Уладзімір Колас нарадзіўся 22 верасня 1951 года ў Менску. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моў і Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Маскве. Зняў мастацкія і дакументальныя фільмы “Малады дубок”, “Дрэвы на асфальце”, “Хочаце кахайце, хочаце – не”, “Сны аб Беларусі”, “Францыск Скарына”, “Максім Гарэцкі”, “Дамова з Гітлерам”, “Галерэя Ады”, “Белы ветразь над Прыпяццю” і іншыя. У 1990 годзе заснаваў Беларускі гуманітарны ліцэй, які ўжо 20 гадоў працуе па-за сістэмай дзяржаўнай адукацыі.
– Спадар Уладзімір, раскажыце пра свае карані – да якога калена ведаеце продкаў?
– Па бацьку мой род з Чэрвеньшчыны, з хутара Куцень. У продкаў было шмат зямлі. Адзін прадзед быў надзвычай працавіты. Падчас сталыпінскай рэформы ўзяў крэдыты, арандаваў зямлю і разгарнуўся вельмі моцна, стаў заможным. Мабыць, нясвоечасова ён пачаў, бо гэта яму каштавала жыцця. Сям’ю ягоную рэпрэса-валі і падчас калектывізацыі ў 1930 годзе саслалі на спецпасяленне ў Гаінскі раён Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акругі.
А мой дзед сябраваў з бацькам кампазітара Ігара Лучанка. Дзед нам апавядаў пра Мішу Лучанка, які добра граў на скрыпцы. І яны да самай смерці сябравалі, перазвоньваліся з тым Мішам. Калі мы пазнаёміліся з Ігарам Лучанком, разам ездзілі на Чэрвеньшчыну, шукалі гэты хутар, шукалі свае карані. У Лучанка радня там жыве, а нашы ўсе згубіліся – хто ў Сібіры, хто на Урале.
А па маці ўся мая радня з Менска.
Бацька Георгій Колас школу скончыў у Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акрузе, але потым вярнуўся ў Менск, паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут на акторскі факультэт. Працаваў у Рускім тэатры, потым стаў тэатральным крытыкам, пачаў пісаць сцэнары. Пісалі сцэнары і здымалі кіно яны разам з маёй маці. А пазнаёміліся на акторскім факультэце.
“Бог мяне пакараў: ніколі не думаў, што буду працаваць у школе”
– Пайшлі па слядах бацькі? Прынамсі, пачатак вашай кар’еры таксама быў кінематаграфічны. Мяркуючы па фільмаграфіі, нядрэнна атрымлівалася, у вашых стужках здымаліся выдатныя акторы – Галіна Макарава, Здзіслаў Стома ды іншыя.
– Не, пачатак у мяне якраз быў педагагічны. Я паступіў у Інстытут замежных моў, праўда, трапіў туды выпадкова. Там была прафесійная кінакамера “Конвас”, і кіраўнік нашай аматарскай кінастудыі перайшоў туды з тэлебачання і здымаў там. І я прыйшоў туды здымаць. Прывабіла кіно. А па неабходнасці давялося вывучаць замежныя мовы.
Бог мяне пакараў: я ніколі не думаў, што буду працаваць у школе. Але па размеркаванні давялося адпрацоўваць у школе на Віцебшчыне. Дарэчы, першая замежная мова ў мяне французская, другая ангельская. З вясковай школы забралі ў войска. Пасля прыйшоў працаваць на “Беларусьфільм”, спачатку асістэнтам. Потым пайшоў вучыцца далей – на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Маскве. Здымаў фільмы, якія, дарэчы, дагэтуль ідуць. Нядаўна дачка паглядзела ў інтэрнэце: мастацкі фільм “Дрэвы на асфальце”, зняты ў 1984 годзе, – на 4-м месцы па колькасці праглядаў. У галоўнай ролі там здымалася народная артыстка СССР Галіна Макарава.
“У тым, што ліцэй насіў імя Якуба Коласа, заслуга Замяталіна”
– Чаму змянілі сферу дзейнасці, калі ўжо сталі паспяховым рэжысёрам? Вас жа ведаюць цяпер больш як заснавальніка, “бацьку” Беларускага гуманітарнага ліцэя, які ў народзе дагэтуль называецца “Коласаўскім”. Раскрыйце таямніцу – ліцэй так названы ў гонар Якуба Коласа ці ў ваш?
