Непасрэдна перад судом па ліквідацыі ТБМ, 4 лістапада, Таварыства зрабіла апошнюю спробу дамовіцца і даслала ў Мінюст прапанову аб заключэнні міравога пагаднення.
С.М. Хаменку,
Міністру юстыцыі
Рэспублікі Беларусь,
вул. Калектарная, 10,
220004, г. Мінск
Прапанова аб заключэнні міравога пагаднення
па судовай справе аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання
“Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”
Паважаны Сяргей Мікалаевіч!
У Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь на 8 лістапада 2021 г. прызначана судовае паседжанне па ліквідацыі нашай арганізацыі на падставе іскавой заявы Міністэрства юстыцыі.
У іскавой заяве аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Міністэрства юстыцыі спасылаецца ў якасці фактычнай падставы для іска на тое, што ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” не выканала патрабаванні, якія былі ў другім пісьмовым папярэджанні, што было вынесена на адрас аб’яднання рашэннем Міністэрства юстыцыі ад 19 ліпеня 2021 года № 169.
Па сутнасці справы, звяртаем Вашу ўвагу на тое, што ТБМ было заснавана звыш 30-ці гадоў таму назад. За гэты час было праведзена шмат разнастайных мерапрыемстваў, у тым ліку міжнародныя канферэнцыі, круглыя сталы, прэзентацыі выданняў. Наша арганізацыя мае дастаткова працяглы перыяд супрацоўніцтва з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі ў справе падпіскі на беларускія перыядычныя выданні раённых бібліятэк і музеяў, а таксама школ і гімназій з беларускай мовай навучання па ўсёй краіне.
Сябры ТБМ працуюць у многіх дзяржаўных установах: музеях, школах, каледжах, ВНУ. Наша дзейнасць заснавана на Статуце арганізацыі і адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і актам заканадаўства.
Усе найважнейшыя падзеі, датычныя дзейнасці суполак, раённых і абласных структур рэгулярна асвятляюцца ў газеце “Наша слова”, якая з’яўляецца органам ТБМ.
Трэба адзначыць, што да сённяшняга дня нам не вярнулі тэхніку, якая была канфіскавана 15 ліпеня 2021 г. у офісе ТБМ, што, вядома ж, паўплывала на выкананне намі патрабаванняў Міністэрства юстыцыі.
Улічваючы, што на дадзены момант ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” зрабіла ўсё магчымае для таго, каб выправіць выяўленыя ў пісьмовым папярэджанні парушэнні ў належны тэрмін, прапануем заключыць міравое пагадненне на наступных умовах:
Адказчык, Грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”,
- Выпраўляе ўсе парушэнні заканадаўства, выяўленыя ў пісьмовым папярэджанні, што было вынесена на адрас аб’яднання рашэннем Міністэрства юстыцыі ад 19 ліпеня 2021 года №169, праінфармаваўшы пра гэта Міністэрства юстыцыі ва ўстаноўлены законам тэрмін.
Ісцец, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь,
- Адмаўляецца ад іска аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.
Старшыня ТБМ А. Анісім.
Міністэрства юстыцыі адхіліла прапанову ТБМ, і Вярхоўны Суд прыняў пастанову аб ліквідацыі ТБМ.
Калі і можна нешта некаму прад’явіць у гэтым пытанні, то не кіраўніцтву ТБМ. Змагаліся да апошняга моманту.

