Працуючы з гістарычнымі крыніцамі, вельмі цікава натрапіць у бібліятэках і архівах на старадаўнія газеты. У Магілёўскім “Дзяржаўным архіве грамадскіх аб’яднанняў Магілёўскай вобласці”, які вядомы яшчэ, як “Партархіў”, маецца шэраг газет з Магілёва і Магілёўскай вобласці 1920-50- х гадоў. Газета “Чырвоны калектывіст” з Бялынічаў, “Маяк камуны” (Быхаў), “Ленінскі шлях” (Горкі), “Савецкая вёска” (Дрыбін), “Камуна” (Клімавічы), “Сталінскі прызыў” (Касцюковічы), “Бальшавік Кругляншчыны” (Круглае), “Сацыялістычная перамога” (Чэрыкаў), “Прамень камунізму” (Шклоў), “Сцяг Леніна” (Беразіно) і некаторыя іншыя выданні. Дарэчы, у той час Беразіно ўваходзіла ў склад Магілёўскай вобласці, і таму некаторыя газеты з гэтага невялікага гарадка таксама патрапілі ў Магілёўскі архіў.
Калі ўзяць, напрыклад, і пагартаць падшыўку газеты “Комунар Магілеўшчыны” за 1939 год, то можна шмат чаго цікавага даведацца з гісторыі горада Магілёва таго часу. Гэтае выданне з’яўлялася афіцыйнай газетай Магілёўскага абласнога камітэта і гарадскога камітэта камуністычнай партыі Беларусі, акрамя таго, аблвыканкама і гарсавета. Зразумела, што большасць артыкулаў у тыя часы паведамлялі чытачам пра ўдарнае партыйнае і савецкае жыццё пад такімі назвамі: “За новы ўздым соцыялістычнага спаборніцтва ў калгаснай вёсцы”. Але прагледзеўшы першыя старонкі пафасных дакладаў, часам можна сустрэць цікавыя фота вядомых дзеячоў нашага горада, паведамленні пра значныя падзеі ў калектывах і прадпрыемствах Магілёва, пра новае будаўніцтва і….руйнаванне старога “ідэйна варожага”.
Дужа карысным у краязнаўчым плане з’яўляецца апошняя старонка гэтай газеты, дзе размяшчаецца рэкламная інфармацыя, афішы і анонсы. З гэтых па сучасных мерках, досыць простых абвестак, мы можам даведацца пра існыя ў тыя гады арганізацыі і іх адрасы, пра навучальныя ўстановы, ды і ўвогуле аб простых побатавых праблемах тагачасных гараджан.
У раздзеле “Патрабуюцца” чытаем: “Магілеўскаму абласному торфбудкерампромсаюзу – загадчык сектара ўчота і справаздачнасці, бухгалтары-рэвізоры, машыністка і інспектар пажарнай аховы. Звяртацца па адрасу: вул. Гогаля, 13, тэл. 85 – 07 (был. Касцярня)”; “Магілеўскаму косцеапрацоўчаму заводу – шкляры, маляры, каменшчыкі, штукатуры, сталяры, кровельшчыкі і чорнарабочыя. Звяртацца ў аддзел кадраў завода”; “Скурзаводу імені Сталіна тэрмінова – вопытны касір, бухгалтар цэха і рахункавод. Звяртацца да галоўбуха завода”, “Арцелі “Чырвоны мэбельшчык” – чорнарабочыя, столяры розных разрадаў і кваліфікацый, а таксама вучні для падрыхтоўкі з іх столяраў. Звяртацца па адрасу: Магілеў, Карабанаўская вул. № 4, арцель “Чырвоны мэбельшчык”, тэл. №№ 84 – 73 і 90 – 34″, “Піўзаводу “Пролетарый” (г. Магілеў, Пушкінская вул. д. 35) – Старшыя бухгалтары па цэхаваму ўчоту, старшы бухгалтар па разліках, старшы бухгалтар па будаўніцтву на самастойны баланс. Аплата па згодзе. Звяртацца ў аддзел кадраў завода”, “Патрабуюцца Магілеўскаму абласному дому народнай творчасці на сталую работу – машыністка і сакратар. Звяртацца па адрасу: Совецкая плошча д.6, пакой 10, тэл. 92 – 92.”, “Патрабуюцца Магілеўскаму вадаканалбуду (В. Грамадзянская , 13) землекопы і каменшчыкі для работы па каналізацыі”, “УЧДОРУ 704 патрабуюцца 15 шофераў на аўтамашыны ЗИС – 5, 4 аўтаслесары, 3 машыністы паравых каткоў па ўкатцы шасе, 5 трактарыстаў на трактар ХТЗ і НАЦІ. Умовы па згодзе. Адрас: Першамайская, дом № 19, Учдору 704.”, “Магілеўскай абласной канторы Аўтатрактарзбыт – тэхнік па трактарнай справе, канторшчык і рабочыя-грузчыкі. Звяртацца па адрасу: Магілеў, Камсамольскі сквер, 4.”, “Магілеўскаму хлебакамбінату – старшыя бухгалтары, бухгалтары, промбухгалтары і рахункаводы. Адрас: Першамайская, 35, 3 паверх, кантора хлебкамбіната.”, “Магіл. Абласному аптэкакіраўніцтву машыністка і статыстык. Звяртацца па адрасу: Першамайск., 71”.
(Працяг будзе.)
Алег Дзьячкоў. Магілёў.