Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Памёр галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” Уладзімір Пучынскі

Памёр галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” Уладзімір Пучынскі

26 кастрычніка 2021, 08:35 Грамадства, Культура 49
Памёр галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” Уладзімір Пучынскі

12 кастрычніка на 51-м годзе жыцця ад каронавіруса памёр Уладзімір Пучынскі – галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты”. Сумную вестку паведаміў у сваім фэйсбуку экскурсавод і музейнік Павел Каралёў.  Яго маглі б выратаваць, але ў Менску не аказалася для Уладзіміра месцаў на кісларод і яго павезлі на Мядзельшчыну, дзе ён і памёр. Які выдатны гэта быў чалавек, энтузіяст, краязнавец. Ён ведаў усіх краязнаўцаў Беларусі, сябраваў з імі, перапісваўся, публікаваў іх артыкулы на старонках адзінай у краіне газеты для краязнаўцаў. Уладзімір быў шчырым чалавекам, пунктуальным, адукаваным. Ён ведаў сваю справу, ажыццяўляў яе прафесійна і натхнёна. Як жа мы, краязнаўцы, будзем без яго цяпер?.. Пахаваюць Уладзіміра Пучынскага на яго радзіме на Міёршчыне Віцебскай вобласці. Няхай яму зямля будзе пухам.

 

СТЫРНАВОМУ  КРАЯЗНАЎСТВА

 

Памяці Пучынскага

Уладзіміра Станіслававіча —

галоўнага рэдактара

“Краязнаўчай газеты”

(Пакінуў нас на 51-м годзе жыцця 12.Х. 2021 г.)

 

Уладзімір! Зямля пухам!

Над  малітвай  свечнай

абнадзеіцца і скруха

памяцю вылечнай.

 

Будзе Твой праменьчык босы

да нас прытуляцца,

над Лявонпалем Нябёсы

да Цябе схіляцца.

 

Усе крэўныя імёны

прымуць нашыя паклоны;

і зязюля над Дзвіною

будзе вечна маладою,

апавесціць на прыплодзе:

– Ля мяне заўжды Валодзя!

Сяргей Панізьнік 

12.Х.2021 г.

 

Плыткаму стырнавому Уладзіміру Пучынскаму

 

Зноў Валодзя ўвесь у мёдзе!

Графскі леванпольскі Чмель

Лапацінскага-Пучынскага

Не паслаў на карабель.

Каб раскрыліць каласок,

Ён і з вузы цісьне сок!

Кожны рух яго – ганок!

І бабышкаўскі куток

Абнародуе знаток:

Не персідскі тчэ заскок,–

К р а я з н а ў ч ы  П а я с о к !

Сяргей Панізьнік

з Прыдзвінскага папару.

20.05.2021 г.

 

 

Краязнаўцу Уладзіміру Пучынскаму

                     на частыя Дні народзінаў

 

З Лілек у Чурылавічы  быў бальшак не гразкі.

Вунь Лявонпаль графскі!

Там Пучынскі ваяўнічы

                                         знойдзе куфар таямнічы,

ускладзе яго на крыгу,

                                         павяслуе аж на Рыгу, –

каб варагам – ну хоць вобмаль паказаць:

-А ёсць Лявонпаль сённяшні і – уніяцкі!

Так, Валодзя – малец хвацкі.

З Лапацінскага рукі нам пакажа чарапкі,

маціцы і вушакі; ад яўрэйскіх крамак

адзінаццаць клямак… План яго такі!

А музей наш – “Дом паменьці!”

Каб не сплыў той граф да смерці, –

тут паўстаў бы замак.

А пакуль – гняздо русалак

                                           у сямейнай клеці,

 бо Валодзева гаспода ім прытульна свеціць.

 

*   *   *

Усе струны ад Валодзі

                                     ў краязнаўчым калаўроце?

Не! Ён сёння ў агародзе

                                     пчолаў корміць у калодзе.

Там і гутарку вядзе

                                      з богаўкай на барадзе…

Ён – Пучынскі-Лапацінскі.

Я рыфмую не для страху:

                                     сын Лявонпаля – сын графа,-

бо хачу амаладжэнння –

                                      у паўторы нараджэння!

Як прамовіла б Сушко:

– Будзь, Валодзенька, з пушком!

                                    (Далучыў бы я маўчком:

З Мелехаўскім крыжыкам,

                                       з Кліманскага рыжыкам,

з Аржаноўскага дручком…)

Дачакаецца і Бася

                                       слова бацькі ў новым гудзе:

– Ты, дачушка, удалася!

                                         Бо хрысцілі цябе людзі

 ў Святатроіцкай спарудзе.

Як гавораць  людзі: Будзем!

Нос – уверх! На росхрыст грудзі!

                                        Сяргей Панізьнік. 17-18.08.2010, 2016.

 

“Успомні, Госпадзе, смяротна заснуўшых у надзеі ўваскрасенне да жыцця вечнага”.

Вечнага супакою шчодраму майму сутворцы – Уладзіміру Пучынскаму.

У нізкім паклоне зямляк-суайчыннік, шматгадовы аўтар “Крагі” (“Краязнаўчай газеты”).

Сяргей Папар-Панізьнік.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0517
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2816
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2116
Далучайцеся да нас