Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ВОБРАЗЫ ПІСЬМЕННІКА І МАСТАКА. Да 35-годдзя творчай дзейнасці сябра ТБМ Юрася Кур’яновіча

ВОБРАЗЫ ПІСЬМЕННІКА І МАСТАКА. Да 35-годдзя творчай дзейнасці сябра ТБМ Юрася Кур’яновіча

4 лістапада 2021, 07:21 Культура 339
ВОБРАЗЫ  ПІСЬМЕННІКА  І  МАСТАКА. Да 35-годдзя творчай дзейнасці сябра ТБМ Юрася Кур’яновіча

ЦІ ДУМАЎ  у далёкім ужо 1986-м студэнт Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя В.У. Куйбышава Юры Кур’яновіч, што яго першая публікацыя ў друку – у інстытуцкай шматтыражцы “Экономист” 15 кастрычніка – стане адлікам яго пісьменніцкага шляху, а праз 35 гадоў ён будзе святкаваць свой творчы юбілей?..

Як прызнаецца сёння сам спадар Юрась  – не, ён сабе  гэтага  нават і не ўяўляў. А зрабіў свой першы творчы крок таму, што яго вельмі захацелася зрабіць. Гэты крок стаў тым боскім пакліканнем, якое ад аўтара ніяк не залежала… Гаворка ў публікацыі ішла  пра студэнцкую бульбу ў падшэфным  Чэрвеньскім раёне.

Між тым, спроба пяра ў майго сябра адбылася яшчэ ў 7 класе. У сям’і па вечарах слухалі “Голас Амерыкі” – ледзь не адзіную  ў савецкі час крыніцу альтэрнатыўнай інфармацыі. Па “голасе” часта чыталі творы вядомых пісьменнікаў-дысідэнтаў: Гросмана, Аксёнава, Салжаніцына … Пад уплывам аповеду апошняга  “Один день из жизни Ивана Денисовича”  Юра напісаў… аповед пра адзін дзень з жыцця савецкага партыйнага чыноўніка,  адлюстраваўшы яго гратэскава-сатырычна.

Аналогія была толькі ў назве, але гэты Салжаніцынскі твор падштурхнуў юнака да праўдзівага малюнка рэчаіснасці. Крытычна яе асэнсоўваць ён  пачаў не толькі пад уплывам дысідэнцкай літаратуры, але і пад уплывам з’яў, уласцівых савецкаму грамадству: таварны дэфіцыт, ураўнілаўка, цэнзура, прывілеі наменклатуршчыкаў, беспярэчнасць ленінскага вучэння…  Пра гэта тады казала ўся краіна, але ж  – толькі на кухні.

Той першы аповед ён  паказаў настаўніку рускай літаратуры. Той паставіўся да яго, вядома ж, холадна – не сказаў нічога дрэннага, але і нічога добрага таксама. Верагодна, убачыў там ан-тысавецкі матыў, і абмежаваўся агульнымі развагамі пра пісьменніцкае рамяство. Гэта крыху стрымала  імпэт пачаткоўца,  але творчасць ён не закінуў.

  УСЁ ГЭТА было на рускай мове, і мне карцела даведацца, ці спрабаваў Юрась пісаць у школе па-беларуску.  На гэта ён адказаў, што ў 9 класе з’явіўся верш на роднай мове “Вярбіна маладая”, які   прачытаў  сваёй настаўніцы беларускай мовы СШ № 19 імя Я. Купалы, светлай памяці Яўгеніі Віктараўне Агіевіч. Твор  ёй  спадабаўся, і яна  нават прасіла знаёмага журналіста “Вячэрняга Мінска”, каб верш надрукавалі. У рэдакцыі  папрасілі даць для адбору  яшчэ некалькі прыкладаў рытмізаванай мовы. Аднак будучы празаік адчуў, што паэзія – гэта не ягонае, і практыкавацца далей у вершаскладанні не стаў.

