Падобнай выстаўкі ў Лідзе яшчэ не было! Днямі ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея адкрылася выстаўка “Паэзія кропак… Разанаў, Таўлай” у рамках інклюзіўнага арт-праекта “Паэзія кропак…” менскага мастака-манументаліста, старшыні секцыі манументальнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў Васіля Зянько. У гэтым праекце ўзаемадзейнічаюць, спалучаюцца, утвараюць сімбіёз: жывапіс і літаратура. На выстаўцы прадстаўлены арыгінальныя тактыльныя карціны, выкананыя ва ўнікальнай тэхніцы і даступныя для ўспрымання людзям з парушэннямі зроку. У мастацкіх работах закладзеныя тэксты беларускіх паэтаў Алеся Разанава і Валянціна Таўлая, перакладзеныя на шрыфт Брайля (у выглядзе фактурна выстаўленых кропак). Людзі са слабым зрокам і невідушчыя змогуць стаць наведвальнікамі гэтай выстаўкі і “глядзець” карціны рукамі (у адрозненне ад іншых выставак, тут карціны можна чапаць).
Ідэя праекта “Паэзія кропак…” узнікла ў Васіля Зянько два гады назад, калі да супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея прыехалі калегі са Швецыі і вучылі іх працаваць з інвалідамі па зроку, якія таксама прагнуць сустрэч з мастацтвам. Васіля тады запрасілі ў музей, у творчую лабараторыю, ведаючы, што ён як мастак працуе ў рэльефнай, кантактнай тэхніцы і яго работы могуць “чытацца” невідушчымі людзьмі.
– Але спачатку я вырашыў праверыць, ці так гэта, у Менскай школе для невідушчых, – расказвае мастак. – Настаўніца музыкі гэтай школы Марыя Рудко, сама інвалід па зроку, змагла “прачытаць” рукамі маю рэльефную карціну “Сланечнікі”, і тады я згадзіўся выставіць гэтую карціну ў творчай лабараторыі Нацыянальнага мастацкага музея. Потым я стварыў серыю работ, разлічаных на людзей з праблемамі зроку. Гэтыя работы былі створаныя па вершах Алеся Разанава і паклалі пачатак праекту “Паэзія кропак…”. Паўгода яны выстаўляліся ў тым жа Нацыянальным мастацкім музеі і аказаліся запатрабаваныя наведвальнікамі з парушэннямі зроку, вельмі добра імі ўспрымаліся. За два гады праект быў прадэманстраваны не толькі ў сталіцы, але і ў Бярозе (на малой радзіме Алеся Разанава), Ашмянах. Цяпер вось завітаў у Ліду. У планах – наведаць з карцінамі Гародню, Магілёў, а ў больш аддаленай перспектыве – і некаторыя гарады замежжа.
– А да нас у Ліду, – дадае куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун, – Васіля запрасіла захавальнік фондаў нашага гістарычна-мастацкага музея Надзея Хартонік, якая пазнаёмілася з ім у снежні мінулага года, у час праходжання курсаў па павышэнні кваліфікацыі, у Музеі Максіма Багдановіча, дзе на той момант выстаўляліся яго карціны па вершах Багдановіча (дарэчы, таксама ў рамках праекта “Паэзія кропак…”). Спецыяльна для Ліды мастак стварыў рэльефную карціну “Верабейкі” – па аднайменным вершы Валянціна Таўлая, прычым гэта быў першы верш паэта і напісаны ён быў у Лідзе. Гэтая карціна будзе захоўвацца ў нашым Доме Таўлая. Знакавыя для Ліды “Верабейкі” тут упершыню перакладзены на шрыфт Брайля і на мову карцін.
Выстаўка “Паэзія кропак… Разанаў, Таўлай” праходзіць у рамках яшчэ аднаго праекта – “Перадай дабро па крузе”, сумеснага праекта Дома Таўлая і аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды. На адкрыццё выстаўкі былі запрошаны на-ведвальнікі аддзялення, а таксама члены Лідскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Увазе наведвальнікаў прадстаўлена восем карцін: сем – па вершах Алеся Разанава, адна – вышэйзгаданыя “Верабейкі” – па вершы Валянціна Таўлая.
