25 лютага 1919 года Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аднак арганізацыйныя работы па яго адкрыцці зацягнуліся ў сувязі з часовай акупацыяй Менска палякамі.
У траўні 1921-га быў аб’яўлены прыём на рабочы факультэт, а 11 ліпеня на ўрачыстым паседжанні ў гарадскім тэатры абнародавалі тэкст Дэкрэта аб адкрыцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 30 кастрычніка адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны пачатку заняткаў. Першым рэктарам універсітэта Народны камісарыят асветы БССР прызначыў выдатнага гісторыка-славіста, выпускніка гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ, прафесара Уладзіміра Іванавіча Пічэту. Ён узначальваў БДУ цягам васьмі гадоў і ўнёс значны ўклад не толькі ў развіццё новай навучальнай установы, але і вышэйшай школы і навукі ў цэлым.
З пачатку 1930-х для ўніверсітэта, як і для ўсёй краіны, пачаўся складаны і супярэчлівы перыяд. Установу былі вымушаны пакінуць многія вядомыя прафесары, дацэнты і выкладчыкі. Некаторых з іх арыштавалі, у тым ліку Уладзіміра Пічэту. Такі ж лёс напаткаў і двух наступных кіраўнікоў БДУ – Язэпа Каранеўскага і Івана Ермакова.
У 1944-м на філфаку было адкрыта журналісцкае аддзяленне, дзе вучыўся былы франтавік, лётчык-герой Рыгор Васільевіч Булацкі – будучы першы дэкан факультэта журналістыкі, які пачаў дзейнічаць у 1967 годзе. У ліку самых вядомых выкладчыкаў не толькі факультэта, але і ўсяго ўніверсітэта быў і Аркадзь Іосіфавіч Наркевіч, якому прысвячаецца сёння прапанаваны нашым шаноўным чытачам нарыс.
ВІЗІТНАЯ КАРТКА. Аркадзь Іосіфавіч Наркевіч нарадзіўся 10 сакавіка 1929 года ў вёсцы Вараноўшчына Капыльскага раёна. Скончыў Менскі дзяржаўны педінстытут. Працаваў у школе, Інстытуце мовазнаўства АН БССР, Белдзяржуніверсітэце, дзе спачатку займаў пасаду дацэнта кафедры беларускай мовы філалагічнага факультэта, затым – кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання журфака, якую з часам узначаліў. Доктар філалагічных навук, прафесар. Аўтар вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ і каля 400 публікацый па розных пытаннях мовазнаўства, культуры мовы, стылістыкі і літаратурнага рэдагавання. Асноўныя працы – “Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Сінтаксіс”, “Граматыка беларускай мовы” ў двух тамах, “Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове”, “Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы”, “Практычны курс сучаснай беларускай мовы”. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.
ШЧОМЫСЛІЦКІЯ ЛІПКІ
СВАЮ, ці не першую лекцыю Аркадзь Іосіфавіч пачаў на нашым першым курсе ў 70-м з простай дыктоўкі. Усяго некалькі ўчорашніх абітурыентаў радаваліся сваім “чацвёркам”. У асноўным жа былі “тройкі” ды “двойкі”. Колькі атрымаў наш стараста нябожчык Мікола Аксяневіч, які пазнаёміўся з будучым (стаў яшчэ пры нашай вучобе) прафесарам, і які, як пасля высветлілася, раней мову ўвогуле не вывучаў, выкладчык перад усімі не агучыў. На гэта ніхто з нас не звярнуў аніякай увагі – кожны трывожна чакаў свайго “прысуду”. Але былы салігорскі шахцёр, які быў самым старэйшым з паступіўшых, хоць і прадчуваў непрыемнае, усё ж, не ўстрымаўся:
– Аркадий Иосифович, а сколько мне?.. – запытаў ён гулліва.
На колькі імгненняў у аўдыторыі павісла пагрозлівая цішыня. Аркадзь Іосіфавіч глыбока ўздыхнуў і вінавата-выбачальна, з вялікім шкадаваннем, вымавіў:
– А вам, Аксяневіч, – адзінка…
Доўга мы прыпаміналі, жартуючы, пра тую адзінаку, а больш пра тое, як яна была прамоўлена і вымаўлена. Паўтарыць такое не змог бы ні адзін з найлепшых на той час парадыстаў. Скончылася дыктоўка тым, што кожны, хто не атрымаў станоўчай адзнакі, павінен быў напісаць за пэўны тэрмін дзесяць сшыткаў на беларускай мове! Пра гэтае патрабаванне, такі нерды-нарны падыход да навучання хадзілі легенды.
Метады прымусіць (у лепшым сэнсе слова) вывучаць родную мову былі часам настолькі арыгінальнымі, што сённяшнім студэнтам іх немагчыма і ўявіць. Аркадзь Іосіфавіч пільна сачыў за кожным сваім выхаванцам, бачыў ці даведваўся, хто з кім сябруе. І той з сябрукоў, які ведаў мову значна лепей, правяраў “тыя самыя” сшыткі іншага, адначасова падказваючы яму ў чарговы раз, чаму трэба пісаць так, а не інакш. Было сорамна хоць як-небудзь не цягнуцца ў ведах да ўзроўню таварыша. Больш за тое, асабіста ў мяне экзамен (вядома, пад наглядам) прымаў… аднагрупнік Віктар Кубека, які плённа працаваў у свой час у “Народнай газеце”, а сёння працягвае здзіўляць сваім талентам чытачоў “Магілёўскай праўды”. На той іспыт, між іншым, як і на першую дыктоўку, я мог і не патрапіць…
Пра тое, што лекцыйная пара, падчас якой і планавалася першапачатковая праверка існых ведаў, пераносіцца на наступны кастрычніцкі дзень, мы даведаліся разам з выкладчыкам, калі яна ўжо пачалася. Дзверы аўдыторыі адчыніў куратар маёй першай групы (яшчэ адна легенда журфака) Іван Іванавіч Сачанка:
– Прабачце, Аркадзь Іосіфавіч, але нам трэба хуценька збірацца і везці ў Шчо-мысліцу дрэўцы, загад рэктара!.
– А як жа… – разгубіўся, але хутка сабраўся Наркевіч, – ну, загад ёсць загад. Дык і я ж з вамі, а то падумаюць, што адлыньваю ад працы.
Што і казаць, першы курс – ён і ёсць першы. Кожны тут над табоў начальнік. А тут узяўся начальнікам сам рэктар Антон Нічыпаравіч Сеўчанка. Гэта пазней я даведаўся, што ён узначальваў універсітэт аж з 1957 года. Быў вядомым вучоным-фізікам, з імем якога звязана цэлая эпоха грандыёзных навацый.
Пры ім універсітэт ператварыўся ў найбуйнейшы навукова-адукацыйны цэнтр Саюза. Дарэчы, у 1967-м быў уганараваны высокай урадавай узнагародай – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Акадэмік, Герой Сацыялістычнай працы Сеўчанка стварыў адну з найбуйнейшых школ у галіне спектраскапіі, люмінесцэнцыі і лазернай фізікі. Для ўвекавечвання памяці яго і Пічэты напярэдадні 90-годдзя БДУ на галоўным корпусе і корпусе гістарычнага факультэта былі адкрыты мемарыяльныя дошкі. Штогод за навуковыя дасягненні супрацоўнікам універсітэта прысуджаюцца прэміі, якія носяць іх імёны.
– Пасылайце ў Шчомысліцу журфак, – кінуў тады Сеўчанка сур’ёзна прарэктару. – Які тут з іх толк? Адно – віно п’юць ды дзе-вак мацаюць!