Ці захаваўся ж  той верш?  Як  паэту, мне хацелася яго пачуць і адчуць. Юрась узгадаў яго, праўда, папрасіў, каб не вельмі крытыкаваў, бо, мякка кажучы, недасканалась тут відавочная – падкрэсліў ён. Прачытаўшы, я з ім пагадзіўся, таму ў гэтым артыкуле і не прыводжу.

СЁННЯ ў творчым набытку Кур’яновіча зборнікі прозы “Ён і Яна” (1996), “Гарадская элегія” (2007), навукова-папулярных кнігі “Аповеды старасвецкай Лошыцы” (2005), “Беларускі крымінальны вышук” (2018), “Старасвецкая Лошыца” (2018), “Тураў. Старажытны і сучасны” (2019).

Ён упершыню пераклаў на беларускую мову творы шэрагу ўкраінскіх аўтараў (зборнік прозы “Цвітуць сланечнікі”, 2012), у тым ліку ўспаміны навукоўца-хіміка, педагога, пісьменніка Пятра Франко (1890-1941), якому прысвяціў асобную кнігу “Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар” (2019). А ў канцы 90-х  на старонках беларускага друку (“Цэнтральная газета”, часопісы “Нёман”, “Бярозка”) упершыню распавёў пра таямнічы каменны крыж на Барысаглебскіх могілках у Тураве  – адзін з вядомых сёння турыстычных і рэлігійных аб’ектаў Палесся.

У 2010-м Юрась быў ўганараваны дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за ўклад у мастацка-эстэтычнае выхаванне моладзі. Ён пераможца конкурсу на лепшае краязнаўчае выданне за 2017 – 2019 гг. у намінацыі “Гарады Беларусі” першага Рэспубліканскага краязнаўчага форуму Беларусі (12 – 13 сакавіка 2020 г.) за кнігу “Старасвецкая Лошыца”.

Кур’яновіч – яшчэ і мастак. Правёў 14 персанальных выстаў жывапісных твораў (алей, палатно, дошка), аб’яднаных агульнай назвай “Варыяцыі на спрадвечнае”, пяць фотавыстаў (“Краявіды беларускай Палесціны”, “Успаміны дзяцінства”, “Подых Карпат”). Яго першая выстава адкрылася 1 лiстапада 1997-га ў Лiтаратурным музеi Максiма Багдановiча ў Менску.

Карціны і фотаработы захоўваюцца ў мастацкай галерэі Пухавіцкага краязнаўчага музея,  у музеях Украіны – у фондах Львоўскага нацыянальнага літаратурна-мемарыяльнага музея Івана Франко (г. Львоў), Дзяржаўнага гістарычна-культурнага запаведніка “Нагуевічы” (с. Нагуевічы, Драгобыцкі р-н, Львоўская вобл.), літаратурна-мемарыяльнага музея І. Франко ў вёсцы Крыварыўня (Івана-Франкоўская вобл., Верхавінскі р-н), у прыватных калекцыях.

Прывяду водгукі  на жывапісныя творы пісьменніка.

 

*    *    *

Можа, у карцінах Вашых, Вы больш – Яна і Ён, чым у кнізе?! Бо тут – “Hergebracht”! І гэта ўражвае найбольш, – калі немагчыма сфармуляваць свае думкі адназначна. Дзякую за дадзеную магчымасць паразважаць і пасля таго, як пакіну выставу.

Поспехаў Вам!

2.11.97 г.                                 Васіль Сёмуха.

 

*    *    *

Свет вачыма Юрыя Кур’яновіча – гэта не фатаграфаванне рэчаіснасці, не дакладны адбітак дня сённяшняга, а імкненне пазнаць саму яго сутнасць і перадаць праз вобразы… Праз іх і пазнаеш свет, чалавека, саміх сябе…

Жадаю плёну ў творчасці, усяго найлепшага ў жыцці.

03.11.97 г.                                                              Таццяна Сашко.

 

*    *    *

Мастак –

Разумнае дзіця,

Ён ходзіць і на галаве.

