Як і ў любыя часы вельмі актуальнае было жыллёвае пытанне. І таму звычайнай з’явай былі абвесткі аб абмене і продажы кватэр, дамоў, або асобных пакояў: “Прадаецца дом, размерам 18 на 18 і с-рай. Звяртацца па адрасу: Магілёўскі раён, Амхаўскі сел. совет, вёска Быстрык, да Пухоўскага Ф”, “Мяняю сонечны пакой 16 кв. метр. у раёне шоўкавай фабрыкі на пакой ці кватэру ў горадзе. Аплачу рамонт, перавозку. За даведкамі звяртацца з 7 гадзін вечара па тэлефону 89 – 51”, “ПРАДАЕЦЦА ДОМ з надворнымі пабудовамі. Звяртацца: чыгуначны пасёлак № 6 (станцыя Магілеў І) да Вайтаніса з 4 да 8 гадзін вечара”. І самая лаканічная інфармацыя: “Адзінокаму патрэбен пакой. Званіць па тэл. 86 – 83”.
Адным з самых улюбёных месцаў для адпачынку гараджан быў кінатэатар “Чырвоная зорка”, дзе паказвалі фільмы адпаведныя духу той няпростай эпохі: “Шел солдат с фронта”, новы гукавы гісторыка – рэвалюцыйны фільм “ЛЕНИН в 1918 году” у якім па прычыне вялікага метража пачатак сеансаў адбываўся – першага роўна ў 4 гадзіны дня, другога ў 6 гадзін, трэцяга ў 8 гадзін 40 хвілін і чацвёртага ў адзіннацаць гадзін, гукавы мастацкі фільм “МЯДЗВЕДЗЬ” па Чэхаву, а звыш праграмы новы гукавы фільм “ПА АБХАЗІІ”.
Магілёўскі драматычны тэатр прымаў у свае сцены ударнікаў сацыялістычнага будаўніцтва і тэатральныя калектывы, якія завіталі да нас на гатролі: “Гастролі Дзяржаўнага Яўрэйскага тэатра БССР (памяшканне гортэатра) 21, 22 і 24 красавіка СУЛАМІФЬ (музычная легенда ў 3 актах, 6 карцінах). 23, 26 красавіка ТЭЎЕ дер МІЛХІКЕР п’еса ў 4 актах, 8 карцінах. Папярэдні продаж білетаў у касе тэатра з 12 да 14 гадзін і з 17 да 21 г. Арганізацыі, закупіўшыя пастаянныя месцы, атрымліваюць білеты штодзённа з 12 да 14 гадзін і з 17 да 21 гадзіны”. А ў раздзеле “Паведамленні” чытаем наступнае: “Магілеўскі гарком КП(б)Б і горсовет склікаюць злёт стаханаўцаў-будаўнікоў, які адбудзецца 11 красавіка г.г. роўна ў 6 гадзін вечара ў гарадскім тэатры. Сакратарам пярвічных партарга-нізацый білеты атрымаць у ГК КП(б)Б, пакой № 5. ГАРКОМ КП(б)Б, ГОРСОВЕТ.”
Грунтоўна адбывалася ў нашым горадзе падрыхтоўка да дзяржаўных святаў. Да першага мая краязнаўчы музей штодзённа праводзіў кансультацыі па пытаннях афармлення калон і памяшканняў. Калі будынкі ўпрыгожвалі ілюмінацыяй, то ў такім разе неабходна было падаваць адпаведныя заяўкі ў Энергазбыт: “Магілёўскае аддзяленне Энергазбта БЭК даводзіць да ведама прадпрыемстваў і ўстаноў, што заяўкі на ІЛЮМІНАЦЫЙНЫЯ ўстаноўкі да першамайскіх свят павінны быць пададзены не пазней 28 красавіка. Пасля ўказанага тэрміну ніякія заяўкі прымацца не будуць. Усе далучаныя без дазволу электраўстаноўкі будуць разглядацца як самавольна ўключаныя і будуць адключаны, а віноўныя ў самавольным уключэнні – аштрафаваны. У заяўках павінна быць указана: 1. Патрабуемая магутнасць; 2. Учот выдаткавання электраэнергіі на ілюмінацыі; 3. Час уключэння ілюмінацыі; 4. Напружанасць…”.
Досыць незвычайным па сённяшнім часе сродкам прапаноўвалі рабіць прышчэпкі ад некаторых хвароб: “Магілеўскім горздравам і санітарнай станцыяй з 20 красавіка будуць праводзіцца па гор. Магілеву ПРЫШЧЭПКІ супроць ДЫЗЕНТЭРЫІ шляхам раздачы таблетак усім грамадзянам, якія жывуць па Першамайскай, Ленінскай, вул. Шмідта, В. Грамадзянскай і некаторых іншых вуліцах. Раздача таблетак будзе праводзіцца з 5 гадзін раніцы, таблеткі прымаюцца нашча. Просьба да ўсіх грамадзян аказваць садзеянне работнікам праводзячым прышчэпкі. Магілеўская санітарная станцыя.”
