У чэрвені ў Арменіі праходзіў навуковы семінар рэстаўратараў і даследчыкаў каштоўных старажытных кніг “Лікі памяці”.
У рамках семінара вядомы беларускі культуролаг і кнігазнавец, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша наведаў Матэнадаран у Ерэване – сховішча старажытных рукапісаў, дзе знаходзяцца тысячы старажытнагрэцкіх і армянскіх хрысціянскіх дакументаў.
Беларускі даследчык скарыстаўся магчымасцю ўбачыць возера Севан і падняцца на гару Арагац. Пра свае падарожжа даследчык распавеў у эксклюзіўным інтэрв’ю.
– Семінар “Лікі памяці” быў арганізаваны больш за 10 гадоў таму менавіта армянамі. Некалькі інстытуцый аб’ядналіся і арганізавалі сапраўдную школу, семінар, практыкум у галіне рэстаўрацыі і кансервацыі кніжных помнікаў. Сёлета прайшоў 10-ты юбілейны семінар “Лікі памяці” пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва. У ім удзельнічалі краіны Балтыі, СНД, Украіна, Грузія і іншыя. Кожны год, апрача мінулага, эксперты прыязджаюць у Ерэван, дзеляцца досведам, расказваюць пра новыя дасягненні ў галіне рэстаўрацыі і кансервацыі кніжных помнікаў, паказваюць тэхналогіі ўзнаўлення аб’ектаў. Удзельнікамі мерапрыемства з’яўляюцца прадстаўнікі рэстаўрацыйных майстэрняў, музеяў, бібліятэк, установаў, якія займаюцца захаваннем культурнай спадчыны. Наша бібліятэка прымала ўдзел у гэтых акцыях з дакладамі, я выступаў там у 2018 годзе.
Сёлета была магчымасць камунікаваць з мясцовымі захавальнікамі старажытных рукапісаў і рэстаўратарамі, ацэньваць іх працу, дыскутаваць, прапаноўваць свае ідэі. Для мяне было важна даведацца пра досвед усходніх калег, бо ў іх іншыя рэаліі, іншае пісьмо, матэрыялы. Незвычайнае адчуванне, калі трымаеш у руках рукапіс V ці VII стагоддзя! Захапляюць таксама надпісы і тэксты на тэрыторыі замка Эрэбуні, датаваныя VIII cтагоддзем да н.э., з якога пачынаецца гісторыя Ерэвана, там ёсць клінапісныя запісы, якія сведчаць пра з’яўленне горада. Створана копія вялікага каменнага дакумента ў выглядзе помніка. Клінапісная традыцыя часоў цывілізацыі Урарту вельмі цікавая!
Армянская дзяржава і армянскі народ надаюць шмат увагі захаванню сваёй кніжнай культуры. Нацыянальнае вызначэнне і будучыню краіны яны звязваюць з пісьменствам і культурай. Калі народ страціць сваю веру і свой алфавіт, здрадзіць справе продкаў, то ён знікне. Таму армяне на працягу стагоддзяў застаюцца цэласным этнічным фарміраваннем (нягледзячы на тое, што побач жылі прадстаўнікі самых розных этнасаў, не толькі армяне, не толькі хрысціяне), застаюцца паўнавартаснай актыўнай нацыяй, захоўваюць сваю краіну.
Нарэшце я трапіў у майстэрню да рэстаўратараў з Матэнадарана – культавай установы, якая займаецца захаваннем і вывучэннем кніжнай спадчыны Арменіі. Даследчыкі там працуюць над рукапісамі. Гэта адна з найлепшых інстытуцый у сваім родзе не толькі ў Арменіі, але і ў свеце.
Каштоўна, што я меў шанец убачыць унікальныя армянскія рукапісы 5-15 ст. у вітрынах і ўжывую патрымаць іх у руках, а таксама аб-меркаваць з экспертамі, як яны іх рэстаўравалі і як сёння захоўваюць. Са мною былі эксперты з расійскага Эрмітажа, якія з такім жа захапленнем сачылі за кожным словам і дзеяннем армянскіх калег!
– Спадар Алесь, раскажыце, калі ласка, што ўяўляе сабой Матэнадаран.
– Матэнадаран, ці Інстытут старажытных рукапісаў Матэнадаран імя св. Мясропа Маштоца – гэта размешчаны ў Ерэване навукова-даследчыцкі цэнтр пры ўрадзе Рэспублікі Арменія, які з’яўляецца адным з найбуйнейшых сховішчаў рукапісаў у свеце (у тым ліку і старажытна-армянскіх), і галоўным цэнтрам рэстаўрацыі. Туды ездзяць вучыцца рэстаўратары з многіх краін свету, у тым ліку з Беларусі.
Пры інстытуце створаны ўтульны музей для наведвальнікаў. Слова “матэнадаран” у перакладзе з армянскай мовы азначае “сховішча рукапісаў”. Інстытут Матэнадаран быў створаны на базе нацыяналізаванай у 1920 годзе калекцыі рукапісаў Эчміядзінскага манастыра.
