесу і цёмнай ночы, глыбокага возера і грознай буры, змрочнага вечара і зімовай дарогі, пякучага лета і звонкай вясны, а таксама юнацкага кахання, каб паказаць шматграннасць і вялікую значнасць чалавечага жыцця.
Доктар філалагічных навук Васіль Старычонак адзначаў метафарычныя намінацыі ў паэзіі М. Багдановіча.Творчасць Максіма Багдановіча, зоркі беларускай паэзіі, паэта, удумлівага перакладчыка, майстра еўрапейскага ўзроўню – гэта тонкае адчуванне прыгажосці, маляўнічы свет прыроды, трапяткія пачуцці і глыбокія перажыванні, філасофскі роздум аб быцці чалавека, яго лучнасці з непарыўным у часе і прасторы Сусветам. Ён чуе, як дрыжаць ад ветру зоркі, як расце ў цішы трава, як срэбрам грукае крыніца, пра што шэпча голас вецярка. Казачнаму беларускаму краю, населенаму лесунамі, вадзянікамі, русалкамі і іншымі міфічнымі істотамі, паэт прысвяціў цыкл вершаў “У зачараваным царстве”.Чалавеку, які сцвярджаецца ў філасофскіх трактатах, трэба часцей глядзець на зоры, каб адчуць сябе часцінкай адзінага і вечна зменлівага Су-свету. Багдановічавы позірк на зоры метафарычны, бо суправаджаецца не традыцыйнымі асацы-яцыямі тыпу: зор грамада, вянкі зорак, пыл зор, карагоды зор, пацеркі зор, узоры зор.
Кандыдат філалагічных на-вук Ірына Багдановіч спрабавала разгадаць таямніцу лірычнага адрасата вершаў М. Багдановіча. Прысвячэнні былі зроблены Людвіцы Сівіцкай (Зосьцы Верас), Клаве з Крыму і іншым жанчынам. Чые постаці натхнялі паэта? Хто ўладарыў яго думкамі і пачуццямі? Бацька Адам Ягоравіч лічыў патрэбным апраўдваць сына, падкрэсліваючы, што Максім меў выключна ўзвышаныя погляды на жанчыну, і яго лірыцы не былі ўласцівыя ” эратычныя матывы”, якія квітнелі ў паэзіі ХХ-га стагоддзя, аднак усе гэтыя настроі прайшлі міма яго. У якасці ідэалу нявіннасці, чысціні, якім маляваў паэт вобраз жанчын, бацька прыводзіў вобраз Мадонны (нізка вершаў “Мадонны” ў зборніку “Вянок”).
“На фарміраванне беларускай ідэалогіі Багдановіча моцна ўздзейнічала адраджэнцкая прэса, – прызнае кандыдат філалагічных навук Пётр Дарашчонак. – Побач з жаданнем авалодаць гуманітарнымі і прыродазнаўчымі ведамі, захапленне юнака беларускай народнай творчасцю не слабела, а яшчэ больш набірала моц. М. Багдановічу было наканавана бачыць і фарміраваць нацыянальнае пытанне ў рэчышчы праблем агульнаславянскага і агульначалавечага значэння. Ад краёвага патрыятызму да беларускай аўтаноміі ў складзе дэмакратычнай Расіі сягала думка М. Багдановіча ў публіцыстычных артыкулах таго перыяду, калі Я. Карскі яшчэ дапрацоўваў свой трохтомны твор “Беларусы”. Беларускія дзеячы на старонках газеты “Вольная Беларусь” (1917), газеты “Гоман” (1916 – 1918) дапрацавалі ідэю пра самастойны шлях беларускага народа, канчатковай мэтай якога з’яўляецца стварэнне нацыянальнай дзяржавы”.
“Агульнапрызнана, што Максім Багдановіч – паэт надзвычай высокай культуры. У Багдановіча яна – вынік упартай і няспыннай працы над пашырэннем свайго кругагляду, над узбагачэннем памяці выдатнымі здабыткамі паэтычнай культуры мінулага, – пісаў Алесь Бяляцкі ў прадмове да збора твораў Максіма Багдановіча, які выходзіў у “Беларускім кнігазборы” ў 1996 годзе. – Ён чытаў у арыгінале і перакладаў на родную мову творы Гарацыя і Авідзія, Гейне і Шылера, Верхарна і Верлена, выдатна ведаў паэзію рускую і ўкраінскую, быў знаёмы з літаратурай многіх іншых народаў свету. З дзіцячых гадоў ён выхоўваўся на лепшых узорах сусветнай класічнай паэзіі”.
Мерапрыемствы, прысвечаныя 130-ай гадавіне з дня нараджэння класіка, працягнуцца ў снежні.
Падрыхтавала Э. Дзвінская,
фота аўтара.