– Як усё было… Ліцэй пачалі называць “Коласаўскім”, таму што я яго заснаваў і быў дырэктарам. А потым, калі пачалі рэарганізоўваць з нядзельнай школы ў сур’ёзную навучальную ўстанову, чыноўнік з прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Замяталін прыдумаў, каб ліцэй называўся “імя Якуба Коласа” – пэўна, каб я быў ні пры чым. Так што ў тым, што ліцэй насіў імя Якуба Коласа да ліквідацыі, заслуга Замяталіна.
Чаму ўзначаліў ліцэй? Мабыць, гэта збег абставінаў. Мяне раздражняла, што ў Беларусі па-беларуску мала хто размаўляе, а ў Менску не было ніводнай школы з беларускай мовай навучання.
Дарэчы, задумвацца пра гэта я пачаў у Маскве, калі вучыўся на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах. Бо туды з усяго СССР прыехалі не дурныя і не бяздарныя людзі. Усе размаўлялі на сваіх нацыянальных мовах. Я тады заўважыў, што ў савецкіх рэспубліках прысутнічаў моцны нацыянальны фактар. А мы, беларусы, выглядалі неяк недарэчна. Беларусаў у нас на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах было двое – я з Менска і Віталь Дудзін з Урала. Гэтыя думкі не пакідалі мяне ў Маскве, і па вяртанні ў Менск пачаў ствараць ліцэй.
Я думаў, што ліцэй будзе часова ў маім жыцці. Я меркаваў, што яго запушчу – і далей “паплыве” без мяне. Але дагэтуль ніяк не магу яго адпусціць. Альбо ён не можа мяне адпусціць.
“Хваля адраджэнцкага рамантызму закранула і наменклатуру”
– Аднак 31 год існавання – тэрмін сур’ёзны. Не кожная шко-ла, гімназія і нават Ліцэй БДУ могуць пахваліцца, што ў іх выкладае такое сузор’е выдатных навукоўцаў, дактароў і кандыдатаў навук.
– Так, таму і трымаемся. І гэта ідэя ліцэю закранула і непакоіць не толькі мяне, яна непакоіць вельмі шмат разумных, годных і неабыякавых людзей. І гэта ідэя прыцягнула адразу такое сузор’е выбітных асобаў, што ліцэю быў наканаваны поспех. Ну і неяк так супала, што на пачатку 1990-х быў уздым, хваля адраджэнцкага рамантызму, і яна закранула не толькі дэсідэнцкую эліту, але і наменклатуру, і яшчэ многіх людзей.
Дарэчы, летась гэта таксама выйшла на паверхню. Таму ў ліцэй дагэтуль мы можам запрасіць самага годнага, кампетэнтнага, выбітнага чалавека, і ён з задавальненнем прачытае лек-цыю, будзе выкладаць у нас. Мена-віта таму ліцэй ператварыўся з нядзельнай школы ў сур’ёзную навучальную стацыянарную ўстанову. А так доўга ён трымаецца менавіта таму, што бацькі бачаць, як ліцэй уплывае на дзяцей. Ліцэісты бачаць, колькі ім ён дае, мы бачым, што з гэтымі ліцэістамі адбываецца потым, як гэтая адука-цыя станоўча ўплывае на іх жыццёвы шлях. Менавіта таму ён і жыве.
Ну і самае галоўнае – як гэта так, каб у Беларусі не было бела-рускай мовы, каб не было беларускай школы, каб не было беларускага ліцэя на нармальным узроўні?
Нашым ліцэістам не сорамна, калі яны здаюць ЦТ і іспыты і тут, у Беларусі, і калі тэсты здаюць за мяжой. У Польшчы нашы выпускнікі выглядаюць не горш за польскіх ліцэістаў. Калі мы былі ў Літве, нашы ліцэісты аказаліся на некалькі галоў вышэй за іхніх дзяцей. Менавіта таму, што ў нас такія выдатныя выкладчыкі.
“Францішак Скарына ў свой час таксама вучыўся за мяжой”
– Вас часцяком папракаюць, што рыхтуеце кадры для замежных ВНУ. Выпускнікі выбіраюць прэстыжныя навучальныя ўстановы за мяжой, прычым не толькі ў Польшчы ці Літве. Мала хто застаецца працягваць вучобу ў Беларусі.
– Я не буду пярэчыць – мы ведаем прычыны, чаму Франці-шак Скарына таксама вучыўся за мяжой. І не толькі ён. У прынцыпе, гэты досвед Беларусі вельмі па-трэбны. Знаёмства з іншай мента-льнасцю, з дэмакратычнымі каш-тоўнасцямі, з іншым ладам кіравання і самакіравання – гэта для нас важна, проста неабходна.
Але не толькі выпускнікі ліцэя едуць вучыцца за мяжу – цяпер павальна моладзь пакідае Бе-ларусь. Не ад добрага жыцця, і мы ведаем, што ў нашых ВНУ адбываецца, што ў цэлым у краіне. Тут сябе рэалізаваць цяж-ка. Таму не да нас прэтэнзіі, што нашы выпускнікі едуць вучыцца за мяжу.
Мы заўсёды гаворым, што разумеем гэтае жаданне, але больш шануем тых, хто застаецца. А з другога боку, палякі таксама ездзілі вучыцца за мяжу. І нічога. І Папам Рымскім стаў паляк Ян Павел ІІ, і дарадца ў нацыянальнай бяспецы прэзідэнта ЗША Картэра Збігнеў Бжазінскі – паляк, і вядомы эканаміст і рэфарматар Лешак Бальцаровіч вучыўся ў Злучаных Штатах.
Мы бачым, што ў Польшчы цяпер адбываецца, які шлях яна прайшла ў нас на вачах. А стартавыя ўмовы ў нас былі нават леп-шыя, чым у палякаў. Дзе цяпер мы і дзе палякі? І многія палякі, якія вучыліся за мяжой, вярнуліся, а тыя, якія засталіся, дапамагаюць з-за мяжы сваім суайчыннікам, спрыяюць сённяшняму развіццю краіны. Будзем спадзявацца, што і нашы выпускнікі зробяць нешта для Беларусі, бо іхняя перавага ў тым, што яны разумеюць, адкуль яны і што трэба зрабіць для радзімы. Адрозна ад выпускнікоў ін-шых школаў, дзе ўвогуле ні слова па-беларуску не гучыць і мы ведаем, як іх вучаць трактаваць прастору, дзе яны жывуць.
Наконт таго, што з’язджа-юць. Мы заснавалі першы беларускі нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча, каб заставаліся вучыцца тут. Мы сабралі больш за сотню найлепшых выкладчыкаў, дактароў, кандыдатаў навук, самых дасведчаных у сваіх дысцыплінах. Але ліцэнзіі нам так і не далі. З вобшукам прыйшлі, кнігі з бібліятэкі канфіскавалі. Мы ж разумеем, што адбываецца пагром, знішчэнне ўсяго беларускага, знішчэнне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, знішчэнне беларускай мовы.
І школа тут адыгрывае важную ролю. Вынік гэтай працы мы ведаем, ведаем, каму гэта выгадна. Беларуская мова зноў становіцца мішэнню.
“Цяпер мы ў працэсе адаптацыі да новых умоў існавання”
– Раскажыце пра новы набор, як будзеце працаваць у новым навучальным годзе.
– Мы набралі шмат новых вучняў, вельмі годных і разумных. Цяпер мы ў працэсе трансфармацыі, адаптацыі да новых умоў існавання. Бо працаваць у ранейшым рэжыме ўжо не можам. Таварыства беларускай школы ліквідавалі, Таварыства беларускай мовы ў працэсе знішчэння. Таму павінны адаптавацца і знайсці новую форму працы. Мы ў пошуку. Працы шмат. Але сёння гэта імправізацыя. Трымаемся.
– 30 гадоў, гэта больш за палову вашага свядомага жыцця, вы змагаецеся за выжыванне ліцэя. Не стаміліся ад пастаяннай барацьбы?
– Звычка, інерцыя. Напэўна, такі лёс. Без барацьбы і змагання было б сумна. З другога боку, вось вы ўспомнілі маіх рэпрэсаваных продкаў – у параўнанні з імі нам крыху лягчэй. Ім было значна цяжэй. Трымае тое, што ліцэй патрэбен вучням, іх бацькам.
Па-другое, вакол людзі, з якімі ўжо столькі пройдзена. І мікраклімат, аўра, неймаверная атмасфера, створаныя ў ліцэі дзякуючы гэтым людзям, аздараўляюць. Калі мы разам, вонкавыя справы і кашмары не так заўважныя і не так адчуваюцца. Пакуль у стане, будзем рухацца.
Паводле СМІ