20 жніўня Ангела Меркель і Уладзімір Пуцін, падчас візіту канцлера Германіі ў Маскву, як і анансавалася, сярод іншых пытанняў абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і вакол Беларусі, дзеянні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Беларускую тэму падчас трохгадзінных перамоў у Маскве падняла канцлер Германіі. У. Пуцін заявіў на прэс-канферэнцыі, што сітуацыя ў Беларусі павінна вырашацца самімі беларусамі:
– Лічым, што супярэчнасці ўнутры беларускага грамадства могуць быць раз-вязаны толькі ў рамках канстытуцыйна-прававога поля і выключна самімі беларусамі без вонкавага ўмяшання.
Пуцін заўсёды гаворыць падобнае падчас гутарак з заходнімі лідарамі на беларускую тэматыку. У Маскве абмеркавалі не толькі сітуацыю ўнутры Беларусі, але і міграцыйны крызіс на яе межах з краінамі ЕС.
З гэтай нагоды А. Меркель адзначыла:
– У кантэксце Беларусі я рэзкім чынам асудзіла выкарыстанне ў якасці гібрыднай зброі людзей, якія цярпяць бедства. Гаворка ідзе пра сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель заявіў, што разглядае праект “Паўночны струмень – 2” як вельмі небяспечную зброю Расіі супраць усёй Еўропы.
– Я мяркую, што гэта – зброя, і не заўважаць, што гэта небяспечная зброя не толькі супраць Украіны, а і для ўсёй Еўропы, – гэта няправільна. Гаварыць пра “Паўночны струмень – 2” як пра эканоміку Украіна дакладна не будзе, – заявіў Зяленскі на супольным з Меркель брыфінгу ў Кіеве.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што нават на цяперашняй стадыі, калі газаправод яшчэ не запрацаваў, ужо відаць, хто кантралюе цэны на газ у Еўропе.
– Мы бачым, як змяняюцца цэны, як яны скачуць уверх. Таму яшчэ раз – гэта пытанне палітычнае і пытанне бяспекі.
У сваю чаргу Ангела Меркель падкрэсліла, што Германія і ЗША актывізуюць энэргетычную супрацу з Украінай.
– Мы разумеем заклапочанасць Украіны, і таму я ў Маскве размаўляла пра гэтую праблему, і мы вельмі дакладна гаварылі пра тое, што мы ў еўрапейскіх рамках выступім за новыя санкцыі, калі Расія будзе намагацца выкарыстаць гэты газаправод у якасці зброі, – заявіла канцлер Германіі.
Пра Данбас
Меркель заявіла, што выступае за захаванне фармату менскіх перамоваў для ўрэгуляваньня сітуацыі на Данбасе, але лічыць, што невыкананне дамоўленасцяў – сістэмная праблема.
– Расея з’яўляецца ўдзельнікам гэтага канфлікту, і таму правільна, што Украіна адмаўляецца весці перамовы з прадстаўнікамі сепаратыстаў. І мы ўвесь час круцімся вакол гэтай праблемы, але гэта – не навіна.
Ангела Меркель мяркуе, што далейшыя перамовы будуць няпростымі, але іх варта працягваць.
– Я падтрымліваю гэты фармат, бо ім можна скарыстацца як пляцоўкай для перамоваў, хаця баланс нездавальняльны, і я пра гэта шчыра кажу.
Пра Крым
Канцлер Германіі таксама падкрэсліла, што лічыць анексію Крыма Расіяй парушэннем міжнароднага права. Але яна не зможа ўдзельнічаць у Крымскай платформе.
Што яшчэ абмяркоўвалі
Сярод іншых тэм перамоваў – правядзенне рэформаў ва Украіне, у тым ліку і судовай, пытанні двухбаковай супрацы, а таксама сітуацыя ў Афганістане.
Зяленскі і Меркель не паведамілі, ці абмяркоўвалі беларускае пытанне на сваёй сустрэчы. На брыфінгу дазволілі паставіць толькі чатыры пытанні – па два ад нямецкага і ўкраінскага бакоў. Але ўсе яны тычыліся “Паўночаннага струменю – 2”, Крыма і Данбаса.
Паводле СМІ.