Аматарам прыгожых раслін газета “Комунар Магілеўшчыны” падкажа, куды трэба звяртацца: “Да ведама калгасаў, калгаснікаў і ўстаноў. У Баркалабаўскім лясніцтве ёсць у продажы ДЭКАРАТЫЎНЫЯ ДРЭВЫ, як-та: клён, белая акацыя, сірэнь. Звяртацца па адрасу: Баркалабаўскае лясніцтва, кардон Ходучыцы. Быхаўскі лесгас.”
Для тых, хто збіраўся атрымаць сярэднюю і вышэйшую адукацыю, набыць прафесію, або павысіць сваю кваліфікацыю газета ў гэтай справе была вельмі карысным дарад-цай па адпаведнай інфармацыі. Свае прапановы тут друкавалі навучальныя ўстановы Магілёва, Магілёўскай вобласці і нават Масквы і Ленінграда. Будучыя музыкі чыталі наступнае: “Магілеўская дзіцячая музычная школа імені Н.А. РЫМСКАГА-КОРСАКАВА (Ленінская 78/11), тэл. 83-09) абвяшчае ПРЫЁМ ВУЧНЯЎ на 1939 – 1940 навучальны год. Прыём заяў вытвараецца з 10 мая да 25 жніўня 1939 г. Аддзелы: аркестровы (скрыпка, альт, віяланчэль, флейта, кларнет, габой, валторна, труба, трамбон); фортэп’янны; народных інструментаў (домра, мандаліна, балалайка); дашкольны: для 7-гадовых дзяцей. На працягу мая і чэрвеня ў школе даюцца кансультацыі па пытаннях выбару інструментаў. Прыёмныя іспыты адбудуцца з 25 па 28жніўня. Пачатак заняткаў – 1 верасня. Увага: Дзеці, маючыя музычную падрыхтоўку, могуць быць дапушчаны да прыёмных іспытаў з 15 мая па 10 чэрвеня”. Маладых пісьменнікаў таксама ў нас навучалі: “12 красавіка, у 12 гадзін дня, у рэдакцыі газеты “Комунар Магілеўшчыны” (пакой № 9) адбудзецца літаратурная кансультацыя для пачынаючых пісьменнікаў. На кансультацыі будзе прачытан даклад аб творчасці Маякоўскага. Чытае даклад дацэнт магілеўскага педінстытута тав. Ульрых. РЭДАКЦЫЯ “К.М.”. А рэдакцыя газеты ў той час, дарэчы, была па адрасе вуліца Міронава 27. г.зн. у будынку сучаснага музея П. Масленікава.
Для тых, хто хоча стаць медыцынскім супрацоўнікам, таксама ёсць прапановы. Народны Камісарыят Аховы Здароўя БССР запрашае набыць спецыяльнасць медсупрацоўніка: “Магілеўская двухгадовая школа МЕДСЯСЦЁР аб’яўляе НАБОР на наступныя курсы: 1. Медычных сясцёр – тэрмін навучання 10 месяцаў. 2. Ясельных сясцёр – тэрмін навучання 10 месяцаў. 3. Патранажных сясцёр – тэрмін навучання 7 месяцаў…”.
Таксама друкаваліся абвесткі Магілёўскага і Гомельскага педінстытутаў. Пры паступленні на першы курс завочнага навучання Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута на гістарычны, геаграфічны і літаратурныя факультэты былі адпаведныя патрабаванні: “Паступаючыя прадстаўляюць наступныя дакументы: заяву на імя дырэктара з указаннем факультэта, падрабязную аўтабіяграфію, атэстат аб сканчэнні сярэдняй навучальнай установы (у подлінніку), чатыры завераныя фотакарткі, выпіску з пастановы атэстацыйнай камісіі, завераную РАНА (для настаўнікаў, якія прайшлі атэстацыю). Прыём заяў вытвараецца з 1 кра-савіка па 25 чэрвеня ўключна. Прыём іспытаў з 25 чэрвеня па 10 ліпеня. Пасля указаных тэрмінаў прыём заяў і іспытаў не вытвараецца. Падрабязныя правілы прыёму высылаюцца па патрабаванню. Заявы падаваць па адрасу: Магілеў, Ленінская 35, завочны сектар педінстытута. ДЫРЭКЦЫЯ”. Той, хто хацеў набыць будаўнічую прафесію, мог запісацца на трохмесячныя курсы “каменш-чыкаў, штукатураў, кровельшчыкаў, сталяроў, плотнікаў”, а таксама і на шасцімесячныя курсы слесараў па сантэхніцы.
