Вот могила здесь моя.
В ней спокойно сплю и я.
Мимо шедший стань, прочти.
Но могилы не топчи.
(Надпіс на адным з помнікаў
на Шклоўскіх могілках.)
Могілкі – гэта помнікі гісторыі, культуры і архітэктуры. Надпісы на могілках даносяць да нас абрыўкі лёсаў людзей, якія некалі жылі, даты нараджэння і смерці, сацыяльны стан, этнакультурны каларыт. Эпітафіі на некаторых помніках перадаюць традыцыйнае мысленне ў пэўны перыяд часу. Могілкі, як і іншыя помнікі гісторыі, патрабуюць даследвання, апісання і сістэматызацыі. Прапанаванае даследванне – спроба сістэматызацыі існых звестак пра гарадскія могілкі Шклова.
Амаль ці не ў кожным беларускім горадзе і мястэчку са старажытных часоў паасобку або побач існуюць праваслаўныя, каталіцкія і яўрэйскія могілкі. Не з’яўляецца выключеннем і горад Шклоў. Шклоўскія могілкі размясціліся на невялікім узгор’і каля паўднёва-заходняга ўскрайку горада. Некалі побач знаходзілася прадмесцце Рыжкаўскае, потым вёска Рыжкавічы, якая ў пачатку сучаснага стагоддзя ўвайшла ў склад горада. Таму і могілкі ў Шклове носяць назву “Рыжкаўскія”. Могілкі размясціліся ў наступным парадку: найбліжэйшыя да сучаснага цэнтра горада знаходзяцца каталіцкія. Потым, у паўдёвым накірунку праз роў – праваслаўныя і на невялікай адлегласці, зноў праз роў – яўрэйскія.
З цягам часу каталіцкія і праваслаўныя аб’ядналіся ў агульныя, а частка пахаванняў на тэрыторыі, якая знаходзіцца паміж гэтымі могілкамі, атрымала назву “Брацкае”. На прыканцы XX стагоддзя пачаліся пахаванні на новай тэрыторыі ў заходнім накірунку ад існых могілак, яны працягваюцца і зараз. Жыхары Зарэчнага Шклова са старадаўніх часоў праводзяць пахаванні на сваіх асобных могілках. Таксама гараджане, якія маюць сваі карані з вёсак Стары Шклоў, Зароўцы, Загор’е, Ржаўцы, што знаходзяцца побач з горадам, хаваюць сваіх родзічаў на гэтых вясковых могілках.
Безумоўна, могілкі з’явіліся з моманту ўзнікнення населенных пунктаў. Звестак пра існаванне могілак у Шклове ў гістарычных крыніцах захавалася вельмі мала. Інвентар Шклова 1661 года ўзгадвае гарадскія могілкі, а таксама манастыр: “Св. Прачыстай, над Дняпром з пляцам, цментаром, могілкамі…” [7, с. 139-146; 9, s. 12-13]. Да 60-х гадоў мінулага стагоддзя на гэтым месцы яшчэ знаходзіўся будынак былой драўлянай царквы. Аб тым, што каля царквы знаходзіліся пахаванні, успаміналі мясцовыя старажылы [3]. Тое, што могілкі існавалі каля культавых збудаванняў, у старадаўнія часы была звычайная з’ява. У сучасны момант на гэтым месцы знаходзіцца магазін “Серабранка” з гаспадарчымі памяшканнямі.
Пра каталіцкія могілкі гістарычныя крыніцы паведамляюць, што “…на адлегласці адной вярсты ад Шклоўскага касцёла памерам 50 х 42 сажні знаходзяцца каталіцкія па-рафіяльныя могілкі” [5, с. 201]. Далей паведамляецца, што на могілках у 1852 годзе была пабудавана капліца. Найбольш верагодна, што менавіта ў гэтай капліцы знаходзіўся прах Аляксандра Хадкевіча, аднаго з уладароў Шклова. Першапачаткова забальзаміраваны прах Аляксандра Хадкевіча быў пахаваны непасрэдна ў Даміканскім кляштары. Аднак, пасля закрыцця гэтай манаскай абіцелі ў 1840 годзе, прах перанеслі з кляштара на каталіцкія могілкі [6, с. 468, 470]. Капліца на каталіцкіх могілках існавала да 30-х гадоў XX стагоддзя, калі была знішчана ў часы ваяўнічага атэізму.
Пахавальныя склепы, дзе былі пахаванні заможных шляхціцаў, яшчэ доўга заставаліся некранутымі. Рэшткі пахавальных склепаў яшчэ можна была пабачыць нават у 60-70-х гадах мінулага стагоддзя. Аднак, калі абыходзіш сучасныя каталіцкія могілкі, толькі імёны на помніках, больш характэрныя для каталіцкага асяроддзя, нагадваюць, што раней тут хавалі мясовых каталікоў. А пра існаваўшыя некалі тут пахавальныя скляпенні зараз можна пачуць толькі ўспаміны мясцовых старажылаў.