Пачатак стварэння гэтай калекцыі датуецца V cтагоддзем і звязаны з Мясропам Маштоцам (каля 361-440), стваральнікам армянскай пісьмовасці. Ужо ў V стагоддзі Лазар Парпецы паведамляў, што пры Эчміядзінскім манастыры існуе кнігасхо-вішча.
Эчміядзінскі матэнадаран быў абвешчаны дзяржаўнай уласнасцю 17 снежня 1929 года. У 1939 годзе калекцыя была перавезена з Эчміядзіна ў Ерэван. Сучасны будынак Матэнадарана быў пабудаваны ў 1959 годзе па праекце архітэктара Марка Грыгарана. У 1984 годзе быў выдадзены першы том агульнага каталога калекцыі Матэнадарана.
Па стане на 2015 год, фонды Матэнадарана налічваюць больш за 17 тыс. старажытных рукапісаў і больш за 100 тыс. даўнейшых архіўных дакументаў. Разам з армянскімі рукапісамі (11230 паўнавартасных і 2200 фрагментарных), тут захоўваецца больш за 2000 рукапісаў на рускай мове, іўрыце, лаціне, арабскай, сірыйскай, грэчаскай, грузінскай, індыйскай, японскай, персідскай і іншых мовах. У фондах музея захоўваюцца 2281 старадрукаваных (да 1800 года) кніг. У наш час калекцыя працягвае папаўняцца – значны ўнёсак у яе пашырэнне робяць прадстаўнікі армянскай дыяспары ў Еўропе, ЗША і г.д.
Калекцыя Матэнадарана з’яўляецца каштоўнай навукова-гістарычнай базай для вывучэння гісторыі і культуры Арменіі, а таксама суседніх народаў Каўказа, Блізкага і Сярэдняга Усходу. У Інстытуце захоўваюцца рукапісы V-XVIII стагоддзяў, а таксама ўнікальная калекцыя першадрукаваных і старадрукаваных армянскіх кніг XVI-XVIII стагоддзяў, творы старажытных і сярэднявечных армянскіх гісторыкаў, пісьменнікаў, філосафаў, матэматыкаў, географаў, лекараў, пераклады на армянскую прац старажытнагрэчаскіх, сірыйскіх, арабскіх і лацінскіх навукоўцаў, у тым ліку шэраг твораў, што не захаваліся на мове арыгінала. У музеі Інстытута экспануюцца шматлікія ўзоры старажытнаармянскай пісьмовасці і кніжнай мініяцюры. Там створаны выдатныя ўмовы для захавання рукапісаў.
– Перад будынкам інстытута пастаўлены помнік вучонаму, асветніку місіянеру Мясропу Маштоцу, заснавальніку армянскага алфавіта.
Ён спрычыніўся да распаўсюджвання хрысціянства ў Арменіі, заснаваў Вагаршапацкую семінарыю, быў далучаны да ліку святых Армянскай Апостальскай царквы. Лічыцца, што менавіта ён паспрыяў захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці армян.
– Мясропа Маштоца можна параўнаць з Кірылам і Мефодзіям. Ён – сапраўды, унікальная персона для армян. Яму ўсталявана шмат помнікаў, яго імем названы вуліцы. Месца яго спачыну знаходзіцца недалёка ад гары Арагац, на якую мне давялося пад-няцца.Там стаіць помнік хрышчэнню Арменіі і створана вялікая кампазіцыя з выявамі літар армянскага алфавіта.
– Вам давялося пабачыць кнігу армянскага друкара, які мог быць знаёмы з Францішкам Скары-нам у Венецыі.
– Так. Першая кніга, надрукаваная на армянскай мове, – “Урбатагірк” (“Пятнічная кніга”), выпушчаная Акопам Мегапартам у Венецыі ў 1512 г. Менавіта гэтая дата ўзгадвалася ў 2012 годзе, калі на высокім міжнародным узроўні было арганізавана святкаванне 500-годдзя армянскага кнігадрукавання, на якое былі запрошаны таксама беларусы. Перад гэтым абмяркоўвалася наданне Ерэвану статусу кніжнай сталіцы свету.
Шмат падобнага тут маем з беларускім кнігадрукаваннем і нашым Скарынам. Першадрукары абедзвюх традыцый пачыналі сваю выдавецкую працу ў замежных кніжных асяродках і абодва былі звязаныя з Венецыяй. Абодва працавалі амаль у адзін і той час (у 1512 г.), калі Акоп надрукаваў у Венецыі сваю першую кнігу, Скарына як раз у Венецыі (Падуі) здаваў экзамены на доктара медыцыны, а потым і сам заняўся кнігадрукам. Абодва друкавалі кнігі невялікага фармату, у дзве фарбы, з выключкай па шырыні і аздаблялі іх гравюрамі-дрэварытамі. Для вырабу першых беларускіх і армянскіх кніг давялося “з нуля” ствараць новыя шрыфты. Першадрукі беларусаў і армян захаваліся ў вельмі невялікай колькасці і сёння лічацца нацыянальнымі святынямі. Яны ўключалі малітвы (у тым ліку рыфмаваныя) і набожныя тэксты, а таксама іншыя матэрыялы і звесткі.