Для будучых ваенных таксама былі прапановы… “Ленінградскае Ваенна-Медыцынскае вучылішча РСЧА адкрыла прыём заяў на І курс. Іспыты будуць вытварацца з 15 ліпеня. Вучылішча рыхтуе ваенфельчараў. Тэрмін абучэння 2 гады. Маскоўскае Ваенна-Інжынернае вучылішча аб’яўляе прыём на 1939-40 вучэбны год. Скончыўшым вучылішча прысвойваецца званне лейтэнанта інжынерных войск РСЧА. У вучылішча прымаюцца “асобы мужчынскага пола” ва ўзросце ад 17 да 23 год”. Для тых, каму неабходны фатаздымак або партрэт, то гэта можна было зрабіць без праблем у фотамайстэрнях Магілёва і ў іншых гарадах вобласці: “Магілеўская фотаарцель “Чырвоны светапіс” заключае дагаворы з навучальнымі ўстановамі горада і вобласці НА ВЫТВАРЭННЕ ГРУПАВЫХ ЗДЫМКАЎ. Якасць і своечасовае выкананне заказаў гарантуюцца. Нашы аддзяленні: Магілеў, Ленінская, 34, тэл. 93 – 45; Першамайская, 26, тэл. 93 – 46; в. Ульянава – Крупскай, 17-а, а таксама ў гарадах Шклове і Чэрыкаве. Па выкліку ў іншыя гарады вобласці высылаем кваліфікаваных спецыялістаў. Жывапісная майстэрня арцелі прымае заказы на ізгатаўленне розных мастацкіх масляных партрэтаў на палатне, вывесак, сцягоў і інш. Арцелі патрабуюцца на работу спецыялісты-фатографы і жывапісцы для работы ў Магілёве і раёнах”. Можна было зарабіць на зборы і вырошчванні садавіны, гародніны і зёлак. Рогі і капыты таксама каштавалі пэўных грошай: “Усе райзагі і сельпо Магілеўскай вобласці ЗАГАТАЎЛЯЮЦЬ: брусніку, розныя грыбы (сушаныя і свежыя), лікаподзій (дзераза), гуркі, раннюю бульбу, вішні, слівы, скуры розных выглядаў, уцільсыравіну: капыты, рогі, косці, жалеза-лом, каляровы метал-лом. Пух, пяро, пушніну, мехсыравіну, шэрсць-лінку, мёд, воск. І інш. Магілеўскі абласны спажывецкі саюз.”
Акрамя таго вам у газеце абавязкова нагадаюць, што трэба тэрмінова здаць кнігі ў “Магілеўскую гарадскую бібліятэку імені Карла Маркса” і ў “Магілеўскую яўрэйскую бібліятэку імя Пераца”, падкажуць, як выправіць самы дрэнны почырк, паведамяць, што “У памяшканні канферэнц-залы Магілеўскай соўбальніцы адбудзецца НАВУКОВАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ ЎРАЧОЎ”, на якой доктары Гольдберг і Легянчэнка зробяць даклад. Прычым вы будзеце прыемна здзіўлены тым, што на гэтую канферэнцыю яўка ўсіх ўрачоў абавязковая і пачынаецца яна … у 9 гадзін вечара. Адкрыццём для вас стане наступная інфармацыя: “На падставе прыгавору народнага суда 1 участка гор. Магілева грам. Ерузалімчык Е.С. абвяшчаецца грамадскае ганьбаванне за нанясенне знявагі гр-ну Каганеру”. Адпаведнага зместу абвесткі былі даволі частыя.
З радасцю для сябе адкрыеце, што набыць “торты, бісквіты, пірожныя ўсіх гатункаў, пячэнне, пончыкі, тэйгель, мядовыя пранікі, розную здобу, какао, каву, чай, малако, смятану, “зліўкі”, марожанае, шакалад” і шмат яшчэ чаго іншага смачнага можна ў новым кафэ “Магілеўскага аддзела грамадскага харчавання” па вуліцы Першамайскай, дом 8. Прычым, кафэ працавала з 8 гадзін раніцы да 12 гадзін ночы. Для ўладальнікаў ровара будзе карысным даведацца пра ўмовы атрымання….нумарных знакаў: “Да ведама ўсіх велатрымацеляў г. Магілева і раёна. МАГІЛЕЎСКІ РАЙДОРАДДЗЕЛ (Першамайская, 71, трэці паверх, тэлефон № 83 – 28) з 15 красавіка пачынае выдачу нумарных знакаў к веласіпедам на 1939 год. Для атрымання нумарнога знака неабходна прад’я-віць квітанцыю па аплаце пада-тку…”.
Газета “Комунар Магілеўшчыны” за 1939 год з’яўляецца каштоў-най крыніцай інфармацыі па гісторыі Магілёўшчыныі. На жаль, у нашым Партархіве маюцца далёка не ўсе тагачасныя нумары. Нашым гісторыкам і даследчыкам у будучым давядзецца прыкласці многа намаганняў па пошуку, вывучэнні і перавыданні гэтай цікавай газеты.
Алег Дзьячкоў. Магілёў.