Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Рукам – праца, душы – свята

Рукам – праца, душы – свята

30 чэрвеня 2021, 22:08 Культура, ТБМ 15
Рукам – праца, душы – свята

Апошняе са сваіх пасяджэнняў  аматарскае аб’яднанне “Сучаснік” вырашыла прысвяціць майстрыцам з “залатымі рукамі”, ды і падстава знайшлася: аказваецца, аж з 2005 года ў чэрвені адзначаецца Сусветны дзень вязання. Вось і вырашылі запрасіць жанчын, кожная з якіх мае свой “почырк” і робіць унікальныя работы, маючы з прыладаў толькі ніткі і пруткі.

Ірына Салаўёва – прызнаная рукадзельніца ў нашым раёне. Яе сурвэткі, абрускі, жаночыя галаўныя ўборы, кардыганы і шмат што іншае ацэнены ўзганародамі не толькі раённых і абласных выставаў:

– Усё пачыналася з дзяцінства, – распавяла сп. Ірына. – Сям’я была вялікая,  і ўсе, як кажуць, былі “з рукамі”. Я пачала вязаць у 5-га-довым ўзросце. Канешне,  першыя ўрокі дала маці, якая  нарадзілася ў 1922 годзе і прайшла праз вайну. Яна расказвала пра тое,  як у цяжккія ваенныя гады, яны,  маладыя дзяўчаты, нечым стараліся дапамагчы байцам: вязалі рукавіцы, шапкі, шкарпэткі, шалікі.

І таму не выпадкова адной з маіх першых  конкурсных школьных работ была паштоўка, прысвечаная маці, якой я, дачка,  дзякавала ёй за перамогу. Калі вучылася, з абноўкамі было цяжка. Вязала сабе сукенкі.

На сёння, магчыма, няма такой тэхнікі вязання, якой бы не авалодала Ірына Салаўёва. Яна дэманструе на планшэце свае работы, з якіх, калі б можна было ўсё сабраць разам, можна было б стварыць асабісты музей.

Людміла Міхаўлаўна Шалкаўнёва на сустрэчу прынесла некалькі сваіх работ, пра тэхніку выканання якіх многія нават не чулі:

– Вось гэтыя ўпрыгожанні, герданы, зроблены  з бісеру. А гэта прыгожая шаля звязана  “на відэльцы”.

І тым самым выклікае цікавасць у прысутных: як гэта можна на звычайным відэльцы зрабіць такую прыгажосць? Аказваецца, гэта не звычайны  сталовы відэлец, а так называецца прыстасаванне, якое дае магчымасць вязаць  прыгожыя карункі, якія потым аздабляюцца дадатковымі ўзорамі з нітак розных колераў:

– Відаць, мы стаміліся ад таго, што нас акружаюць рэчы масавай машыннай вытворчасці, і хочацца нечага адметнага, зробленага рукамі, бо ў кожны выраб укладваецца  яшчэ і часцінка сваёй душы. А вязаць я пачала таксама рана, з 7 год.

І яна дэманструе прыгожыя: сукенку для маленькай дзяўчынкі, два швэдары, якія гасцінцамі днямі паедуць у Віцебск.

Алена Міхайлаўна Дзямешка, прэзентуючы сваю работу “Подых зімы”: безліч маленькіх сняжынак на цёмна-сінім небасхіле, з гонарам гаварыла пра тое, што цікавасць да народных рамёстваў відавочна вялікая: на сёння майстрамі раённага Дома рамёстваў асвоена 15 відаў рамёстваў, а некаторыя майстры ўзнавілі і  авалодалі 18 відамі народных рамёстваў, што былі ў побыце нашых продкаў.

Некалькі незвычайную выставу падрыхтавала да вечарыны Надзея Іванеева-гэта вязаныя лялькі, сярод якіх казачныя персанажы: Змей-Гарыныч, Дзед і Баба,  чарапаха, курыца з вялікоднымі яйкамі, сонейка, больш за два дзясяткі цудоўных персанажаў.

– А прычасціла да гэтага мяне мая дачка – Крысціна, якая займаецца пляценнем лялек больш за тры гады, якую, у сваю чаргу, заахвоціла мая малодшая сястра Таццяна. У мяне двое ўнукаў, якія патрабауюць увагі, сама на пенсіі, але яшчэ  працую,  а ў любую вольную хвіліну я з задавальненнем саджуся, каб звязаць новага персанажа. Зараз гэта будзе Воўк і Заяц. Дома, – Надзея смяецца, – ужо цэлы звярынец.

На сваёй сустрэчы жаначыны не толькі дзяліліся сакрэтамі майстэрства, але  і задаліся пытаннем: а чаму вязанню прысвечаны нават цэлы Сусветны дзень вязання? Цікавасць задаволіла кіраўнічка “Сучасніка” Святлана Генадзеўна Калеснікава. Аказваецца , мала хто ведаў, пра такія цікавыя факты, што:

– нарадзілася рукадзелле, аказваецца,  нават не на поўначы, а ў спякотай Афрыцы, і гісторыя сцярджае, што  вязанне прыдумалі арабы, а крыжаносцы прынеслі яго ў Еўропу;

– першым вязаным вырабам была рыбалоўная сетка;

– у Іспаніі знойдзена рукавіца, вырабленая ў 13 ст., з выявай на ей рэлігійных сімвалаў, бо ў тыя часы часы вязанне было  шанаваным заняткам;

– вязанне – справа мужчын, жанчыны пралі ніткі, а за пруткі браўся кіраўнік сям’і;

– у вязальшчыкі набіралі адораных хлопчыкаў, якія вучыліся тры гады, а потым іх чакаў экзамен. І зусім няпросты: для заліку патрэбна было вырабіць – дыван памерам 1.5х2м, шапку, пару шкарпэтак, кашулю і жылетку. І якасць ацэньвала камісія. Цяжэй, чым здаць ЦТ. Шэсць год вучобы, і ты – майстар!

Такія сустрэчы даюць магчымасць сустрэч з цікавымі асобамі нашага раёна: народнымі майстрамі,   паэтамі, краязнаўцамі, мастакамі, людзьмі, якія пішуць сёняшнія старонкі  гісторыі сваёй маленькай радзімы, якая праз пэўны час будзе вывучаццца нашымі нашчадкамі.

А “Сучаснік”, які амаль 30 год працуе пры раённай бібліятэцы і сабраў вакол сябе людзей розных узростаў і прафесій,  кіруецца прынцыпам “Усё аддаў – і скарб набыў, што для сябе збярог – згубіў”.

Валянціна Болбат,

сяброўка клуба,

ТБМ, Верхнядзвінск.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0517
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2817
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2116
Далучайцеся да нас