Народныя рамёствы, навінкі прадпрыемстваў, духмяныя караваі, дажыначныя снапы. Чым яшчэ здзіўлялі “Дажынкі-2021” у Скідалі? Шырокай прысутнасцю беларускай мовы і святам беларускай культуры.
Выстава-продаж вырабаў народных майстроў Гарадзеншчыны сабрала вялікую колькасць ахвотнікаў набыць непаўторныя вырабы на памяць пра свята. Горад майстроў заявіў пра сябе не на жарт!
Аддзелы рамёстваў і традыцыйнай культуры, цэнтры, калектывы народнага аматарскага аб’яднання майстроў і народнай творчасці і мастакоў, народныя ўмельцы, якія працуюць у розных тэхніках, апанавалі цэнтральную вуліцу Скідаля.
Лыжкі, падстаўкі, завушніцы, каралі, матрошкі, размалёўка па дрэве, вырабы з натуральнага каменю, кветкі з капрону… Вочы разбягаліся, гледзячы на гэтую прыгажосць, створаную рукамі чалавека. Майстры прапанавалі прыняць удзел у невялікіх майстар-класах па ганчарстве, поясапляценні, лозапляценні, ткацтве. Заняць сябе займальным працэсам вытворчасці можна было надоўга: тэхніка асвойвалася на месцы пад пільным кіраўніцтвам дасведчанага настаўніка. Паспрабаваць свае сілы хацелася ва ўсім. З горада майстроў ніхто не сыходзіў без сувеніраў, а таксама добрага настрою.
Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прэзентаваў унікальныя вы-абы ткацтва.
– І гэта не толькі вядомае белаўзорнае ткацтва, але і двухнітавое, кашулі з арнаментам, – распавядае навуковы супрацоўнік Марына Савіцкая. – Акрамя таго, мы прывезлі багатую калекцыю керамікі, шматлікія вязаныя вырабы. Усё, чым багатыя, чым ганарыцца наш рэгіён.
А ў цэнтральным парку горада Скідаля на пляцоўцы “Клёкат буслоў” гасцей і ўдзельнікаў свята чакала не меней займальнае гледзішча. Тут былі выстаўлены галоўныя атрыбуты свята – прыбраныя, духмяныя дажыначныя караваі. Што сказаць?! Хлебапёкі-прафесіяналы кожнага з раёнаў Гарадзеншчыны папрацавалі ад душы: караваі, у тым ліку лідскі, дзівілі і формай, і памерамі, і ўпрыгожаннем.
– Наш каравай выпечаны са здобнага дражджавога цеста, – распавядае начальнік вытворча-тэхналагічнай лабараторыі Лідскага хлебазавода Ірына Драбняк. – Ён пяціярусны і багата ўпрыгожаны завіткамі, узорамі з цеста, а таксама каласамі, кветкамі рамонкаў і васількоў з масцікі. Верхні ярус вянчае надпіс “Ліда. Дажынкі-2021”.
Над кулінарным шэдэўрам дзве змены працавалі майстры булачнага і кандытарскага цэхаў хлебазавода. Дыяметр асновы лідскага каравая 60 сантыметраў, а вага ні многа, ні мала – 15 кілаграмаў!
Недалёка ад караваяў размясціліся дажыначныя снапы з каласоў новага ўраджаю. Вышыня многіх з іх дасягае практычна двух метраў.
Лідскі раён прадстаўляла сельгаспрадпрыемства “Пескаўцы”. Да свята працаўнікоў сяла яно падрыхтавалася сур’ёзна. Паспрабавалі палічыць колькасць страў – і ўвесь час збіваліся з ліку. Як у той казцы, наладзілі банкет на ўвесь свет, з пескаўскім размахам.
Вядомым і запатрабаваным быў і брэнд “Лідская мука”. На “Дажынкі-2021” лідзяне прывезлі макароны прэміюм-класа з цвёрдых гатункаў пшаніцы “Pasta Vera” – без перабольшання, лепшыя макароны ў Беларусі, а таксама навінку – паўфабрыкаты серыі “Спадарыня”. Дарэчы, калі вы яшчэ не куплялі “Спадарыню”, абавязкова зрабіце гэта. Тым самым зэканоміце масу часу. Вам не трэба будзе шукаць яйкі, малако, соль і цукар – усё гэта ўжо ўваходзіць у склад сумесі, прыгатаванай прафесіяналамі. Асартымент серыі ўключае: наборы для выпечкі “Піца Італьянская”, “Печыва хатняе з разынкамі” і інш. І хоць усе надпісы на ўпакоўцы зроблены па-руску, само слова “Спадарыня” ўжо грэе беларускую душу.
Вольга Капцевіч, Вольга Яхантава,
lidanews.