Сусьвет жыцьця і пачуцьця

У творах Юрася жыве.

5.XI.97 г.                                                 Рыгор Барадулін.

 

*    *    *

З вялікай цікавасцю паглядзела. Карціны абуджаюць тыя пытанні, ад якіх заўсёды хочацца бегчы, бо адказу на іх да цябе шукалі стагоддзямі. Але за такое абуджэнне душы, дзякуй. Дзякуй за абуджэнне ўнутранае, устрасенне. Далейшай плённай творчасці.

23.02.2001

Алеся Карнейчык,

г. Менск.

 

(Алеся Карнейчык – Алеся Сяргееўна Карнейчык (1976 г.н.) – навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі і навукова-даследчага інстытута праблем крыміналогіі, крыміналістыкі і судовай экспертызы.)

 

*    *    *

Калі падыходзіш да гэтых карцін, кожны раз узнікаюць новыя пачуцці, новыя асацыяцыі, нібыта бачыш іх упершыню. У кожнай з іх бачна і нешта простае, цёплае, здаецца знаёмае з дзяцінства і адначасна ўражвае іх філасофская глыбіня, узнікае неакрэсленае прадчуванне будучыні. Жадаю табе, Юры, новых работ, новых выстаў, новых вобразаў.

26.02.2001 г.   

Яўген Церахаў.

 

(Яўген Церахаў – Яўген Георгіевіч Церахаў (20 кастрычніка 1960 г.н., Вілейка, Менская вобл.) – інжынер-электронік, вынаходнік, эколаг. Лаўрэат прэміі Акадэміі навук Беларусі (1989). У 1989-1997 гг. – дырэктар, а са снежня 1997 г. па люты 2007 г. – намеснік дырэктара Лошыцкай садова-паркавай гаспадаркі.)

 

*    *    *

Даволі прыемная нечаканасць – своеасаблівы сінтэз сама-дастатковай маляўнічасці, эрудыцыі, сімволікі (іканічнай) і вербальнага мыслення – гэткі прывабны кангламерат, здавалася б па прыродзе сваёй насумяшчаль-нага.

Вельмі рады за гэтае адкрыццё для мяне ў прыемным, цікавым і глыбокім чалавеку ці-кавага мастака-мысляра.

9.ІІІ.2001 г.                                            Віталь Савіч.

 

*    *    *

Ганаруся тым, што мела шчасце вучыць такога Чалавека. З удумлівага, дапытлівага юнака вырас даследчык, навукоўца, мастак, тонкі лірык.

Божай падтрымкі, удачы, натхнення!

З пашанай і любоўю

2008 г.                    

Кныш М.А.

 

(Кныш М.А. – Кныш Марыя Антонаўна (11 жніўня 1957 г. – 25 траўня 2019 г., Менск) – настаўніца па беларускай мове і літаратуры Ю. Кур’яновіча ў СШ № 17, дзе ён навучаўся з 1-га па 8-мы клас у 1975-1983 гг. Намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова”).

 

*    *    *

Я ўдзячны за тыя хвіліны асалоды, еднасці і любові да нашай Айчыны.

8.02.13 г.                                                Навум Гальпяровіч.

 

У Юрыя Уладзіміравіча шмат творчых планаў,  якімі ён вырашыў са мной пакуль што не дзяліцца, каб не насмяшыць Бога. Застаецца па-сяброўску шчыра пажадаць вядомаму творцу новых цікавых і заўважных крокаў на шляху стварэння непаўторных вобразаў не толькі землякоў-беларусаў.

Уладзімір Барысенка, пісьменнік, сябар ТБМ.

 

На здымках, якія  друкуюцца ўпершыню:

  1. Студэнт Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя В.У. Куйбышава.
  2. Першая выстава ў Лiтаратурным музеi Максiма Багдановiча ў Менску, лiстапад 1997 г.
  3. У кватэры вядомай рускай паэтэсы Рымы Казаковай. 13 красавіка 2008 г., Масква.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0415
Далучайцеся да нас