15 верасня 2011 года ў Лідзе на 67-м годзе жыцця пайшоў у іншы свет беларускі нацыянальны дзеяч Уладзімір Канстанцінавіч Хрышчановіч.
Уладзімір Хрышчановіч прыйшоў у беларускі нацыянальны рух у пачатку 90-х гадоў. У 1994 годзе быў абраны намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі БНФ “Адраджэньне”, а пасля заснавання Партыі БНФ – намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ. Адначасова быў кіраўніком Лідскай Слабадской суполкі ТБМ. Вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Лідскага гарсавета ад БНФ “Адраджэньне”.
У 1999 годзе падчас сумнавядомага расколу БНФ Уладзімір Хрышчановіч застаўся на пазіцыях Зянона Пазьняка і быў абраны старшынём Лідскай гарадской арганізацыі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ (з 2004 года Лідскай раённай арганізацыі), а таксама сябрам Сойму КХП БНФ.
Уладзімір Хрышчановіч быў ініцыятарам і рухальнай сілай многіх адраджэнцкіх праектаў на тэрыторыі г. Ліды і Лідскага р-на.
У. Хрышчановіч прымаў непасрэдны ўдзел ва ўстаноўцы крыжоў на магілах паўстанцаў 1863 года паміж вёскамі М. Ольжава і Мохавічы, крыжоў на магіле ксендза Адама Фалькоўскага ў Лідзе і ў Беліцы.
За адраджэнцкую дзейнасць неаднаразова прыцягваўся да адказнасці. За ўдзел ва ўстаноўцы крыжа на магіле ксендза Адама Фалькоўскага ў 1997 годзе У. Хрышчановіч (праваслаўны) быў прысуджаны да штрафу.
Займаўся краязнаўствам, збіраў краязнаўчыя матэрыялы, удзельнічаў у краязнаўчых мерапрыемствах, выступаў з артыкуламі ў друку. Ужо пасля смерці быў надрукаваны яго матэрыял пра дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Саковіча, Маракова, Ваўчка. Апекваўся магіламі беларускіх патрыётаў.
Працуючы на Лідскай дыстанцыі шляхоў зносін вёў пастаянную асветніцкую і прапагандысцкую дзейнасць сярод лідскіх чыгуначнікаў, распаўсюджваючы вялікі аб’ём адраджэнцкай літаратуры. Апошнія шэсць гадоў, пасля выхаду на пенсію, штотыднёва распаўсюджваў 35 нумароў газеты “Наша слова” і некалькі нумароў “Лідскага летапісца” (часопіс купляў за свой кошт).
Трымаўся на нагах да апошняга. Памёр, але з шыхту не выйшаў. Хай будзе суцяшэннем яму і нам, што памёр у незалежнай Беларусі, якую так моцна любіў.
Пахаваны ў Лідзе.

