Пры ўсёй разнастайнасці святаў, ёсць асаблівыя, напоўненыя сваёй непаўторнай атмасферай – атмасферай цяпла і дабрыні. Дзень маці з’яўляецца менавіта такім асаблівым святам. Дзень маці – выдатная нагода выказаць сваю любоў і глыбокую падзяку галоўнаму ў нашым жыцці чалавеку – маме.
Філіялы ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” святкавалі гэты дзень разам са сваімі чытачамі, для якіх былі праведзены разнастайныя мерапрыемствы. Сярод іх: святочная праграма “Усё лепшае ў мяне ад Мамы” (філіял “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка”), творчая сустрэча “Букет для мамы” (філіял “Інтэграваная бібліятэка агр. Гуды”), святочнае мерапрыемства “Як сонейка ў жыцці маім матуля” (філіял “Лідская гарадская бібліятэка № 2”), літаратурна-музычная кампазіцыя “Когда есть мама – жизнь прекрасна” (філіял “Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая”) і многія іншыя.

smart
Гісторыя беларускага свята Дня маці сыходзіць каранямі ў рэлігійнае свята – Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Ва ўсіх праваслаўных цэрквах у гэты дзень праводзіцца святочнае набажэнства. Менавіта па гэтай прычыне філіял “Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча” ладзіў мерапрыемства, прысвечанае Дню маці. Так, 14 кастрычніка ў бібліятэцы прайшла духоўная гутарка з епіскапам Лідскім і Смаргонскім Парфірыем і настаяцелем храма Святой Праведнай Сафіі Слуцкай Георгіем Мухам. Гутарка суправаджалася чаяваннем, у завяршэнні якой жанчын павіншавалі са святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы і пажадалі Божай дапамогі ва ўсім.
Святочным днём філіял “Дзітвянская сельская бібліятэка” ладзіў для сваіх чытачоў паэтычныя віншаванні “Мы будем вечно прославлять ту женщину, чьё имя – мать”. На працягу імпрэзы гучалі вершы і песні, прысвечаныя маці. А мамам, чые дзеці часцей за ўсіх наведвалі бібліятэку, былі ўручаны падзячныя лісты за прыцягненне сваіх дзяцей да чытання кніг. Завяршылася мерапрыемства аглядам літаратуры ля кніжнай выставы “Вобраз маці дарагі”.
14 кастрычніка ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” бібліятэкары сумесна з работнікамі і навучэнцамі Лідскай музычнай школы арганізавалі канцэртную праграму для чытачоў бібліятэкі пад назвай “Любоўю маці душа мая сагрэта”, прымеркаваную да Дня маці. Прысутныя з вялікай цікавасцю прымалі ўдзел у конкурсах, спявалі песні, успаміналі прыказкі пра маці, а таксама віншавалі адзін аднаго са святам.
“Сказ от сердца и от души о том, как мамы хороши” – пад такой назвай ладзіўся святочны калейдаскоп у філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 5”, удзельнікамі якога сталі навучэнцы 3 класа ДУА “Сярэдняя школа № 12 г. Ліды”. Падчас мерапрыемства дзеці чыталі вершы і выказванні пісьменнікаў аб маці, а таксама пачулі гісторыю ўзнікнення свята і як святкуюць Дзень маці ў розных дзяржавах свету.
Тым жа днём для дзяцей з 2 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Ліда” прайшла літаратурная кампазіцыя “Усё ў свеце пачынаецца з Мамы”, арганізаваная супрацоўні-камі філіяла “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка”. Цяпло дзіцячых сэрцаў і любоў да сваіх матуль дарылі ў гэты дзень у бібліятэцы, гучалі толькі самыя далікатныя, самыя лас-кавыя дзіцячыя словы пра мам. Хлопчыкам і дзяўчынкам зачыталі кранальны і ласкавы ліст салдата, які пісаў сваёй маці ў час Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці распавялі, якімі добрымі словамі называюць сваіх мам, як умеюць пра іх клапаціцца і дапамагаць. У гульні “Абед для мамы” паказалі свае кулінарныя здольнасці, а ў літаратурнай гульні “Казачная мама” ўспомнілі казкі, дзе ёсць літаратурныя мамы.
16 кастрычніка філіял “Далекская сельская бібліятэка-клуб” арганізаваў тэматычны вечар “Няма даражэй слова – МАМА!”. У гэты вечар у бібліятэцы сабраліся мамы і бабулі таленавітых дзяцей аграгарадка Далекія, якія парадавалі гледачоў сваімі выступленнямі. На працягу ўсяго вечара са сцэны гучалі самыя шчырыя словы падзякі і віншаванні.
Юныя чытачы філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 3” былі запрошаны на гадзіну паэзіі “Пагаворым мы сёння пра маму”. Дзеці даведаліся аб гісторыі свята, і пра тое, што слова “мама” – адно з самых старажытных на зямлі і гучыць амаль аднолькава на мовах усіх народаў. Падчас мерапрыемства знаёміліся з творамі пра маму рускіх і беларускіх пісьменнікаў, чыталі вершы, удзельнічалі ў віктарыне, разгадвалі загадкі. У заключным конкурсе дзеці праявілі фантазію і творчасць пры стварэнні букета для мамы і віншавальнай паштоўкі.

smart
Мама – самы родны чалавек. З самага дзяцінства мы цягнем да яе рукі, абдымаем моцна, спяшаемся да яе падзяліцца радасцю або смуткам, і яна заўсёды пахваліць або суцешыць, скажа, што ўсё абавязкова будзе добра… і ёй верыш, бо з матчынай любоўю так лёгка дыхаецца і жывецца!
К.С. Сандакова,
бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу.