Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Хто з кнігаю дружыць, ніколі не тужыць

Хто з кнігаю дружыць, ніколі не тужыць

29 верасня 2021, 17:08 Культура 59
Хто з кнігаю дружыць, ніколі не тужыць

15 верасня на пляцоўцы каля Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы было шматлюдна, панавала святочная атмасфера – тут адбыўся фестываль кнігі і друку “Зоркі лідскіх небасхілаў”, які з’яўляецца традыцыйным для нашага горада культурна-масавым мерапрыемствам у Дзень бібліятэк. З году ў год фестываль закліканы нагадаць аб вялікіх беларускіх асветніках і друкарах мінуўшчыны і ўшаноўваць работнікаў бібліятэк, а таксама ўсіх, хто мае дачыненне да стварэння друкаванай кнігі, іншай друкаванай прадукцыі.

У час фестывалю на пляцоўцы каля раённай бібліятэкі былі разгорнуты кніжныя выста-вы, забаўляльныя пляцоўкі, дзіцячая гульнявая зона, розныя май-стар-класы – кожны наведвальнік змог знайсці сабе занятак па гусце. Месцам жа асноўных дзеянняў фестывалю стала імправізаваная сцэна ля ўвахода ў бібліятэку. Падцягвацца бліжэй да гэтай сцэ-ны заклікалі людзей удзельніцы фальклорнага гурта “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Спачатку з Днём бібліятэк усіх прысутных павіншавалі галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Наталля Вайцюкевіч і сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель.

– Без кніг жыццё чалавека абядняецца, – падкрэсліў у сваёй прамове айцец Максім. – Калі чалавек чытае добрыя кнігі, ён абнаўляе свой вобраз і вобраз Божы ў сабе.

Многае гаварылі вядоўцы імпрэзы аб бібліятэках як захава-льніках духоўных, культурных і інтэлектуальных скарбаў, аб кнігах як падмурку духоўнага жыцця народа, крыніцах ведаў. “Хто з кнігаю дружыць – ніколі не тужыць”, – сцвярджалі яны. Прысутным (а сярод іх было многа школьнікаў) нагадалі пра беларускіх асветнікаў Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Кліменція Смаляціча і, канешне ж, пра Францішка Скарыну.

Падзякавала раённай бібліятэцы за супрацоўніцтва і перадала ёй у дар кнігу аб журналістах Гарадзеншчыны член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар “Лідскай газеты” Кацярына Серафіновіч. З гісторыяй і днём сённяшнім Лідскай друкарні азнаёміла яе спецыяліст Валянціна Нічыпар. Стаць сябрамі магазіна “Кніжны свет” заклікала прысутных яго загадчыца Галіна Станевіч. Подзвігам назваў летнюю акцыю раённай бібліятэкі “Літфэст па-лідску” з выхадамі з кнігамі ў народ, да дзяцей паэт, рэдактар газеты “Наша слова”,  гістарычна-літаратурнага часопіса “Лідскі летапісец”, а таксама літаратурна-мастацкага часопіса “Ад лідскіх муроў” Станіслаў Суднік і прачытаў свой верш, прысвечаны друкаванай кнізе, якая і ў век інтэрнэту застанецца з намі.

Вершы на розныя тэмы – аб бібліятэцы, “Лідскай газеце”, Радзіме, роднай мове, помніку Вялікаму князю Гедыміну – чыталі з імправізаванай сцэны сябры літаб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” Ірына Маркевіч, Станіслава Белагаловая, Людміла Русь, Тарэза Смольская, кіраўнік літаб’яднання Аляксандр Мацулевіч.

У завяршэнне імпрэзы аб двух новых маштабных праектах, у якіх змогуць прыняць удзел паэты Лідчыны, – моладзевым праекце “І з мышкай, і з кніжкай” і конкурсе на атрыманне літаратурнай прэміі імя Валянціна Таўлая за найлепшы патрыятычны твор – коратка расказала першы сакратар Лідскага раённага камітэта БРСМ Вольга Міхаловіч. Палажэнне аб літаратурнай прэміі імя В. Таўлая на лепшы твор патрыятычнай тэматыкі будзе апублікавана ў адным з наступных нумароў.

Аляксей КРУПОВІЧ,

г. Ліда.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая
Культура

Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая

6 чэрвеня 2024, 23:1915
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2615
Далучайцеся да нас