Разам з Аркадзем Іосіфавічам мы даволі хутка напоўнілі кузавы машын маладзенькімі ліпкамі і павезлі іх у голае поле, якое ахутвалі хмызняк ды бур’ян. Сёння тут аднайменнае навучальна-доследчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства БДУ. Дрэўцы мы паспяхова давезлі, частку машын разгрузілі. Наш працоўны дзень скончыўся, і мы з відавочным нецярпеннем пачалі чакаць змену. А змена – улюбёныя рэктара фізфакаўцы, якіх няма і няма! Халадэча ж, памятаю – страшэнная. “Агдаму”, як заўжды, не хапіла, і актыўна пачалі грэцца танцамі. Знайшлася нейкая, акрамя “пад язык”, музыка, і я затанчыў адным з пер-шых. Зашпіліў на гузікі, каб не замінала шэйку, паліто за спіной і панёсся!
Дзяўчаты, перад якімі ў асноўным і выпендрываўся, не паспелі напоўніцу аца-ніць “майстэрства”, як побач гучна завішчэла бялюткая “Волга”. З яе павольна вылез невялічкі, хударлявы, сівенькі чалавечак у вялікіх акулярах і паліто “бывай. маладосць”. Гэта быў… Сеўчанка.
– Хто ета тут завадатар?! – закрычаў ён на трасянцы так моцна, што аж сам здзівіўся свайму голасу. – А божачка ж мой, а не ўсё ж разгужана, а там жа валяюцца ў гразі, а іх жа срочна садзіць нада, яны ж павысыхаюць! Усіх звольню, усіх! А першым – таго, хто ў паліто танчыў, дзе ета ён?! А калі добра папрацуеце – усім прэмію выпішу!.
Пасля гэтых слоў ён пайшоў да чарговай машыны, і я пачуў, як Аркадзь Іосіфавіч звярнуўся да Міколы Аксяневіча:
– Даражэнькі, трэба ж неяк ратаваць хлапца, прыдумайце што-небудзь, не чакайце, а то мо сапраўдны талент згубім, хто ж яго ведае, як лёс складзецца…
Пакуль рэктар вяртаўся, Мікола схаваў мяне ў вялікую кучу ліпак, дзе я, задыхаючыся, ліхаманкава думаў: “Ну, халера, такі конкурс вытрымаў, так добра здаў усе іспыты, паступіў, і вось на табе – звольніць!..”
Сеўчанка ўрэшце з’ехаў, і я застаўся на факультэце. Сярод іншых расце і мая ліпа, з якой я абдымаўся пасля звароту Аркадзя Іосіфавіча да свайго аптымістычнага, кемлівага, неверагодна шчырага старасты, з якім мы моцна сябравалі з першай і да апошняй сустрэчы. Яго сэрца раптоўна перастала біцца 12 ліпеня 2017 года.
РАЗУМНАЯ НЕАБХОДНАСЦЬ
АРКАДЗЬ Наркевіч, якога не стала 13 кастрычніка 2002-га, быў “дбайным знаўцам і руплівым абаронцам мовы”. Так характарызуе яго ў сваіх цікавых і пазнавальных артыкулах адзін з ягоных таленавітых вучняў, доктар філалагічных навук, прафесар Віктар Іўчанкаў, які годна працягвае сёння справу адметнага настаўніка. Ён слушна заўважае, што служэнню слову слынны мовазнавец прысвяціў усё сваё жыццё. Ягоныя навуковыя цікавасці былі звязаныя найперш з марфалогіяй і сінтаксісам , якія складаюць падмурак нашага мовазнаўства. Не меншую ўвагу ён надаваў культуры маўлення журналіста, звяртаючы пры гэтым увагу на асаблівасць ягонай працы – “аператыўнасць, пры якой павінна захавацца тонкае адчуванне слова, яго ўплывовая сіла, загартаваная моц”. Уладкавальнік мовы “аберагаў журналісцкае слова, пе-ставаў у ім асобу таго, хто тварыў і жыў сваёй прафесіяй. Бо лічыў журналіста чалавекам адораным ад прыроды і давяраў яму. Таму не асабліва любіў крытыканства ў бок пішучых. А калі ўшчуваў каго сам, то рабіў гэта з добрай усмешкай і вясёлай задорынкай у вачах – маўляў, паглядзі, да чаго дапісаўся. І рабілася ніякавата, сорамна нават самаму задзірліваму”.