– Свой праект “Паэзія кропак…” я думаў пачаць з японскіх хоку, – гаворыць Васіль Зянько, – але пачаў з так званых “пункціраў” Алеся Разанава – “беларускіх хоку”. З творчасцю Разанава, паэта-філосафа, я знаёмы з юнацкага ўзросту. Гэты паэт блізкі мне па духу, яго “пункціры” вельмі ўдала кладуцца на мой праект для невідушчых людзей. Гэта маленькія творы, з двух-трох радкоў, яны лёгка чытаюцца такімі людзьмі і выклікаюць у іх уяўленні яркія вобразы (як, дарэчы, і японскія хоку). Я выбраў сем “пункціраў” Разанава – лірычных мініяцюр – і з дазвалення паэта стварыў сем карцін, на якіх, акрамя саміх вобразаў, знайшлося месца вершаваным радкам, нанесеным шрыфтам Брайля ў верхнім левым кутку кожнага палатна. Дапамогу ў гэтай нялёгкай справе мне аказвала тая самая Марыя Рудко з Менскай школы для невідушчых. Да “разанаўскіх” карцін зроблены аўдыягід, які аблягчае знаёмства з імі людзям з праблемамі зроку.
Чалавек са слабым зрокам або невідушчы, знаёмячыся з гэтымі арыгінальнымі тактыльнымі карцінамі, можа спачатку прачытаць верш, а потым кончыкамі пальцаў “счытаць” яго мастацкае ўвасабленне ў аб’ёмных контурах. Такім чынам, музейны стэрэатып “Не чапайце карціны!” на гэтай выстаўцы ламаецца. Чапаць карціны – “чытаць” іх рукамі – тут, наадварот, трэба, для таго яны і выстаўленыя. Наведвальнік выстаўкі ў літаральным сэнсе дакранаецца да жывапісу і літаратуры, разівае сваё вобразнае мысленне, “бачыць” квітнеючую вішню, асу на грушы, матылька на кусце бэзу, васілёк у жыце… “Бачыць” і таўлаеўскіх верабейкаў. “Мастацтва павінна быць даступным”, – упэўнены аўтар карцін Васіль Зянько. Першыя наведвальнікі новай выстаўкі ў Доме Таўлая назвалі прадстаўленыя работы кранальнымі, лірычнымі, якраз адпаведнымі па вобразах жніўню – месяцу, у які дзейнічае выстаўка (а дзейнічаць яна будзе да 5 верасня).
У знак падзякі за папулярызацыю творчасці Валянціна Таўлая, за стварэнне арыгінальных жывапісных работ Васілю Зянько ў дзень адкрыцця выстаўкі ад Лідскага гісторыка-мастацкага музея былі ўручаны Падзячны ліст і кніга пра Валянціна Таўлая “Этапы жыццёвых дарог”.
- S. Трохкроп’е ў назве праекта “Паэзія кропак…” пад-разумявае, што ў праекта будзе працяг. Магчыма, аўтар праекта ўсё ж такі звернецца да японскай паэзіі, а таксама да рускай паэзіі сярэбранага веку. Ад навуковага супрацоўніка музея Мікалая Іоды прагучала прапанова стварыць для Лідскага замка тактыльныя партрэты Вялікіх князёў літоўскіх. Васіль Зянько прызнаўся, што партрэтаў пакуль не пісаў, але ўзяў цікавую прапанову на заметку. Дарэчы, у Лідскім замку мастак плануе выставіць у наступным годзе яшчэ адзін свой праект у рэльефнай тэхніцы – “Страчаныя помнікі архітэктуры”. Так што з неардынарным мастаком з Менска лідзяне яшчэ сустрэнуцца.
Аляксей КРУПОВІЧ.