У цэнтры Дзятлава прадаецца палац Радзівілаў за 145 рублёў. Гадоў сем назад пачатковы кошт палаца быў каля двух мільярдаў беларускіх рублёў, але ніхто яго так і не купіў. На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна знаходзяцца 40 помнікаў архітэктуры, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Сярод іх – будынак былога палаца Радзівілаў. Мураваны палац былога маёнтка Радзівілаў стаіць на беразе гарадскога возера.
Першапачаткова ў 1508 годзе Канстанцінам Астрожскім на гэтым месцы была пабудавана драўляная цвердзь. Аднак у час Паўночнай вайны яна была разбурана. Тады ў замку знаходзілася штаб-кватэра Пятра І. Пасля Паўночнай вайны і да 90-х гадоў XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая не ўдзельнічала ў войнах, што садзейнічала аднаўленню і развіццю гаспадаркі. У XVIII стагоддзі цвердзі ўжо страцілі сваё абарончае значэнне, таму на месцы драўлянай цытадэлі па фундацыі Дамініка і Мікалая Фаўстына Радзівілаў у 1751 годзе архітэктарам Д. Фантана была пабудавана новая мураваная рэзідэнцыя. Сядзібны комплекс уключаў палац, гаспадарчыя пабудовы, парк. Палац уяўляў сабою двухпавярховы прамавугольны будынак на высокім цокалі. Спачатку ён меў высокі дах і па баках – трох’ярусныя вежы. На франтоне галоўнага фасада палаца Радзівілаў захавалася арнаментальна-геральдычная пластыка: ляпны гербавы картуш князёў Радзівілаў, партрэтныя барэльефныя медальёны, звівы лісця, гірлянд, драпіровак. Па перыметры будынак упрыгожаны міжпавярховым і завершаным карнізамі. Яшчэ ў пасляваенны час у нішах палаца знаходзіліся скульптуры. Знешні выгляд палаца быў значна зменены сучаснымі прамавугольнымі вокнамі, якія раней мелі ўрачыстую арачную форму.
У канцы ХVIII стагоддзя вакол палаца быў створаны парк у англійскім стылі. Парк упрыгожвала архітэктура малых формаў: масты, павільёны, альтанкі. Пасля ўдзелу апошняга ўладальніка Дзятлава Адама Солтана ў паўстанні 1831 года, палац Радзівілаў перайшоў у дзяржаўную ўласнасць. Спачатку будынак быў прыстасаваны пад шпіталь, потым – пад кавалерыйскую казарму. На пачатку ХХ стагоддзя ў палацы знаходзілася двухкласная школа, а ў 1930-я гады быў сіроцкі дом для дзяўчынак. У пасляваенны перыяд палац Радзівілаў быў прыстасаваны пад медыцынскую ўстанову. Цяпер ён пустуе.
Аксана Шпак,
Дзятлава.
Фота аўтара.