…Мінулай восенню яму споўнілася б 95 гадоў … лёс наканаваў яму нарадзіцца ў трагічны дзень/ноч гісторыі Беларусі…. У в. Боркі ў 1937 трагічная ноч была і свая…
Алесь Ліпень (30.10.1925-30.05.2006) нарадзіўся 30 кастрычніка 1925 года ў в. Боркі Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці, каляч станцыі Ясень і вёскі Глуша – радзімы Алеся Адамовіча. Бацька Ясь (Ян) 1890 года нараджэння, працаваў у гаспадара Малішэўскага, пасля І Сусветнай вайны з войска прывёз зінгераўскую швейную машынку, гармонік і фотаздымак вайсковых музыкаў, дзе служыў. Пазней, у 1937 годзе гэты здымак паслужыць адным з доказаў яго віны. Усяго ў дзеда было 7 дзяцей – 4 браты і 3 сястры, ужо іх дзеці лічылі сябе беларусамі-католікамі. Былі “рукастымі”, будаўнікі, цесляры, кавалі. Браты пабудавалі абшарніку дом, і ён ім выдзеліў кожнаму зямлю і лес для будаўніцтва хатаў. Па ўспамінах Алеся Ліпеня ў 30-я гады да іх у вёску прыехалі “самыя бедныя” і забралі ў суседзяў Малішэўскіх і сваякоў Ждановічаў усё, што ім спадабалася, хто супраціўляўся, білі, арыштоўвалі. Гэта былі пяцідзесятнікі (50 тысяч салдат і матросаў, якіх Савецкая ўлада паслала ваяваць з людзьмі сваёй зямлі, як піша Алесь Ліпень), арыштаваным дазвалялі ўзяць у Сібір 50 кілаграмаў самага неабходнага. Сям’ю Ліпеняў не раскулачвалі ў 1930, бо і зямлі яны фактына не мелі. У 1937 годзе было па-іншаму. За адну ноч, як піша Данута Бічэль у кнізе “Хадзі на мой голас” пра Алеся Ліпеня, забралі 12 мужчынаў. Гэта з адной вёскі, і гэта была не інтэлігенцыя, з якой змагаліся “швондзеры і шарыкавы”. Жонка Аляксандра Ліпеня кажа, што брата Браніслава і яго суседа арыштавалі проста ў час працы ў полі. Па бацьку прыйшлі ў будзёнаўках са штыкамі каля 23.00 у хату проста для вобшуку, каб нешта знайсці крамольнае на іх недасведчаны розум. Ян Ліпень думаў, што ў турме з яго рукамі таксама не прападзе, але, відаць, падпісаў пасля здзекаў нейкія паперы, і яго расстралялі. Падставы былі дзікунскія, у хаце знайшлі падручнік на польскай мове з менскай школы, дзе вучылася пляменніца, а напісалі ў пратаколе: “На замежнай мове літаратура” (значыць шпіён). Шукалі любую нагоду для арышту і запалохвання чалавека. Каб не падпісаў дакументы, маглі проста закатаваць ці зрабіць інвалідам. Быў такі выбар. Вярнуліся двое ці трое з вёскі, каб дома памерці ад пабояў у турме. Не вярнуўся ба-цька Аляксандра Ян Ліпень, яго брат і дзядзька, а таксама браты Пракаповічы па матулі. Стрыечнаму дзядзьку Аляксандра Ліпеня, лётчыку Іосіфу Пракаповічу заціскалі пальцы ў дзвярах, каб пры-знаўся, што хацеў падарваць Крэмль, а ён у Маскве ніколі не быў. З 40 двароў у Сібір вывезлі 14, дадому вярнулася толькі адна сям’я. Калі ў Гародні Алеся Ліпеня прасілі сябры расказаць пра дзяцінства, то ён не вельмі любіў узгадваць тыя кашмары, гэта было неяк балюча, бо замест застрэленага камуністамі бацькі у 