Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Дыпламатычная дзейнасць беларускіх пісьменнікаў у ААН

Дыпламатычная дзейнасць беларускіх пісьменнікаў у ААН

21 верасня 2021, 20:06 Выданні 3
Дыпламатычная дзейнасць беларускіх пісьменнікаў у ААН

“Акварыюм  будыніны ААН,

Дзе плаваюць і плоткі і акулы,

Затоена маўчыць, што акіян,

Які  трывога  сквапна заглынула” 

Р. Барадулін.

 

Новая кніга кандыдата гістарычных навук, дэкана факультэта міжнародных адносін  БДУ  Ігара Аўласенкі  “Беларускія пісьменнікі  ў ААН: выступленні, назіранні, разважанні, уражанні”, якая выйшла ў 2021 годзе ў “IВЦ Мінфіна”, стала даступна чытачам. Манаграфія прысвечана традыцыі ўключэння пісьменнікаў у склад дэлегацыі Беларускай ССР на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Штуршком  для аўтара паслужылі факты з даведнікаў пра тое, што 29 беларускіх літаратараў наведвалі ЗША ў складзе дыпламатычных місій.

Для свайго даследавання аўтар выкарыстоўваў пратаколы пасяджэння ЦК КПБ аб складзе дэлегацыі БССР на сесію ГА ААН, дзённікавыя запісы і эпісталярную спадчыну пісьменнікаў, мемуары літаратараў. Многія беларускія  пісьменнікі, пабываўшы на сесіях Генеральнай Асамблеі, імкнуліся падкрэсліць найперш нацыянальнае, беларускае.

У кнізе цытуюцца “Асамблейныя замалёўкі” Міхася Лынькова, ” Нью-Ёркскія малюнкі”  Пімена Панчанкі, “Недыпламатычныя нататкі” Максіма Танка, “Два  месяцы ў Нью -Ёрку” Івана Шамякіна, “Апошняя пастараль” Алеся Адамовіча, у “Суаўтарстве з Гудзонам” Рыгора Барадуліна, “Амерыканскія эскізы” Генадзя Бураўкіна.

Аўтар кнігі шукаў адказы на наступныя пытанні: як успрымалі беларускія літаратары работу сесій Генеральнай Асамблеі ААН, якімі яны бачылі Злучаныя Штаты і амерыканскі лад жыцця ў час супрацьстаяння дзвюх дзяржаў, проціборства двух лагераў, калі дзейнасць літаратараў за мяжой строга кантралявалася?   Як паэты і празаікі вырашалі праблему супярэчнасці творчай і афіцыйнай дзейнасці? Рыгору Барадуліну выпаў гонар выступлення на пленарным пасяджэнні, на тым месцы, дзе звычайна выступаюць старшыні дэлегацый, лідары найбуйнейшых краін свету. Занепакоенасць у  яго выклікала замаруджанасць у перамовах па разбраенні, расчараванне з-за няздольнасці сусветнай супольнасці дамовіцца аб спыненні гонкі ўзбраенняў. Гэта занепакоенасць адлюстроўвалася ў вершах. Г.М. Бураўкін некалькі разоў наведваў ЗША ў розныя перыяды гісторыі. У першы раз – у канцы 70-тых гадоў, што знайшло адлюстраванне  ў асобным раздзеле пад назвай “Амерыканскія эскізы”.

У наступны раз Г.М. Бураўкін патрапіў у склад дэлегацыі БССР ў 1989 годзе, падчас эпохі галоснасці, калі пачалася “разрадка” напружанасці на міжнароднай арэне. Яшчэ праз год Генадзь Бураўкін апынуўся ў ЗША ўжо з доўгатэрміновай дыпламатычнай місіяй: ён заняў пасаду пастаяннага прадстаўніка БССР пры ААН. Графік яго быў больш насычаны. Асабліва гэта насычанасць узрасла праз год, калі Савецкі Саюз распаўся, і трэба было тэрмінова вырашаць цэлы шэраг пытанняў па ўсталяванні  кантактаў  з дзелавымі і дыпламатычнымі коламі іншых краін. Часу на творчасць стала значна менш.

Што ж каштоўнага для нашага часу застаецца ў творах і дакументах асабістага характару пісьменнікаў-дэлегатаў? “Вопыт іх сістэматычнага ўдзелу ў афіцыйнай дыпламатыі БССР сведчыць пра тое, што вялікі патэнцыял мае не толькі афіцыйная, але і неафіцыйная дыпламатыя,”- канстатуе аўтар. У кнігу ўключаны пералік мастацкіх твораў, нарысаў, рэпартажаў беларускіх пісьменнікаў па выніках іх паездак у ЗША. Сярод гэтых твораў – нізка вершаў Г. Бураўкіна “Амерыканскія эскізы”, кніга нарысаў А. Вярцінскага “Нью-Ёркская сірэна”, нарыс Віктара Казько “Паездка ў Філадэльфію”, Анатоля Кудраўца – “Лісты з Амерыкі”, “Недыпламатычныя нататкі” Максіма Танка, нарыс Івана Шамякіна “Два месяцы ў Нью-Ёрку”. Многія вершы і нататкі ў той час былі напоўнены крытычным поглядам на амерыканскі лад жыцця, крытычным стаўленнем да відовішчаў і забаваў, крыклівай рэкламы, але праз іх можна было атрымаць шмат інфармацыі пра краіну.   

Па гэтых прычынах зварот да творчай  і дыпламатычнай спадчыны пісьменнікаў застаецца актуальным і надалей. Мемуары, дзённікавыя запісы, лісты даюць магчымасць прасачыць як афіцыйны бок работы дэлегацыі БССР у ААН, так і побыт, унутраную псіхалагічную атмасферу, нефармальныя ўзаемасувязі. Кніга разлічана на спецыялістаў у галіне міжнародных адносін, літаратураназнаўства і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй беларускай дыпламатыі.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
15-я Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне
Мова

15-я Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне

17 лютага 2022, 14:0831
Экскурсія па Пухавіччыне "Юзаф Бака.  Геній майго месца"
Спорт

Экскурсія па Пухавіччыне "Юзаф Бака. Геній майго месца"

6 красавіка 2021, 11:0329
Зварот ТБМ да бацькоў
ТБМ

Зварот ТБМ да бацькоў

1 чэрвеня 2021, 07:0929
Літаратура без межаў. Пятро Франко:  вялікі сын вялікага бацькі
Выданні

Літаратура без межаў. Пятро Франко: вялікі сын вялікага бацькі

18 лістапада 2019, 23:1328
Далучайцеся да нас