Больш звестак захавалася пра праваслаўныя могілкі. Тут, як і на каталіцкіх могілках, таксама існаваў храм. Вось што распавядала жыхарка Шклова Франя Фёдараўна Цодава, гутарка з якой мною была запісана 7 красавіка 2014 года: “У дзяцінстве я памятаю, што на могілках знаходзілася вялікая драўляная царква са званіцай. На царкоўныя святы гукі званоў былі добра чуваць на нашым Рыжкаўскім наваколлі. Прыблізна ў 1935-1936 гадах царкву зачынілі, і мой дзядуля перанёс царкоўныя рэчы (старадаўнія кнігі з пазалочанай афарбоўкай, абразы, драўляныя выявы святых і іншыя прадметы) у наш дом. Усё гэта захоўвалася ў некалькіх скрынях.У пачатку вайны агонь знішчыў шмат пабудоў на нашым ускрайку, у тым ліку і наша домаўладанне. Разам з пабудовамі згарэлі і ўсе царкоўня рэчы” [4].
Зараз побач з месцам, дзе некалі існавала царква, знаходзіцца магіла Агаф’і Сідаравай. Гэта жанчына лічыцца заснавальніцай шклоўскай Спаса-Праабражэнскай царвы, якая і зараз дзейнічае. Да яе, жанчыны добразычлівай і прадбачлівай, прыходзілі людзі маліцца. Звярталіся да багамолкі купецтва і багацеі, бо яна прадказвала, у які бок ісці, каб пашан-цавала, дзе мець поспех. Усё спраўджвалася, і людзі ў знак удзячнасці давалі ёй грошы.
Захаваўся гістарычны даку-мент: Справа канцылярыі оберпракурора свяцейшага ўрадавага Сінода № 12076 “О построении церкви в местечке Шклов из завещаных на сей предмет 20 тыс. руб. Агафии Сидоровой”. Вось вытрымка з гэтай справы: “…находившаяся в Могилевской губернии уезда в местечке Шклов Агафия Сидорова по смерти своей завещала на приведение к совершению в том местечке Шклов начатой г. Зоричем Храма банковыми ассигнациями 20 тысяч рублей и кирпича, заготовленного ею, на 1355 руб. По дошедшему о сем предмете Могилевской Консистории сведению 17 августа 1820 года был опрошен шкловский священник Косьма Цалуевский, в приходе коего проживала и скончалась вышеуказаная Агафия, показал, что оная Агафия от стекавшегося к ней из разных мест народа, получая подаяния, имела твёрдое намерение по собрании такового количества значительной суммы, обратить оную на сооружение в местечке Шклов каменной церкви. По смерти оные Агафии Сидоровой в 1811 году последовавшей, осталось собраной ею суммы 20 тысяч рублей ассигнациями, разного в посуде состояшего серебра три фунта с половиною и кирпича купленого на сей предмет на 1.355 руб.” [1].
Безумоўна, цяпер цяжка поўнасцю высветліць усе перапетыі з ходам будаўніцтва царквы. Але галоўнае, мара ўсяго жыцця Агаф’і здейснілася – у Шклове ўзнёсся прыгожы мураваны храм. Сама Агаф’я Сідарава была пахавана каля існай на той час царквы Нараджэння Багародзіцы. На месцы пахавання амаль да пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя знаходзіўся крыж. Потым рэшткі нябожчыцы былі перанесены на гарадскія могілкі. Кожны год 14 чэрвеня багамолку Агаф’ю ўспамінаюць на спецыяльнай літургіі ў храме, а потым адбываецца памінальная паніхіда каля яе магілы.
Таксама, як і на каталіцкіх могілках, старажытныя пахаванні тут не захаваліся. Каля месца, дзе некалі знаходзілася царква, захаваліся некалькі камянёў з выявамі крыжа. Ацалелыя помнікі, у асноўным, датуюцца сярэдзінай мінулага стагоддзя і пазнейшым перыядам. На цэнтральнай алеі звяртае на сябе ўвагу помнік афіцэру Першай сусветнай вайны Булановічу Аляксандру Дзмітрыевічу. А на паўднёвым ўскрайку на помніку Зносенку Івану Маркавічу можна прачытаць наступныя цікавыя словы:
“Вот могила здесь моя.
В ней спокойно сплю и я.
Мимо шедший стань, прочти.
Но могилы не топчи”.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны пачаліся пахаванні на вольным месцы паміж каталіцкімі і праваслаўныя могілкамі, якая атрымала назву “Брацкае”. Першапачаткова тут хавалі савецкіх воінаў, якія загінулі непасрэдна ў гады акупацыіі горада, а потым і пры вызваленні Шклова ў чэрвені 1944 годзе. У далейшым, парэшткі загінуўшых воінаў, перапахавалі ў брацкую магілу ў гарадскім скверы. Зараз там паўстаў мемарыял “Памяць”.
Між тым, улічваючы мацярынскую просьбу, у гарадскі сквер не пераносілі прах партызанкі атрада № 60 Сурковай Марыі Ціханаўны. Гэта дзяўчына загінула пры вызваленні Шклова і была пахавана з усімі вайсковымі ўшанаваннямі. Магіла партызанкі Сурковай засталася на могілках [2].
