Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Ён заўсёды ў дарозе

Ён заўсёды ў дарозе

14 верасня 2021, 19:09 ТБМ 30
Ён заўсёды ў дарозе

6 верасня кіраўніку Дзятлаўскай суполкі ТБМ, грамадска-культурнаму актывісту, былому педагогу, краязнаўцу, лаўрэату літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса Валерыю Міхайлавічу Петрыкевічу споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Валерый Міхайлавіч у вёсцы Любча Наваградскага раёна ў сям’і настаўніка. У 1963 годзе ён скончыў 10 класаў Валеўскай сярэдняй школы. Як член зборнай каманды вобласці па лёгкай атлетыцы, быў запрошаны на пасаду настаўніка фізкультуры ў Райцаўскую СШ Карэліцкага раёна, а праз пару гадоў – у Валеўскую СШ, а затым і ў СШ № 2 г. Наваградка. Праца настаўніка прыйшлася па душы. Таму завочна ў 1969 годзе скончыў Беларускі інстытут фізічнай культуры ў Менску.

Са жніўня 1967 года Валерый Петрыкевіч жыве і працуе ў Дзятлаве, спачатку дырэктарам мясцовай спортшколы, а затым настаўнікам фізічнай культуры ў сярэдніх школах № 1 і № 3 Дзятлава. З 2006 года ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

 На працягу ўсяго жыцця Валерый Петрыкевіч любіў і любіць падарожнічаць. З вучнямі СШ № 1 Дзятлава не адзін раз здзяйсняў шматдзённыя водныя паходы па рэках Беларусі, Карэліі, Карпатаў, а ў складзе гарадзенскіх турыстаў-воднікаў зведаў усю прыгажосць, асалоду і экстрым падарожжаў па горных рэках Каўказа, Алтая, Цянь-Шаня, Саянаў, Далёкага Усходу, Кольскага паўвострава і Паміра.

Уражаннямі ад сваіх першых школьных паходаў дзяліўся з чытачамі газет “Піянер Беларусі” і “Зорька”. Пазней дасылаў шмат артыкулаў у дзятлаўскую раённую газету “Перамога”. Падчас вайсковай службы на Балтыйскім флоце цесна супрацоўнічаў з газетай “Страж Балтыкі”. На старонках “Настаўніцкай газеты” распавядаў пра вопыт арганізацыі турысцка-краязнаўчай працы ў СШ № 1 г. Дзятлава.

У апошнія гады Валерый Петрыкевіч актыўна займаецца гістарычна-краязнаўчымі справамі, даследуе і ўшаноўвае сваіх знакамітых землякоў.

Дзякуючы клопатам Валерыя Міхайлавіча на Дзятлаўшчыне ўшанаваны пісьменнікі-землякі Гарасім Прамень, Васіль Струмень і Пятрусь Граніт. У вёсцы Зачэпічы грамадскі актывіст разам з сябрамі ўстанавіў мемарыяльны камень. Там штогод цяпер праводзіцца Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі.

Дзякуючы Валерыю Міхайлавічу ў вёсцы Погіры ўстаноўлены і мемарыяльны камень, прысвечаны Ігнату Дварчаніну (1895-1937). А ў вёсцы Труханавічы, на доме, дзе жыў паэт Нікіфар Жальба (1898-1991), адкрыта шыльда.  

Напачатку 2013 года нама-ганнямі мясцовых актывістаў і супрацоўнікаў Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея адзначылі 100-гадовы юбілей бацькі Валерыя – заснавальніка музея Петрыкевіча Міхаіла Фёдаравіча. Паклапаціўся вядома ж нямала і сам сын. А праз некалькі дзён у раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя яго кнігі “Народжаны вечнасць тварыць”, куды ўвайшлі артыкулы Міхася Петрыкевіча – бацькі Валерыя Міхайлавіча .

Актывіст з Бярозаўкі Сяргей Трафімчык у канцы 2014 года перадаў Валерыю Петрыкевічу копію лідскага барэльефа Канстанціна Астрожскага (1460-1530) – заснавальніка і першага ўладара Дзятлава. Цяпер ён прыкладае намаганні, каб барэльеф па-мастацку аздобіць і замацаваць побач з  мемарыяльным валуном, усталяваным яшчэ ў 1998 годзе на скрыжаванні вуліц Чырвонаармейскай і Слонімскай у гонар 500-годдзя з дня заснавання Дзятлава. Ёсць у планах паставіць і помнік Канстанціну Астрожскаму ў Дзятлаве.

Шмат каму вядома, што побач з Дзятлавам у вёсцы Жы-буртоўшчына знаходзіцца сядзіба роднага дзядзькі, нашага славутага земляка, філамата, блізкага сябра Адама Міцкевіча, сусветна вядомага навукоўца, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. Тут ён, па волі лёсу, некалькі гадоў жыў і працаваў, хадзіў па вуліцах мястэчка, бываў на кірмашы, маліўся ў касцёле. Сядзібай і яе дапаможнымі пабудовамі доўгі час карысталася раённая бальніца…

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Валерый Петрыкевіч вельмі хоча, каб гэты куточак Дзятлаўшчыны заўсёды прыцягваў турыстаў. Ён таксама даўно марыць з землякамі ўстанавіць мемарыяльныя шыльды ўраджэнцам Дзятлава і раёна Тамашу Жаброўскаму, Вікенцію Дмахоўскаму, Сяргею Хмары і іншым сынам дзятлаўскай зямлі. Таму працы ў няўрымслівага краязнаўца яшчэ наперадзе шмат, нягледзячы на яго сталы ўзрост.

Творчая інтэлігенцыя Гарадзеншчыны, а таксама ўсе сябры ТБМ шчыра віншуюць Валерыя Міхайлавіча Петрыкевіча з юбілеем. Жадаюць яму здароўя, сіл, цярпення, новых сустрэч з сябрамі і роднымі людзьмі, цікавых адкрыццяў і падарожжаў па роднай зямлі. Каб вы яшчэ доўга заставаліся ў дарозе, вас радавалі жыццёвыя справы і поспехі. А мы вам будзем дапамагаць.

І апошняе. Напісаў невялікі тэкст песні да юбілею Валерыя Міхай-лавіча. Бард Сяржук Чарняк з Ліды абяцаў пакласці верш на музыку і выканаць песню пад гітару. Так што сустрэч творчых на Дзятлаўскай зямлі адбудзецца яшчэ шмат. У гэта, вядома ж, верыцца. І на гэта мы спадзяёмся.

 

Баец

 

Валерыю Петрыкевічу

з нагоды 75-годдзя

 

Краязнаўцы ў жыцці не старэюць,

А як дрэвы стаяць да канца.

Лепш за іншых жыццё разумеюць,

Як баец разумее байца.

 

Прыпеў:

Клічуць радасць, надзея і веліч –

Ты да іх, мой сябрук, завітай:  

Тут жыве наш Валер Петрыкевіч,

Які любіць бацькоўскі свой край.

 

Хай хвалюецца ў пошуках сэрца,

Нам ад спраў Вашых

                                   радасна жыць.

Наш Міхалыч нідзе не здаецца,

Ён умее ствараць і тварыць.

 

Прыпеў:

Клічуць радасць, надзея і веліч –

Ты да іх, мой сябрук, завітай:  

Тут жыве наш Валер Петрыкевіч,

Які любіць бацькоўскі свой край.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0517
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2816
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2116
Далучайцеся да нас