Фундаментальная манаграфія “На-зоўнік. Граматычныя катэгорыі і формы” з’явілася, па словах Віктара Іўчанкава, працягам навуковых разважанняў вучонага пра сістэмнае ўладкаванне роднай мовы. У цэнтры ўвагі “апынулася шматстайнасць праяў назоўніка, ярка выражаная адметнасць уласцівых яму агульных катэгарыяльных і семантычных адзнак, граматычных значэнняў і сінтаксічных функцый у сказе”. “У назоўніку, – адзначаў сам Аркадзь Іосіфавіч, – як у фокусе, сыходзяцца, аб’ядноўваюцца, цесна пераплятаюцца і ўзаемадзейнічаюць шматлікія катэгорыі ўласна-марфалагічнага, лексіка-семантычнага і функцыянальнага плану”. Менавіта з гэтым і звязвалася, падкрэслівае Іўчанкаў, ідэя вучонага пра цэнтрычнасць назоўніка ў беларускім публіцыстычным маўленні. На пасадзе загадчыка кафедры стылістыкі і літа-ратурнага рэдагавання, Аркадзь Наркевіч “адчуваў і актыўна падтрымліваў новыя павевы ў лінгвістыцы, філалогіі. У вучэбны план факультэта журналістыкі былі ўклю-чаны курсы “Слова ў кантэксце часу”, “Лінгвістыка публіцыстычнага тэксту”, “Рыторыка”, “Моўная норма: сістэмнасць і асістэмнасць” і іншыя. Гэта адкрывала прастору для навуковай дзейнасці маладым вучоным, было трывалым падмуркам пашырэння кола лінгвістычных інтарэсаў выкладчыкаў кафедры, высокапрафесійнай падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў”.
Дарэчы, студэнты дзённага і завочнага аддзяленняў атрымалі ад выкладчыка ў свой час для самастойнай работы “Практычны курс сучаснай беларускай мовы”, пабудаваны ў форме разгорнутых тэматычных пытанняў з заданнямі па ўсіх праграмных раздзелах. А ў адной са сваіх апошніх прац Аркадзь Іосіфавіч напісаў: “Здымаюцца “белыя плямы” з нашай гісторыі, звужаецца кола “закрытых тэм”, “ведамасных сакрэтаў” і “тайнаў”. Дэмакратызм, адкрытасць трывала ўваходзяць у наш побыт, становяцца рэаліямі нашых дзён, эпохі”. Прадчуваючы неабходнасць змен у мове СМІ, вучоны выступіў з крытыкай неабдуманага і нічым неапраўданага выкарыстання запазычанняў. Ён з вялікім жалем канстатаваў, што бярэ моду “свайго роду бум, які ахапіў нашу прэсу, лексічны выбух, што праяўляецца звычайна, калі прасачыць перадгісторыю развіцця моў, у пераломныя, пераходныя перыяды гісторыі народа, грамадства”. Навучаў, папярэджваў і рабіў парады аб “разумнай неабходнасці ў запазычанні слоў, іх мэтазгоднасці, абумоўленай пераважна прычынамі адсутнасці ў лексічным запасе роднай мовы пэўнага слова для абазначэння таго або іншага паняцця, прадмета”.
Як тут не пагадзіцца з загадчыкам кафедры стылістыкі і літаратурнага рэда-гавання журфака Віктарам Іўчанкавым у тым, што сёння на гэта трэба звярнуць яшчэ большую, чым раней, увагу. Давайце ж змагацца за чысціню нашай роднай мовы разам.
Уладзімір Барысенка.
На здымках: 1. Першы курс журфака БДУ. На пярэднім плане: стараста Мікола Аксяневіч (злева) і старшыня ДТСААФ факультэта Уладзімір Барысенка (справа) абмяркоўваюць размеркаванне па групах латарэйных білетаў. На здымку гэтаксама Віктар Кубека, Уладзімір Далькоў (нябожчык) і Сцяпан Калінковіч, 1971 год.
- Мікола Аксяневіч, Мікола Маркевіч і Уладзімір Барысенка адразу пасля размеркавання, 1975 год.