Так і напрошваецца думка: ці не мог Скарына бачыць у Венецыі на-раджэнне армянскага кнігавыдання і ці не мог пад яго ўплывам пайсці тым жа шляхам?
– Хрысціянская Апостальская Царква Арменіі вельмі старажытная. Пропаведзь веры пачалася з дзейнасці апосталаў Фадзея і Варфаламея.
Арменія – адна з першых краін, якія прынялі хрысціянства.
– Сапраўды, першая, якая зрабіла хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй.
Культура гэтай краіны найбагацейшая, традыцыя вельмі цікавая! На паўднёвым усходзе ад Ерэвана давялося ўбачыць адзін з найстарэйшых манастыроў Гегарт. Там у першым тысячагоддзі знаходзіліся кіраўнікі Армянскай Апостальскай Царквы да пераезду ў Эчміядзін.
Такі знакаміты культавы духоўны цэнтр ў гарах каля рэчкі, там засталіся храмы і пячоры, якім больш за тысячу год. Там цудоўная, проста неапісальная акустыка! У пераважнай большасці манастыры складзены з туфавага каменю. Адна з маіх прыгодаў была звязана з паездкай на возера Севан.
Нарадзілася ідэя сустрэць світанак над Севанам, абмеркавалі ідэю з кіроўцам і прысвяцілі гэтаму вольную раніцу. Над возерам Севан на паўвыспе знаходзіцца манастыр Севанавак. Ён пабудаваны не з туфу, а з чорнага вулканічнага каменю, засталося некалькі храмаў. Там быў востраў, які стаў паўвостравам.
На пачатку 20-га стагоддзя нарадзілася ідэя часткова асушыць возера Севан, (каб вызваліць глебу для пасеваў), якая ледзь не давяла да нацыянальнай трагедыі. У 1936 годзе пачалі вялікі праект, пабудавалі шмат каналаў, гідраэлектрастанцый, і возера пачало мялець. Кожны год па метры падала глыбіня. У выніку ў канцы 60-тых гадоў было ледзь не страчана возера. Армяне забілі ва ўсе званы, бо не хацелі страчваць сваю прыродную разнастайнасць. Розныя віды рыб пачалі выміраць, знакамітая севанская фарэль пачала скрачацца ў колькасці, пачаў мяняцца колер вады. З таго часу армяне ініцыявалі праект адраджэння возера Севан, спрабуючы з іншых рэк перакінуць ваду ў возера Севан. Для гэтага яны пачалі капаць шмат тунэляў, каб спусціць ваду у возера з суседніх рэчак, і ўзровень вады пачаў паднімацца толькі ў 2014 годзе. Цяпер кожны год дабаўляецца па 40 сантыметраў вады. У выніку колішні высокі скальны востраў, на якім знаходзіўся манастыр (ён служыў абарончым мэтам для армянскай дзяржавы, менавіта там абаранялася ад арабаў армянская дзяржава), ператварыўся ў паўвостраў, куды можна прайсці пешкі. У манастыр высылалі мяцежных манахаў з Эчміядзіна. Там мы сустрэлі світанне…
– Як жыццё праходзіць у сучасным Ерэване?
– У Ерэване не просты час, кавід разбурыў многія планы. Нядаўна прайшла вайна, якая выклікала моцную дэпрэсію ў армянскім грамадстве. Тым не менш, армяне гасцінныя і адкрытыя, як былі ва ўсе часы. Нас сустракалі і нам дапамагалі валанцёры.
– У Арменіі Вас як культуролага зацікавілі езіды. Што гэта за народ?
– Хто такія езіды? Яны з’яўляюцца паслядоўнікамі старажытных зараастрыйцаў-вогнепаклоннікаў, размаўляюць на сваёй мове, моляцца сваім багам…
Пра езідаў раней я толькі ў кнігах ды інтэрнэце чытаў, а чуў па тэлебачанні пра іх. Асабліва, калі ў 2014 г. іх як няверных масава знішчалі на тэрыторыі Ірака прадстаўнікі “Ісламскай дзяржавы”. Але гэта ўсё было далёка і некалькі экзатычна. Каб ужывую сустрэцца з вогнепаклоннікамі – не меў такіх спадзяванняў.
– Дзякуем Вам за аповед, жадаем Вам поспехаў!
Гутарыла Эла Дзвінская,
фота з архіва Алеся Сушы.
- Алесь Суша ля падножжа гары Арагац.
- Матэнадаран у Ерэване і помнік Мясропу Маштоцу.
- Старажытная армянская кніга.