Паводле СМІ, наш славуты беларускамоўны часопіс сатыры і гумару “Вожык” спыняе сваё існаванне і з наступнага 2022 года выдавацца не будзе. Выйдзе апошні нумар “Вожыка” сёлета ў снежні, і ўсё. Ён нават не ўнесены ў падпісны каталог выданняў на наступны год.
Сёлета часопіс “Вожык” адзначыў 80-годдзе. Аказалася, што гэта быў яго апошні юбілей. Ён з’яўляўся пераемнікам знакамітага баявога выдання “Раздавім фашысцкую гадзіну”. За кароткі час выйшла з друку 18 нумароў. З гэтага агітплаката і пачалася радаслоўная беларускага сатырычна-гумарыстычнага часопіса “Вожык”.
Са жніўня 1945 года часопіс “Вожык” выдаваўся па-беларуску ў Менску. Ён перажыў вайну, рэпрэсіі, камуністычнае і савецкае панаванне. А вось цяпер, пасля 80 год існавання, утрымацца ў сённяшні час часопіс не змог. Шкада.
Часопіс “Вожык” – гэта наша гісторыя літаратуры і мастацтва. Яму пашчасціла, што на чале часопіса ў ваенныя і пасляваенныя гады быў такі майстар смеху, як Кандрат Крапіва. Гэта дзякуючы яму і яго таленавітым паплечнікам ужо тады былі закладзены традыцыі, якія ўсе дзесяцігоддзі дазволілі “Вожыку” быць сапраўды народным выданнем. У 1960-1990-я гады ён з’яўляўся адным з вялікатыражных часопісаў Беларусі, які любіў народ. Вядома ж, на працягу свайго 80-годдзя “Вожык” зведаў усё: і высокія творчыя ўзлёты, і глыбокія спады. Палітычная атмасфера, сацыяльныя рэаліі на розных этапах нашай гісторыі не маглі не адбіцца на ідэйна-палітычным і творчым узроўні часопіса. Хоць бы таму, што ён павінен быў калі не высмейваць, то хоць некага крытыкаваць. Але цяпер паспрабуй каго крытыкнуць: ці міністра, ці чыноўніка большага рангу, то будзе непрыемнасцей шмат. А “Вожык” любіў крытыкаваць, таму ён быў калючым і праўдзівым.
Усё лепшае, што напісалі беларускія пісьменнікі на ніве сатыры і гумару, прайшло праз “Вожык”. Нават першая кніжка ў жанры сатыры і гумару Васіля Быкава “Ход канём” была надрукавана ў бібліятэчцы “Вожыка”. Дарэчы, бібліятэчка “Вожыка” выдавалася з 1957 года. У бібліятэчцы друкаваліся кнігі Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Янкі Сіпакова, Паўла Місько і многіх-многіх іншых.
Давайце прыгадаем, напрыклад, напрыканцы 1980-х гадоў выданне ў бібліятэчцы “Вожыка” “Сказа пра Лысую гару” Францішка Вядзьмака-Лысагорскага. Гэта мы цяпер ведаем, што аўтарам “Сказа…” з’яўляецца Ніл Гілевіч. А тады аўтарам быў невядомы Вядзьмак-Лысагорскі. Рэдагаваў “Вожык” у той час найвыдатнейшы беларускі пісьменнік і чалавек Валянцін Блакіт (1938-2007). Дзякуючы Валянціну Уладзіміравічу, надрукавалі “Сказ пра Лысую гару” 30-тысячным накладам. І поспех выдання быў фенаменальны: за адзін дзень разышоўся ўвесь тыраж. А чытачы пачалі пісаць у “Вожык”, тэлефанаваць, нават пагражаць, чаму “Сказ…” надрукаваўся малым накладам. І тады рэдактар Валянцін Блакіт вырашае надрукаваць дадатковы наклад у 100.057 асобнікаў, каб хапіла ўсім, каго гэта паэма зацікавіла.
У “Вожыку” друкаваліся амаль усе пісьменнікі, пачынаючы ад Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пры “Вожыку” выдаваліся не толькі бібліятэчка, але і калектыўныя зборнікі сатыры і гумару, пераклады. З часопісам супрацоўнічалі мастакі Анатоль Волкаў, Сяргей Раманаў, Мікалай Гурло, Валянцін Ціхановіч, Рыгор Грамыка і дзесяткі іншых славутых беларускіх мастакоў.
У 1992 годзе ў Менску выходзіць літаратурны зборнік “Вожык смяецца”, куды ўвайшлі лепшыя творы “вожыкаўцаў” за 50 гадоў. На 500 старонках выдання, былі надрукаваны вершы, п’ескі і апавяданні, пачынаючы ад Петруся Броўкі, Анатоля Астрэйкі, Кандрата Крапівы, Якуба Коласа, Максіма Танка і тых аўтараў, хто друкаваўся на старонках “Вожыка” ў 1980-1990-х гадах. А гэта Сяргей Грахоўскі, Ніл Гілевіч, Уладысь Цвяткоў, Васіль Гігевіч, Георгій Марчук, Георгій Юрчанка, Алесь Петрашкевіч і дзесяткі іншых пісьменнікаў.
І хоць у апошнія гады наклад выдання значна зменшыўся, тым не менш пра “Вожык” беларусы ведалі, чыталі яго, любілі і ўсміхаліся. “Вожык” заўсёды натхняў людзей на жыццё, ён ніколі не губляў сваёй надзённасці, хаця і шмат каго крытыкаваў, высмейваў, турбаваў. Але цяпер, відаць, у нашай краіне не да смеху і жартаў. Наш любімы “Вожык” смяяцца ўжо не будзе. Хаця я, шчыра кажучы, веру, што ён вернецца на Беларусь. Як пісаў аўтар “Сказа пра Лысую гару”:
Аднак жа хопіць! Больш ні слова!
Мне адпачыць даўно пара.
Бывай жа, брація, здарова!
Да стрэчы, Лысая гара!
Бывай, “Вожык”! І да сустрэчы! Галоўнае, не падаць духам, і не губляць гумар, настрой і надзею на ўсё светлае і шчаслівае, а яно нас чакае наперадзе. А, можа, яшчэ і абыдзецца…
Сяргей ЧЫГРЫН.