Інстытут Гётэ 30 ліпеня прыпыніў сваю працу ў Беларусі. Гэтага ў канцы чэрвеня запатрабавала ад амбасады Германіі беларускае Міністэрства замежных спраў. Таксама ў Беларусі спыняе працу Германская служба акадэмічных абменаў (DAAD). Узгадаем, чым займаўся інстытут у Беларусі.
Сутыкнуліся з такім упершыню
– Гётэ-Інстытут, 157 прадстаўніцтваў якога свабодна працуюць ва ўсім свеце, упершыню сутыкаецца з такім развіццём падзей. Мы вельмі шкадуем аб такім патрабаванні беларускага кіраўніцтва і спадзяёмся, што хутка зможам працягнуць сваю працу ў Беларусі. У нашых думках мы побач з калегамі ў Беларусі. Мы салідарныя з Германскай службай акадэмічных абменаў, якая таксама атрымала патрабаванне спыніць сваю працу” – пракаментаваў прыпыненне дзейнасці генеральны сакратар Інстытута Гётэ Ёханэс Эберт.
Што такое Інстытут Гётэ?
Інстытут Гётэ (Goethe-Institut) – нямецкая недзяржаўная арганізацыя, заснаваная ў 1951 годзе. Названа ў гонар нямецкага літаратара Ёгана Вольфганга фон Гётэ. Інстытут Гётэ дзейнічае ў 98 краінах, у ім працуе больш за 3500 чалавек. Задачай арганізацыі – папулярызацыя нямецкай мовы ў свеце і міжнароднае культурнае супрацоўніцтва. Фінансуюць інстытут улады Германіі.
Што Інстытут Гётэ рабіў у Беларусі?
У Беларусі ён існаваў з 1993 года. Асноўнымі напрамкамі ў працы былі: курсы нямецкай мовы, выставы, кінапаказы, канцэрты. У Менску працавала бібліятэка нямецкай літаратуры. Дзякуючы працы інстытута на беларус-кую мову перакладаліся творы класікаў нямецкай літаратуры. Інстытут часта супрацоўнічаў з музеямі або ўдзельнічаў у праектах, прысвечаных гісторыі.
Інстытут прадстаўляў Германію на штогадовым міжнародным кніжным кірмашы ў Менску. Час ад часу прывозіў у Беларусь цікавыя выставы або нямецкіх аўтараў. Акрамя гэтага, Інстытут неаднаразова прадстаўляў свае памяшканні для правядзення іншых культурніцкіх імпрэзаў.
Што карыснага Інстытут Гётэ рабіў у Гародні?
Інстытут супрацоўнічаў з абласной навуковай бібліятэкай імя Карскага. Напрыклад, у 2015 годзе ў бібліятэцы выступаў нямецкі пісьменнік Гербэрт Гюнтэр, а ў 2016-м у бібліятэцы праходзіла інтэрактыўная выстава “Экамысленне – вучымся ў прыроды”.
Таксама інстытут курыраваў гарадзенскую школу № 28, дзе з 2011 года працуе абласны рэсурсны цэнтр нямецкай мовы і культуры. Гарадзенскія школьнікі ў выніку не толькі мелі магчымасць вывучаць нямецкую мову ў сваіх школах, але і ездзілі, напрыклад, на канферэнцыі ў Берлін.
У 2020 годзе ў Гародні адбываліся канцэрты, выставы і кінапаказы, прысвечаныя 250-годдзю з дня нараджэнна Людвіга ван Бетховена. У іх арганізацыі таксама ўдзельнічаў Інстытут Гётэ.
У сакавіку 2021 года пры падтрымцы Інстытута стварылі першую віртуальную рэканструкцыю будынка слонімскай сінагогі.
З 2005 года ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працуе Цэнтр нямецкай мовы і культуры. Ён рэгулярна супрацоўнічаў з Інстытутам Гётэ і службай DAAD. Таксама ва ўніверсітэце адбываліся выставы, арганізаваныя Інстытутам.
Якую карысць студэнтам і выкладчыкам прыносіла DAAD?
Германская служба акадэмічных абменаў (DAAD) працавала ў Беларусі з 1994 года. Гэта найбуйнейшы ў свеце фонд, які займаецца міжнародным супрацоўніцтвам у акадэмічным і навуковым асяродку. Перадусім, праз міжнародны абмен студэнтамі і навукоўцамі. З Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы служба працавала з 2000 года.
DAAD фінансуе паслядыпломныя праграмы, праграмы для навукоўцаў і аспірантаў на напісанне навуковых працаў. Студэнты маглі паехаць таксама на кароткія азнаямляльныя візіты, практыкі і стажыроўкі або на летнія курсы ў ВНУ Германіі. Адзін з самых вядомых стыпендыятаў DAAD – беларуская лаўрыятка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч.
У 2019 годзе падтрымку DAAD у галіне міжуніверсітэцкіх праектаў (азнаямляльныя візіты, семінары, стажыроўкі, сумесныя навучальныя праграмы) атрымалі 124 беларусы. Індывідуальную стыпендыйную падтрымку ў 2019 годзе атрымалі 106 беларусаў. У канцы 2020 года служба DAAD распрацавала рэкамендацыі для нямецкіх ВНУ: як падтрымаць тых, хто навучаецца і працуе ў ВНУ Беларусі.
Што дала DAAD гарадзенцам?
У перыяд з 2000 па 2018 год 97 студэнтаў ГрДУ прайшлі моўныя і навукова-даследчыя стажыроўкі або летнія курсы, прайшлі тры міжнародныя студэнцкія праекты, 29 стажыровак прайшлі выкладчыкі гарадзенскага ўніверсітэта. Цягам 10 год лектары DAAD праводзілі курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў Гародні і рэгіёна.
Паводле СМІ.