3-га верасня ў рамках Свята беларускага пісьменства ў Капыльскай раённай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі прайшла прэзентацыя 1-га нумара літаратурны альманах “Родныя пагоркі”, які выдала тутэйшае літаб’яднанне “Вясёлка” пры падтрымцы газеты “Наша слова”. Укладальнік і аўтар прадмовы – Ірына Пятровіч, рэдактар – Станіслаў Суднік.
Прэзентацыя праходзіла ў цёплай хатняй атмасферы за святочным сталом пад кіраўніцтвам мілых вядоўцаў Людмілы Насевіч і Ірыны Пятровіч. На імпрэзу сабраліся аўтары альманаха, з Ліды прыехаў рэдактар Станіслаў Суднік, а з Нясвіжа – старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ, краязнаўца Наталля Плакса, якая дапоўніла асноўную дзею прэзентацыяй мастацкага календара “Маляванкі-суседкі (Капыльшчына, Нясвіжчына, Клеччына)”. Былі выстаўлены тры “жывыя” маляванкі з квалекцыі спадарыні Наталлі. Адна з іх пэндзля Юзафа Мысліцкага, намаляваная ў в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна, а сам Юзаф Мысліцкі паходзіў з вёскі Чарнагубава Капыльскага раёна.
Прэзентацыю ж альманаха распачала ўкладальніца Ірына Пятровіч і распачала з верша С. Судніка, змешчанага на вокладцы:
Між Слуцкаю раўнінай
І Нёманскай далінай,
Пад радаснаю зоркай
Калісьці Бог раскінуў,
Калісьці Бог раскінуў
Капыльскія пагоркі…
А далей чыталіся вершы, змешчаныя ў зборніку, і выступалі аўтары з радкамі любові да сваёй радзімы, а радкоў тых дастаткова:
Куток дзівосны
гнёздаў салаўіных –
Капыльская радзімая зямля.
Нідзе няма
другой такой мясціны,
Дзе б адпачыў душой і сэрцам я.
(Мікалай Майсюк.)
Я родны свой Капыль не кіну,
Не з’еду ў лепшыя краі.
Тут, на пагорках я загіну
Ў апошнім для мяне баі…
(Аляксей Траццяк.)
Цімкаўская родная зямля!
Край наш непаўторны і любімы!
Гімн табе пяю сягоння я,
Для мяне на свеце ты адзіны!
(Алена Острыкава.)
Мелі слова Ядвіга Малевіч, Наталля Раеўская і ўсе, хто хацеў. Гучалі песні на словы Мікалая Майсюка ў выкананні аўтара і Яўгеніі Леўс.
Па ходзе прэзентацыі журналіст газеты “Слава працы” распавёў, як у 60-я гады пры газеце ўзнікла літаб’яднанне “Вясёлка”, як праз пэўны час падзаняпала і як было адноўлена пры Капыльскай раённай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі.
Трэба адзначыць і такі момант: адна з аўтарак падзякавала рэдактару за ўнесеныя праўкі, што бывае надзвычай рэдка. Намнога часцей аўтары маюць прэтэнзіі да рэдакцыі, гатовыя змагацца за кожную коску. А тут відно: людзі крытычна ставяцца да сваёй творчасці, а значыць будуць больш працаваць над кожным творам, будуць імкнуцца да таго, каб пакінуць рэдактара без працы. І гэта радуе, тым больш, што прынята рашэнне праз некаторы час рыхтаваць другі нумар, які па плане павінен выйсці ў 2024 годзе і мае быць, безумоўна, большым і лепшым, і так далей да дасканаласці, у якой, як вядома, мяжы няма.
Напрыканцы адбылася яшчэ адна прэзентацыя. Ганна Іосіфаўна Арлоўская прадставіла кніжачку сваіх успамінаў.
Кажуць, што “Мастацкая літаратура” выдала вялікую кнігу “Літаратурная Капыльшчына”, дзе, пэўна, нікога з аўтараў нашага альманаха знайсці не ўдасца. Ну і няхай сабе, няма нашых аўтараў у тоўстай кнізе, але ў літаратуры яны ёсць, і гэта больш важнае.
Яраслаў Грынкевіч.