Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Малітвай у лесе і чуваннем сем’яў у Наваградку ўшанавалі памяць назарэтанак-пакутніц

Малітвай у лесе і чуваннем сем’яў у Наваградку ўшанавалі памяць назарэтанак-пакутніц

18 жніўня 2021, 17:42 Грамадства 31
Малітвай у лесе і чуваннем сем’яў у Наваградку ўшанавалі памяць назарэтанак-пакутніц

31 ліпеня вернікі разам з біскупам Юзафам Станеўскім маліліся ў Батароўскім лесе каля Наваградка, дзе 78 гадоў таму падчас Другой сусветнай вайны былі расстраляны адзінаццаць законніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Як паведамляе Grodnensis.by, ушанаваць памяць сведкаў Хрыста, якія прынеслі сябе ў ахвяру, сабралася шмат людзей. Прысутныя дзякавалі за дар дабраслаўлёных пакутніц для Касцёла ў Беларусі, праз іх заступніцтва прасілі Бога аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх для сябе, сваіх сем’яў і супольнасцяў.

Акрамя таго, маліліся за нашу краіну, каб у ёй панавалі мір і згода, узаемная павага і разуменне, шанаванне супольнага дабра і клопат пра будучыя пакаленні.

Вернікі маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з Наваградка, якая пазбегла пакутніцкай смерці.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Генеральны вікарый Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

 У гаміліі іерарх адзначыў, што Батароўскі лес 78 гадоў таму стаў Кальварыяй, на якой назарэтанкі па прыкладзе Езуса Хрыста ахвяравалі сваё жыццё за бліжніх.

– Гісторыя Наваградка ведае прыклад пакутніц, якія, умацаваныя Божай ласкай, здолелі дасягнуць вяршыні святасці на шляху менавіта такой бязмежнай любові да бліжняга, як ахвяра ўласнага жыцця, – сказаў біскуп.

Па яго словах, перамога пакутніц і іх сведчанне працягва-юць сёння моцай Бога прыносіць духоўны плён, таму на гэтай зямлі, акропленай іх крывёю, асаблівым чынам належыць прасіць Пана аб дары веры.

– Тут было жыццё, тут нашыя продкі закладвалі падмурак веры для дома жыцця. Тут былі планы і надзеі, бо тут наша і нашых продкаў “абяцаная зямля”. Аднак тут і ненавідзелі жыццё, чалавека як Божае стварэнне і вобраз. Больш за тое, ненавідзелі тых, хто пайшоў за Хрыстом праз пакліканне да манаскага жыцця, – дадаў іерарх.

Біскуп падкрэсліў, што назарэтанкі, паміраючы, не памерлі.

– Дабраслаўлёныя пакутніцы звяртаюцца да нашых сэрцаў: “Паверце, што Бог ёсць любоў! Абудзіце ў сабе надзею! І няхай гэтая надзея прынясе ў вас плён вернасці Богу ва ўсялякім жыццёвым выпрабаванні, каб па прыкладзе жыцця і ахвяры пакутніц аддана ісці за Хрыстом”, – адзначыў іерарх.

 На заканчэнне Імшы да прысутных звярнулася Правінцыяльная сястра Беларускай правінцыі назарэтанак Філатэя Ціхановіч CSFN, якая падзякавала за дар супольнай малітвы, а таксама заахвоціла і далей узносіць да Бога свае просьбы праз заступніцтва наваградскіх пакутніц.

Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць памаліцца ў цішыні на тым месцы, дзе назарэтанкі пакутніцы аддалі жыццё за іншых. Вернікі пакідалі лес у засяроджанасці, з думкай пра тое, што наша зямля – дабраслаўлёная зямля, дзе пралілася кроў многіх адважных людзей, якія не адракліся ад Бога, а засталіся Яму вернымі да канца.

У ноч з суботы на нядзелю 1 ліпеня ў наваградскім санктуарыі, дзе спачываюць рэліквіі дабраслаўлёнай сястры Стэлы і яе дзесяці паплечніц, пакутніц, адбылося малітоўнае чуванне ў інтэнцыі сем’яў.

Як заўважае Grodnensis.by, большасць прысутных складала моладзь.

 

Падчас чування вернікі ўдзельнічалі ў малітве Ружанца, набажэнстве Крыжовага шляху, выслухалі канферэнцыю, якую прамовіў пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы ксёндз Андрэй Радзевіч. Удзельнікі чування маліліся за ўсе сем’і нашай краіны, бо менавіта за бацькоў сем’яў назарэтанкі ахвяравалі сваё жыццё ў 1943 г.

Сустрэча завяршылася святой Імшой, якая цэлебравалася ў 4.30 раніцы – прыблізна ў той час, калі сёстры прынялі ў Батароўскім лесе пакутніцкую смерць ад рук гітлераўцаў.

Паводле:

Кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by.

Фота: Grodnensis.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Купалле на Лідчыне
Культура

Купалле на Лідчыне

9 ліпеня 2024, 20:0427
Выстава „Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”
Грамадства

Выстава „Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”

13 снежня 2018, 10:5826
Мова Нанова: «Я тану!» крычаць толькі ў фільмах
Мова

Мова Нанова: «Я тану!» крычаць толькі ў фільмах

1 мая 2019, 14:4324
Восеньскія дні назірання за птушкамі
Грамадства

Восеньскія дні назірання за птушкамі

7 кастрычніка 2019, 15:5423
Далучайцеся да нас