11-12 гадовым узросце давялося ўсю гаспадарку і вялікую сям’ю самому трымаць, было не соладка жыць, араў і баранаваў, усім дапамагаў, бо быў адзіны мужчына на плячах якога была матуля, сяст-ра, бабуля з прыёмнымі сіротамі і трое прыёмных сірот. Вёска Боркі – гэта выдатны прыклад міласэрнасці таго часу да сірот пасля забойстваў нелюдзямі іх бацькоў, тут захавалася радзінна-вясковая салідарнасць. Гісторыя вёскі Боркі, як казала потым жонка Алеся Ліпеня, гэта як гісторыя усёй нашай шматпакутнай краіны. У 1938/1939 гг., калі ў школе прынялі ўсіх дзяцей у піянеры, то завуч Суліма падышоў да Алеся і іншых сіротаў і сказаў здымаць піянерскія гальштукі, бо тут не месца для “ворагаў народа”. Пасля такой правакацыі завуча ў хлопцаў некаторыя дзеці пачалі кідаць камяні і палкі, і яны вымушана схаваліся ў лесе. Разрульваў сітуацыю дырэктар, калі дзеці не вярнуліся ў школу. Таму Алесь вырашыў перайсці ў школу в. Глуша, і там было больш бяспечна, там быў сваяк у пажарнай камандзе, які дамагаў хлебам. У вёсках былі праблемы з хлебам, часам з вечара каля хлебапякарняў займалі чэргі. Да саветаў гэтага не было. Хутка прыйшла новая навала, ужо з Захаду – нямецкія фашысты. Але, праз тыдзень пасля пачатку вайны немцы калонай байкераў прыехалі, папілі вады са студні і паехалі далей. Ужо потым, каля хаты была нямецкая камендатура, у вёсцы размяшчалася нейкая нямецкая гаспадарчая частка, там былі і салдаты -інваліды, якія нашкодзілі сабе фізічна, каб не ісці на вайну. Немцы раздалі ўсё калгаснае дабро людзям. І людзі, як маглі, працавалі збольшага на сябе. Жонка Аляксандра кажа, што ў войска Алесь трапіў, калі прыйшлі саветы, роўна праз 3 га-ды пасля пачатку вайны. Шэсць гадоў ён быў у савецкім войску (1944-1950), у Германіі з двума салдатамі трое сутак ахоўваў мост, афіцэры пра іх забыліся… калі ўспомнілі, то далі 10 сутак адпачынку. Калі на кухні пачаліся неда-хопы харчавання і салдаты абурыліся, то камандзір зшыхтаваўшы ўсіх на пляцы запытаў: ” Хто са служывых беларусы?” Алесь і яшчэ некалькі чалавек прызналіся, хто яны (беларусаў лічылі, як казала жонка Алеся, найбольш чэснымі і прыстойнымі), і беларусы пайшлі ўсе працаваць на кухню, напруга з харчаваннем у вайсковай частцы была знята. Праўда, звання ветэрана вайны і нейкіх ільготаў так і не атрымаў. З радасцю ехаў на дахах вагонаў з Германіі ў час 10 суткавага адпачынку дахаты, але ў хаце Алеся папярэдзіў сумленны беларускі настаўнік аб тым, што Віця Бунь панёс у сельсавет данос пра вяртанне дадому сына “ворага народа”. Алесь Ліпень паехаў назад у вайсковую частку, каб не забралі ў турму. Дамоў з войска вярнуўся толькі напрыканцы 1950 года. Паступіць у рамесную вучэльню ці мастацкую ён не мог, зноў жа як сын “ворага народа”. У “ФЗО” Бабруйска спрабаваў, але ў час медагляду прыляцеў нейкі звар’яцелы ідэолаг і за руку выкінуў голага Алеся на мароз, добра, што