Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Пра “Сцежкі…” Аляксея Шалахоўскага

Пра “Сцежкі…” Аляксея Шалахоўскага

20 кастрычніка 2021, 22:39 Выданні 38
Пра “Сцежкі…” Аляксея Шалахоўскага

Нядаўна Аляксей Шалахоўскі з Менска даслаў мне сваю кнігу публіцыстычных твораў “Сцежкамі гісторыка”, якая сёлета пабачыла свет у менскім выдавецтве “Ковчег”. Кніжка мне спадабалася. Гэта своеасаблівае выданне, якое складаецца з невялікіх нататкаў пра гістарычна-краязнаўчае, літаратурнае і культурнае жыццё Менска і ўсёй Беларусі.

Аляксей Шалахоў-скі на працягу 15 гадоў наведваў розныя імпрэзы і пісаў пра іх інфармацыі ў рэспубліканскую прэсу, найперш у газету “Наша слова”. Пачынаючы з 2005 года і да 2020-га аўтар кнігі ў сваіх допісах зафіксаваў усё тое, што адбывалася на ніве літаратуры і мастацтва. А потым апублікаваныя нататкі сабраў пад адну вокладку. І атрымаўся аўтарскі летапіс “Сцежкамі гісторыка”.  Назва кнігі не дужа ўдалая, магчыма, лепш было б назваць кнігу “Сцежкамі публіцыста” ці “Сцежкамі журналіста”. Гісторыя тут ні пры чым. Але ж, як ёсць – так ёсць. Хаця тое, што зафіксаваў аўтар, сапраўды, застанецца ў нашай гісторыі.

Шмат напісана ў “Сцежках…” і пра новыя выданні беларускіх літаратараў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў. Нават адшукаў допіс і пра кнігу “Ачышчэнне душы” (Мн., 2014), якую я рыхтаваў да друку разам з Міхасём Карпечанкам. Яна прысвечана тэатральнаму рэжысёру, акцёру, педагогу, заслужанаму работніку культуры Беларусі Валянціну Ермаловічу (1925-2004). Добра было б, каб Аляксей Шалахоўскі ў канцы свайго выданне даў імянны паказнік, бо ў кнізе вельмі шмат прозвішчаў, таму кожны па імянным паказніку лёгка мог бы знайсці сваё.

Згадвае ў “Сцежках гісторыка” аўтар пра тых знакамітых асобаў, якія адыйшлі ў іншы свет на працягу 15 апошніх гадоў. Пра многіх ён пісаў, нават сустракаўся, ведаў, бачыў іх. Пра Анатоля Валахановіча Аляксей прыгадвае так: “Амаль кожны тыдзень мы са спадаром Валахановічам стэлефаноўваліся, абменьваліся думкамі, абмяркоўвалі гістарычныя пытанні. Гэта быў добры апавядальнік і аратар. Заўсёды тактоўны і ўважлівы, ён ні з кім не сварыўся. Любіў і паважаў людзей! Меў вялікі аўтарытэт у навуковых колах”.

А вось як аўтар распавядае пра артыстку і заснавальніцу тэатра “Зніч” Галіну Дзягілеву: “Мой старэйшы сябра Уладзімір Аляксеевіч Шаліхін (1930-2002) казаў мне ў 2002 годзе, што міністрам культуры Беларусі павінна быць жанчына. Ён казаў, што добрым міністрам была б Галіна Аляксееўна Дзягілева!”.

І такіх апісанняў жыццёвых момантаў, успамінаў, характарыстык у кнізе Аляксея Шалахоўскага шмат. Яны чытаюцца, запамінаюцца і надаюць нататкам жывасць, праўдзівасць і цікавасць.

Не пакрыўдзіў аўтар кнігі і мастакоў. Ён пісаў інфармацыі з розных выстаў, прэзентацый, сустрэч, па-журналісцку дакументальна ўсё апісваючы на старонках СМІ. Лепшыя з іх увайшлі ў кнігу аўтара.

Аляксей Шалахоўскі любіць тэатр. Ён паглядзеў дзесяткі спектакляў у розных тэатрах Беларусі. Бываў на прэм’ерах і прэзентацыях кніг пра тэатральнае мастацтва. Па матэрыялах бачна, што ён з вялікай асалодай паглядзеў спектакль “Ладдзя роспачы” паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча, прымаў удзел у Няфёдаўскіх чытаннях “Бела-рускае мастацтва: гісторыя і сучаснасць” і г.д.             

Хачу шчыра павіншаваць Аляксея з кнігай і буду чакаць наступную з яго новымі культуралагічнымі запісамі.

Сяргей ЧЫГРЫН.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2618
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску
Грамадства

Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску

31 ліпеня 2024, 06:1916
Далучайцеся да нас