Сябры Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ маюць практыку правядзення валанцёрскіх экскурсій самых розных накірункаў. Прыродалюб і эколаг, журналіст і паэт, краязнавец і фатограф, лаўрэат Міжнароднай прэміі Генры Форда за экалагічную журналістыку Валер Дранчук распавядзе пра “зялёныя цікавосткі” Нясвіжчыны, гісторык і географ Станіслава Вальчак – пра мінуўшчыну Нясвіжа і ваколіц, былы школьны філолаг Наталля Плакса – пра літаратурныя гнёзды сваёй мясцовасці, народнае мастацтва.
Нядаўнім часам праведзены дзве экскурсіі для цікаўных мінчан. Першая – па нясвіжскім парку, што за палацам Радзівілаў, запачаткаваным Марыяй дэ Кастэлян. “Зялёная свечка Нясвіжа” – так здаўна, вобразна і ўшанавальна, называе яго Валер Дранчук. На гэта раз ён і стаўся за экскурсавода. Яму – даўняму і вернаму сябру парку – было што сказаць і пра яго заснавальніцу, і пра будову-напаўненне гэтай густоўнай рэкрэацыі, і пра паркавыя легенды, пра рэканструкцыю, што праводзілася ў сярэдзіне другой паловы мінулага стагоддзя, і пра свой першы каляндар са шматгадовай серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына”, які меў назву “Нясвіж. Водна-паркавы комплекс”.
Другім разам, таксама для тых зацікаўленых гасцей з Менска краязнаўчую вандроўку правяла Наталля Плакса. Маршрут меў два прыпынкі. Першы – знакаміты парк Альба з яго шматвяковай гісторыяй. Другі – Анёльская ці Святаміхальская гара, што таксама непадалёк ад Нясвіжа. Па бездарожжы, крыху ранячы ногі, вандроўнікі здзейснілі нешта накшталт кароткай пілігрымкі да святога месца, дзе калісьці высіўся Святаміхальскі касцёл, што славіўся далёка, збіраў вялікую грамаду вернікаў.
– А бывала ж праязджалі міма і думалі, гледзячы з дарогі, што гэта проста лясок на ўзгорку, а тут – такая гісторыя!- кажа сябар Валянцін.
– Чаму мы раней пра гэта не чулі? – здзіўляецца яго спадарожніца Марыся, якая мае калянясвіжскія карані. Радуецца жанчына, што адбылося іх адкрыццё незадоўга да дня святога арханёла Міхала.
– А якія прасторы адкрываюцца з гары – душа пяе, – захапляецца Людміла – прафесійны музыка-скрыпач.
Гаворка доўжыцца і пра Радзівіла-Сіротку, і пра гетмана Хадкевіча, пра Уладзіслава Сыракомлю, пра Божую веру, справы сённяшніх святароў, чыімі стараннямі ўстаноўлены на Анёльскай гары памятны камень ды мацу-ецца традыцыя святаміхальскіх пілігрымак. Кожны вандроўнік яшчэ і ціха памаліўся за сваё.
***
Нехта добры прачытае ды хораша падумае: вось якія – і прыроду шануюць, і гісторыю забытую вяртаюць, і славутых пісьменнікаў узгадваюць. Яно так. Але галоўны пры гэтым клопат – мова! І кожная экскурсія, як і кожная іншая дзея, ёсць святое чуванне дзеля яе, роднай! Гэта не адменіш, не скасуеш ніякімі рашэннямі, ніякімі прысудамі.
Вольга Карчэўская.
Нясвіж.
Фота 1. Сэлфі каля альбянскай сажалкі. Фота 2. У дарозе.