У рамках чарговага паседжання літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” адбылася прэзентацыя кнігі паэзіі і прозы аднаго з найстарэйшых і самых актыўных сяброў літаб’яднання Ірэны Нікадзімаўны Сліўко – “Выток пачынаўся ад Гаўі”. Празаічная частка кнігі – пра вытокі жыцця яе аўтара, пра яе малую радзіму, яе сям’ю, пра мужа Смарагда Фёдаравіча Сліўко, сяброў сям’і Сліўко. Тэматычна і жанрава разнастайная паэтычная частка кнігі. Але пра ўсё па парадку…
Ірэна Нікадзімаўна Сліўко нарадзілася ў вёсцы Залейкі Іўеўскага раёна. Скончыла Морынскую сярэднюю школу (з сярэбраным медалём), Менскі фінансавы тэхнікум (па спецыяльнасці “фінансіст”), Беларускі інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава (па спецыяльнасці “эканаміст”). Працавала ў Астравецкім райфінаддзеле, затым у Лідскім гарфінаддзеле на пасадах эканаміста, старшага эканаміста, начальніка бюджэтнага аддзела.
Паэзію палюбіла са школьных гадоў, асабліва творчасць Пушкіна, Лермантава, Някрасава. Была першым слухачом і рэдактарам вершаў мужа Смарагда Фёдаравіча Сліўко, падрыхтавала да выпуску пяць яго кніг (тры – пасля смерці мужа, апошняя яшчэ не выйшла). Дарэчы, пра Смарагда Фёдаравіча, паэта, настаўніка, артыста, сцэнарыста, рэжысёра, музыканта, кампазітара, многа напісана ў кнізе Ірэны Нікадзімаўны “Выток пачынаўся ад Гаўі”, прыведзены выказванні аб ім былых вучняў і знаёмых. Любоў да мужа, з якім аўтар кнігі пражыла разам сорак пяць гадоў, чырвонай ніткай праходзіць праз усю кнігу.
Рыхтуючы да выдання зборнікі вершаў мужа, Ірэна Сліўко і сама пачала пісаць, стала актыўным сябрам літаб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Друкавалася ў лідскай, іўеўскай і астравецкай раённых газетах, у калектыўных зборніках, у дакументальных кнігах навуковага супрацоўніка Лідскага гістарычна-мастацкага музея Анастасіі Каладзяжнай “Этапы жыццёвых дарог” (2014, да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая) і “Памяць – галоўны сведка” (2018, успаміны дзяцей вайны).
У сваёй кнізе “Выток пачынаўся ад Гаўі” Ірэна Сліўко праявіла сябе не толькі як таленавітая паэтэса, але і як таленавіты празаік, паказала сваё валоданне як беларускай, так і рускай мовай. Кніга атрымалася аб’ёмная і рознажанравая, яна прасякнута любоўю аўтара да родных мясцін, да людзей, якія побач, да жыцця ва ўсіх яго праявах. Рукапісы кнігі чыталі вядомыя лідскія паэты Міхась Мельнік (рэдактар) і Уладзімір Васько (аўтар прадмовы). Уладзімір Гаўрылавіч таксама дапамог прыдумаць назву кнігі (першапачатковы варыянт назвы – “Шлях пачынаўся ад Гаўі”).
Значная частка кнігі прысвечана малой радзіме Ірэны Сліўко – вёсцы Залейкі, якая знаходзіцца на мяжы Іўеўскага і Лідскага раёнаў, раздзеленых ракой Гаўяй. Напісаць гісторыю роднай вёскі Ірэну Нікадзімаўну пабудзілі краязнаўчыя кнігі Мікалая Дзікевіча і Аляксандра Каранюка. На працягу пяці гадоў збіраўся матэрыял, пісаліся ўспаміны. Было выкарыстана многа матэрыялу з кнігі “Памяць. Іўеўскі раён”.
– Гісторыя вёскі Залейкі ідзе сваімі каранямі ў глыбокую старажытнасць, – расказвае Ірэна Нікадзімаўна. – З адзінаццаці старажытных паселішчаў, знойдзеных археолагамі на тэрыторыі Іўеўшчыны, тры знойдзена ў Залейках. Некалі гэта было мястэчка. Праз дзвесце метраў ад нашай хаты знаходзіўся маёнтак Гаўя-Пяскі, апошнімі ўладальнікамі якога былі паны Брахоцкія (мае бацькі іх памяталі).
Частку кнігі, прысвечаную малой радзіме аўтара, праведзеным у Залейках дзяцінству і юнацтву, можна назваць жыццяпісам. Тут праявіліся публіцыстычны талент Ірэны Сліўко, яе ўменне апісаць жыццё і быт сялян, прыгажосць прыроды тых мясцін, адкуль пачынаўся выток яе жыцця.