ў другой руцэ было адзенне. Ці дараваў ён гэтыя маральна-псіхалагічныя здзекі ўладу трымаўшым невукам? Знешне гэта не было, канешне, відаць, але ў душы накіп акумуляваўся. Пазней, калі вядомыя мастакі ўбачылі яго мастацкія творы, у прыватнасці Алег Бембель, прапаноўвалі вучыцца ў інстытуце, Заір Азгур казаў, каб толькі сачыненне напісаў на “3” і мы прымем, але было запозна, трэба было карміць ужо сваіх дзяцей, і жонка не вельмі гэтаму спрыяла. Колькі прыніжэнняў, страху ў жыцці давялося перажыць, каб стаць асобай, якую нарэшце пачалі паважаць…
… Дома даведаўся, што ў Гародні працуе сваяк, напісаў ліст яму і прыехаў у Гародню, бо адчуваў, што спакою на малой радзіме не будзе. Уладкаваўся на працу на электрастанцыю машыністам турбіны, працаваў майстрам, старэйшым майстрам. Завочна вучыўся ў школе працоўнай моладзі, потым у Маладзечанскім тэхнікуме. Купіў фарбы і хадзіў на бераг Нёмана маляваць пейзажы. Бацька-Нёман стаў яму родным. Прыродная здольнасць добра маляваць праявілася яшчэ ў пачатковай школе, калі за малюнак Леніна на дошцы ў час праверкі РАНА калгас яму купіў новую шапку. Таму адзін з журналістаў свой артыкул пра Алеся Ліпеня так і назваў “Усё пачалося з шапкі”. У войску маляваў салдатам па фотаздымках дзяўчат, рабіў насценную газету, а ў Гародні за афармленнне стэндаў пасля работы выдзелілі пакой. Але, каб хутка не ажаніўся, то маглі б пакой забраць. Жонку ўзяў са сваёй вёскі, шлюб удзяліў ім біскуп Аляксандр Кашкевіч. Алесь і Альгерда выпадкова сустрэліся на Гарадзеншчыне, яна толькі скон-чыла кааператыўны тэхнікум, пасябравалі, потым хутка і распісаліся, шлюбная ўстанова была там, дзе зараз кінатэатр “Чырвоная зорка”. У 1953 годзе нарадзілася старэйшая дачка. “Гарадзенскі перыяд” быў самы доўгі і цікавы. Менавіта ў Гародні Алесь Ліпень здабыў аўтарытэт, любоў і пашану ад сяброў і ўлады. Ён да канца жыцця сябраваў з усімі, хто з ім працаваў у тым цэху на электрастанцыі і ўсіх іх пахаваў, апошняга за 2 тыдні да сваёй смерці, як піша Данута Янаўна. У 60-я гады муж Дануты Бічэль Эрык выпадкова меў кантору праз сценку з Ліпенем. З таго часу Алесь Ліпень быў знаёмы і сябраваў з сям’ёй Дануты Бічэль. Пасля смерці мужа апекаваліся Данутай Бічэль Аляксандр Ліпень і Апанас Цыхун. Творчы працаголік Аляксандр ніколі не асуджаў людзей, не абураўся, не павышаў голас. Ён ніколі не спазняўся і нікуды не спяшаўся. Ніколі не ірваўся наперад, і такі ён быў, бадай, адзіны, як пісала пра яго Данута Бічэль. Ён не меў сваёй майстэрні аж да пенсіі, пісаў карціны ў сваёй двухпакаёвай кватэры, дзе гадаваліся дзве яго дачкі. А калі атрымаў майстэрню ў цэнтры горада, то хто толькі там не пабываў з гарадзенкай інтэлігенцыі, прыходзячы на кубак гарбаты. Напрыклад, Данута Янаўна любіла ў майстэрні месца, адкуль было найлепш відаць улюбёную Каложу. Свае творы не прадаваў на выставах ці на вуліцах, ён проста