Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“Гуляй, спявай, Дварышчанскі край!”: аграгарадку Дворышча – 500 гадоў

“Гуляй, спявай, Дварышчанскі край!”: аграгарадку Дворышча – 500 гадоў

27 ліпеня 2021, 21:24 Грамадства, Культура 17
“Гуляй, спявай, Дварышчанскі край!”:  аграгарадку Дворышча – 500 гадоў

У сілах кожнага чалавека зрабіць сваю малую радзіму прыгажэйшай і лепшай за іншыя. Яркі прыклад таму – аграгарадок Дворышча. Тут жывуць людзі, якія на справе даказваюць сэнс знаёмай усім прыказкі: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Сёння дварышчанцы – і цяперашнія, і тыя, хто па якіх-небудзь прычынах адгэтуль з’ехаў – адзначылі юбілей роднага краю.

На імправізаванай сцэне ля Дома культуры разгарнулася канцэртная праграма лепшых калектываў Лідскага раёна, паралельна працавалі дзіцячыя пляцоўкі, праводзіліся майстар-класы па рамёствах,  ішоў святочны гандаль.

На свяце ўшаноўвалі ганаровых жыхароў, ветэранаў вайны і працы. Медалём, падзячным лістом і грашовым падарункам ганаравалі Га-ліну Рубель, якая 40 гадоў прапрацавала загадчыцай Дварышчанскга ФАПа. Дзякуючы яе ўмелым рукам і моцным нервам на свет з’явілася нямала малянят.

– Ці ведаеце вы, што праца сельскай акушэркі – кругласутачная? – усміхаецца Галіна Іванаўна і па яе твары разбягаюцца добрыя маршчынкі. – Па дапамогу аднавяскоўцы звяр-таліся да мяне і днём, і ўначы. Памятаю, у 7 раніцы каля маёй хаты спыніўся рэйсавы аўтобус, які ішоў у Геранёны. З яго выбеглі людзі і пачалі клікаць на дапамогу. Аказалася, што ў дарозе ў жанчыны пачаліся роды. Я заскочыла ў аўтобус, і мы панесліся на ФАП. Апынуўшыся на кушэтцы, парадзіха слёзна маліла дастаць з яе кішэні аплатку і пакласці ёй у рот. І хоць радавы працэс быў імклівым, прыйшлося прычасціць жанчыну і ўжо толькі тады прымаць дзіцятка.

Мабыць, у кожнага, хто хоць неяк знаёмы з аграгарадком Дворышча, узнікаюць асацыяцыі з коньмі. І гэта, вядома, нездарма. Аддзяленне коннага спорту Лідскай комплекснай ДЮСШ №4 – адмысловы гонар дварышчанцаў. У дзень імпрэзы 500-годдзя аграгарадка тут быў дадзены старт адкрытаму першынству Гарадзенскай вобласці па конным спорце.

– На баявое поле выйшлі 29 спартовых пар з Ліды, Шчучына, Гародні і Берасця, каб у сумленнай барацьбе вызначыць наймацнейшых у трох катэгорыях “Аматарская язда”, “Дзеці 2004 г.н. і маладзей”, “Маладыя коні”, – распавядае галоўны суддзя спаборніцтваў Наталля Савіцкая. – Выхаванцы Лідскай ДЮСШ паказалі выдатныя вынікі, перамогшы амаль на ўсіх маршрутах.

Конным спортам лідзянка Каця Зуевіч займаецца ўжо тры гады. Кажа, доўга не магла вызначыцца ў сваіх захапленнях: спрабавала сябе і ў барацьбе, і ў плаванні, пакуль адной-чы мама не прывезла яе ў Дворышча. Апынуўшыся першы раз у сядле, дзяўчынка адчула велізарны стрэс. Але калі эмоцыі ўлегліся, зразумела: коні – гэта яе жарсць. На заняткі ў Дворышча Каця прыязджае 5 дзён у тыдзень. І ў зімовыя халады, і ў летнюю спёку, на аўтобусе ці на машыне – усё роўна. Галоўнае, апынуцца там, дзе сэрцу міла.

– Мой любімчык – конь Норык. Люблю яго даглядаць – мыць, расчэсваць, размаўляць. Але выступаць сёння я буду ў пары з іншым канём – Флейтай. Нажаль, гэта залежыць не ад мяне, а ад трэнера – зыходзячы з досведу вершніка, менавіта ён выбірае нам чацвераногага напарніка. Дарэчы, на спаборніцтвах выступаю ўпершыню. Хвалююся!

Каларытнасць святу надавала выстава старадаўніх побытавых і працоўных прылад. Такую экспазіцыю прама ля сваёй хаты арганізаваў былы дырэктар эксперыментальнай базы “Нiва” Віктар Кудла – за 20 гадоў, якія ён прысвяціў калекцыянаванню, сабралася больш за сотню экспанатаў. Дзе яшчэ сучаснае пакаленне ўбачыць малатарню з конным прывадам, драўляныя вагі і нават слайсер для тытуню?

– З дапамогай садніка – даставалі з печы хлеб, а з дапамогай вілак – чыгункі. Вось рубель – яго выкарыстоўвалі для мыцця бялізны, – Віктар Іванавіч знаёміць моладзь з “вымерлымі” прадметамі побыту. – Для чаго патрэбныя “кошыкi”, думаю, вы ведаеце, яны яшчэ не зусім састарэлі. Іх у мяне таксама цэлая калекцыя – кожны выкананы розным майстрам і ў рознай тэхніцы пляцення. А зараз пытанне “на засыпку”: для чаго служыў гэты прадмет? – трымаючы ў руках драўляную “педальку”, Віктар Кудла ўмела заінтрыгаваў наведвальнікаў сваёй выставы…  

Сваё 500-годдзе аграгарадок Дворышча адзначыў весела і з размахам. Было шмат музыкі і душэўных песень, слоў падзякі і пажаданняў, успамінаў і планаў на будучыню… Хочацца толькі дадаць: і яшчэ 500 гадоў будзе жыць!

Наталля Валканоўская,

lidanews.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2618
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску
Грамадства

Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску

31 ліпеня 2024, 06:1916
Далучайцеся да нас