Разнастайная лірыка Ірэны Сліўко як паэтэсы – у паэтычным раздзеле кнігі ёсць пейзажныя, інтымныя, філасофскія, патрыятычныя, грамадзянскія вершы. У звыклым паэтэса, як адзначыў аўтар прадмовы Уладзімір Васько, здольная ўбачыць штосьці незвычайнае, яркае, вясёлае, што выклікае ў чытача святочныя эмоцыі:
Ужо зіма ў абдымках снегу,
На плошчы ёлка зіхаціць.
Прыціхлі дрэвы ў шапках белых,
А лісце івы – шалясціць.
Ёсць у паэтычным раздзеле таксама байкі, вершы для дзяцей, загадкі. У апошніх праявіліся багатыя веды аўтара, чый дэвіз – “Хачу ўсё ведаць”, аб жывёлах, рыбах, раслінах, грыбах. Самы вялікі твор паэтэсы для дзяцей – паэма “Шчаслівая дзяўчынка” (па матывах аповесці дзіцячай пісьменніцы пачатку ХХ стагоддзя Веры Навіцкай “Добра жыць на свеце”). Дарэчы, за гэтую паэму Ірэна Нікадзімаўна ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені па выніках ІІІ літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям” (2018).
У час паседжання ў раённай бібліятэцы Ірэну Нікадзімаўну павіншавалі з выхадам кнігі і пажадалі, каб гэтая кніга была ў яе не адзіная, моцнага здароўя, натхнення і творчага даўгалецця.
Аляксей КРУПОВІЧ.
Ірэна СЛІЎКО
Клён
Я расла пад раскідзістым клёнам,
Што так высіўся ў нашым двары.
Нібы ён прамяністым анёлам
Нам цяпло, прахалоду дарыў.
Засланяў у гады ліхалецця
Нас ад чорных фашысцкіх крыжоў.
І малых, і дарослых на свеце
Прыкрываў ад дажджу і вятроў.
Быццам сонейка з яснага неба,
На зямлю падаў жоўты лісток,
І са смаку кляновага хлеба
Пачынаўся і мой тут выток.
Боль назгасны па родных палетках
Адгукаецца ў вечнай журбе…
Любы клён у цудоўных Залейках,
Я заўжды пакланюся табе.
Каштоўнасць стагоддзяў
Мінулі стагоддзі з той даўняй пары,
Як сярод забалочаных рэчак, лясоў
Крэпасці Лідскай узніклі муры –
Надзейны фарпост на шляху крыжакоў.
Тапталі яе Тахтамыш і Гірэй,
Яе штурмавалі крымчане-татары,
Ды дух Гедыміна за іх быў мацней,
Даваў ён адпор і апошнім пачварам.
Прыйшла ты да нас з папялішчаў, руін,
Каменні ішлі на будоўлю падмуркаў,
Але патрыёты лідзянскіх мясцін
Жадалі ўзнаўлення для рыцарскіх гульняў.
Амаль трыццаць год спачывалі каменні,
І ў горад мой святам “Дажынкі” прыйшлі.
І вежы ўзнясліся, і ўзведзены сцены –
У гладзі азёрнай свой воблік знайшлі.
У адноўлены мур той глыбокай даўніны
Лідзяне спяшаюцца, быццам у храм.
І вечна жыць будзе наш замак-святыня,
Каштоўнасць стагоддзяў – гігант, велікан.
Начныя агні
Далёка за поўнач, а сон не прыходзіць.
І вецер-гуляка ўжо трохі прыціх.
Хутка і сонейка будзе ўзыходзіць,
А ў хатах суседніх – начныя агні.
Можа, раман у каго, захапленне
(А ўсё-такі ноччу было бы спаць лепш)
Ці нават прыйшло да паэта натхненне
І слова за словам зліваюцца ў верш?
А хтосьці адзін, з доляй цяжкай, пакутнаю,
Каму божы свет невыносны ўжо стаў,
Чакае ратунку – жаданую “хуткую”, –
Таму што пакуль сэнс жыцця не прапаў.
А можа, хто позна вярнуўся з работы
Ці мама дзіцю калыханку пяе?
Ды каб ніхто не спазнаў адзіноты,
Што і мне па начах заснуць не дае.
І так часта ноччу не тухнуць агні.
Ноч дадзена Госпадам толькі для сну.
У горы, бязмерна абмытым слязьмі,
Дапамагла бы ўсім, наколькі змагу.