іх маляваў, і па іх прыходзілі знаёмыя знаёмых. Габрэям ён маляваў зімовыя пейзажы, і яны задаволеныя ад’язжалі на сваю новую радзіму са “снегам” з малой радзімы – Гародні. Мастакі здзіўляліся, калі даведваліся, што Аляксандр нідзе не вучыўся, а меў сваю школу, свой стыль і густ. Гарадзенскі мастак і старэйшы сябар, які быў на вяселлі Аляксандра і Вольгі (Альгерды) Валянцін Савіцкі параіў яму заняцца разьбой па дрэве, скульптурай і Аляксандр Ліпень вельмі захапіўся гэтым аб’ёмным відам мастацтва. Скульптура “Гусляр” пасля шматлікіх міжнародных выстаў трапіла ў музей Янкі Купалы, жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна, якая напачатку ХХ стагоддзя з Алаізай Пашкевіч адкрывала на Гарадзеншчыне падпольныя беларускія школы, набыла “Гусляра” ў Ліпеня. Ён захоўваў яе лісты пасля перапіскі з ёю. Яго скульптурныя і мастацкія працы падараваны былі таксама Алесю Белакозу для яго славутага музея ў Гудзевічах. Ён – аўтар мемарыяльнай дошкі для Дома-музея Міхася Васілька ў Скідзелі, дэкаратыўных кампазіцый у парках Гародні і Гарадзеншчыны (Гудзевічы, Эйсманты, Беняконі, Наваградак, Астравец), Берасця. Скульптурныя партрэты сям’і Максіма Багдановіча зрабіў да 90-годдзя з дня яго народзінаў. Адлітыя ім медалі купіў музей паэта ў Менску. Ён аўтар партрэтнай галерэі выбітных людзей Гарадзеншчыны і Беларусі. Гэта бюсты Вольгі Соламавай, Францішка Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Валерыя Урублеўскага, Францішка Багушэвіча, Яна Чачота, Алаізы Пашкевіч, Максіма Багдановіча, Мікалая Гусоўскага, Аляксея Антонава, Яўхіма Карскага, Артура Цяжкага, Аляксандра Шыдлоўскага, Рыгора Шырмы…
Лёс Аляксандра Ліпеня выпадкова ці свядома зводзіў з вядомымі ў Беларусі асобамі. З Васілём Быкавым Аляксандр Ліпень пазнаёміўся каля сваёй паветкі, дзе захоўваў бярвенні для сваіх скульптурных твораў, Васіль Быкаў жыў тады праз агароды на вуліцы Чапаева. Калі ў 1965 годзе Уладзімір Караткевіч прыехаў у Гародню, каб напісаць свой раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, то вазіў яго па наваколіі Аляксандр Ліпень на сваім знакамітым “масквічы”.
Разам з Марыяй і Аляксеем Пяткевічамі, Генадзем Каханоўскім, Лявонам Луцкевічам і Нінай Ляшковіч быў у гасцях у славутай Зоські Верас. Калі празаіку Артуру Цяжкаму было вельмі блага перад смерцю, ён зайшоў да Аляксандра Ліпеня… Калі сам ляжаў у абласной бальніцы і лячыў сэрца, то трапіўся добры і ўважлівы доктар, якому Аляксандр Ліпень падараваў бюсты Каліноўскага і Урублеўскага для аддзялення кардыялогіі абласной бальніцы. На жаль, гэтыя выявы беларускіх кіраўнікоў паўстання 1863-1864гг. страчаны ( аб чым не раз наракала Альгерда Ліпень). Страчаны таксама і выявы беларускіх песняроў – Купалы і Коласа, якія ўпрыгожвалі пляцоўку каля былога палаца культуры “Юнацтва”. Ці захаваліся да сёння творы ў іншых гарадах і мястэчках Гарадзеншчыны?