З даўніх часоў знаходзяцца ў Шклове і яўрэйскія могілкі, якія мясцовыя жыхары называюць “бесхаім”. Яны аднесены на невялікаю адлегласць ад гарадской мяжы і размясціліся на невялікім узгор’і паўднёва-заходняга ўскрайка. Тэрыторыя могілак абмежавана штучным ровам, які часткова захаваўся.
З паўночна-ўсходняга боку раней знаходзіўся невялікі драўляны прадпахавальны будынак, ад якога па нахілу пачынаецца мураваная лесвіца-калідор. Раней лесвіца-калідор мела драўляны дах і зачынялася варотамі. У сучасны момант гэта старадаўняя пабудова захавалася часткова. Могілкі падзелены на дзве роўныя часткі, паміж якімі, з заходняга боку, меліся ўваходныя вароты. Найбольш верагодна, заходнія вароты, былі знішчаны падчас Другой сусветнай вайны. Слупы ад былых варот, вырабленыя з бетону, павалены і знаходзяцца побач. На паўночным ускрайку могілак знаходзіцца мемарыял ахвяр Халакосту. Асноўная частка старажытных надмагільных помнікаў знішчана ў час апошняй вайны, а таксама ў пасляваенны перыяд.
У жніўні 2016 года ў Шклове адбылася каталагізацыя яўрэйскіх могілак па праекце “Вузел жыцця”. Было выяўлена 130 помнікаў. Самая старажытная мацэва датуецца 5 красавікам 1852 года. На помніку наступная эпітафія, якую пераклала на рускую мову эпiграфiст Аляксандра Фiшэль з Кiева: “Штэйн Яков, сын Аарона. Тут похоронен человек цельный и праведный господин, вечной памяти, умер во 2-ой день Песаха в год 5612 (05.04.1852). Пусть душа его будет увязана в Узле Жизни” [8, c. 33].
У перадваенны час пачынаюць з’яўляцца надпісы кірылічнымі літа-рамі. Сярод пахаванняў на шклоўскіх могілках ёсць славутыя яўрэйскія дынастыі. Прыкладам можа быць сямей-ства з прозвішчам Флеер, якія пераехалі ў Беларусь з Іспаніі ў XVII стагоддзі і зараз пражываюць па ўсім свеце. Менавіта Дар’я Флеер, карэнні продкаў якой паходзяць са Шклова і якая пражывае ў ЗША, паспрыяла таму, што на могілках быў адрамантаваны мемарыяльны комплекс яўрэям, загінуўшым пад час Другой сусветнай вайны. Амаль за чатыры стагоддзі на шклоўскіх яўрэйскі могілках знайшлі свой прытулак шмат тысяч яўрэяў. Сёння яўрэйскія могілкі Шклова маюць вялікую каштоўнасць і вядомыя ў сусветнай супольнасці [8, с. 30-34].
Кожныя могілкі абавязкова наведваюць нашчаткі, навукова-даследчыя экспедыцыі і проста аматары-краязнаўцы. Таму агульнымі намаганнямі як мясцовым уладам, так і грамадскасці трэба захоўваць гэтая мемарыальныя месццы – найцікавейшы набытак нашай спадчыны.
Грудзіна А.П.
Шклоўская раённая арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы
імя Ф. Скарыны”.
Спасылкі:
- Багамолка Агаф’я Сідарава / У. Паўлаў // Ударны фронт. – 1994. – № 68.
- Гутарка з жыхаркай г. Шклова С.Ф. Громыка 5 мая 2014 г. / запісаў А.П. Грудзіна // Асабісты архіў А.П. Грудзіны.
- Гутарка з жыхаром г. Шклова Л.Я. Аўчыннікавым 16 лютага 2012 г. / запісаў А.П. Грудзіна // Асабісты архіў А.П. Грудзіны.
- Гутарка з жыхаркай г. Шклова Ф.Ф. Цодавай 7 красавіка 2014 г. / запісаў А.П. Грудзіна // Асабісты архіў А.П. Грудзіны.
- Завальнюк, Ул. Касцёлы царскай Расіі / Ул. Завальнюк. – Вып. 1. – Мінск : Рымска-каталіцкая парафія св. Сымона і св. Алены, 2009. – 220 с.
- Россия. Полное географическое описание нашего отечества / под ред. В.П. Семенова; под общ. ред. П.П. Семенова и В.И. Ламанского. – Т. ІХ: Верхнее Поднепровье и Белоруссия / сост. В.П. Семенов [и др.]. – Санкт-Петербург : Изд-во А.Ф. Девриева, 1905. – VIII, 619 c.
- Ткачоў, М.А. Замкі і людзі / М.А. Ткачоў; [пад рэд. Г.В. Штыхава]. – Мінск : Навука і тэхніка, 1991. – 182 с.
- Узел жизни / сост. И. Шендерович, А. Литин. – Могилев, 2017. – 116 с.
9.Topolska, M.B. Szklow i jego rola w gospodarce Bialorusi wschodniej w XVII i XVIII wieku / M.B. Topolska. – Pozna?, 1969. – 32 s.