Па ўсёй Беларусі не пералічыць барэльефаў, бюстаў і помнікаў, зробленых рукамі самадзейнага народнага майстра. Як піша спадарыня Данута, шмат яе знаёмых пры жыцці замаўлялі сабе пасмяротныя помнікі, а з Ліпенем было лёгка дамаўляцца, бо ён рабіў так, як яны хацелі. Добра памятаю, як Апанас Цыхун расказваў пра краязнаўчыя паездкі па навакольных вёсках разам з Аляксандрам Ліпенем, як яны ездзілі разам да дуба “Яна Чачота”, у Лашу, у іншыя мясціны, таксама перад смерцю Апанас Цыхун паказваў схаваны на ганку пасмяротны помнік. Пытаў, ці добра зроблены. Ці не праца гэта была Аляксандра Ліпеня? У Апанаса Цыхуна давялося і пазнаёміцца з Аляксандрам Ліпенем, які мне падаўся на першы погляд занадта спакойным і задуменным. Я не ведаў тады яшчэ пра яго сямейную трагічную гісторыю….магчыма з гэтай сямейнай гісторыяй і звязаны дамінантныя светлыя колеры, якіх ён хацеў больш бачыць у жыцці і найбольш імі карыстаўся. Да яго гарнуліся шматлікія гарадзенцы, бо нейкая прыцягальная энергетыка зыходзіла ад яго разважлівага і надзейнага, творчага і неабыякавага чалавека да лёсаў іншых людзей, найперш родных і сяброў. Народныя майстры і вучні пра яго казалі, што ён “Стваральнік асяроддзя”, “Разьбяр Святла”. Сотні яго прац, найперш пейзажы, знаходзяцца ў многіх краінах свету – ЗША, Канадзе, Германіі, Ізраілі, Аргентыне… Народны мастак, скульптар, разьбяр па дрэве, удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў самаробнага мастацтва, розных конкурсаў і фестываляў, узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені (1976), бронзавым медалём “ВДНГ СССР” (1960) за скульптуру да паэмы Янкі Купалы “Гусляр” і імянным гадзіннікам, медалём за выдатную працу. З 1957 года сем разоў абіраўся дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў. Членам КПСС ніколі не быў. Рашэннем Гарадзенскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 8 ліпеня 2014 года № 16 за ўклад у развіццё беларускай народнай творчасці Аляксандр Ліпень занесены ў Кнігу славы Гародні.
Ён марыў, каб яго пахавалі на малой радзіме, але… памёр народны майстар Святла не дамаляваўшы да канца ўласную вёсачку з трагічным лёсам – Боркі, якая знаходзіцца ў самым сэрцы Беларусі 30 траўня 2006 года, праз год пасля смерці свайго сябра Апанаса Цыхуна. Непадалёку знаходзяцца іх магілы каля прадпрыемства “Азот”.
Яго жонка Альгерда Канстанцінаўна, ці Вольга, як яе называлі таксама, пасля наведвання могілак і сяброўскіх сустрэч у гасцёўні спадарыні Сафіі Вераб’ёвай, была нешматслоўнай, бо трохі не дачувала, склала свой вялікі сямейны радавод, памагала зрабіць арганізатарам выставу твораў Алеся Ліпеня ў гімназіі № 1 імя Я. Карскага, дапамагала мужу пісаць трагічную гісторыю вёскі Боркі, вырабляць твар камсамолкі Вольгі Соламавай (Саломы). Спачатку не атрымалася, як і ў Аляксандра, але гэта падштурхнула Аляксандра да новых спробаў. Нарэшце скульптуру Вольгі Соламавай убачылі яе маці і брат, якія некалі жылі па суседстве з Ліпенямі на вуліцы Леніна і расплакаліся, пазнаўшы родныя рысы твару падпольшчыцы, забітай фашыстамі ў часы ІІ Сусветнай вайны…
Сябры Гарадзенскага ТБМ, УЗВ, іншых грамадскіх арганізацый, проста знаёмыя, не забываюць аддаць даніну памяці светламу чалавеку з пакутным беларускім лёсам на Радаўніцу ці восенскія Дзяды.
Алесь Крой.