У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі разгорнута кніжная выстава, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта і пісьменніка, літаратуразнаўца, педагога, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара Алега Антонавіча Лойкі. На ёй прадстаўлены творы Алега Лойкі, а таксама выданне “Чалавек з сонечнаю усмешкай”, прысвечанае яго жыццю і дзейнасці, якое пабачыла свет у 2019 годзе.
Алег Лойка, доктар навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, легендарны дэкан філалагічнага факультэта БДУ, быў аўтарам каля 100 кніг, з якіх больш за 30 – зборнікі паэзіі, 2 раманы, некалькі дзясяткаў літаратурных даследаванняў і перакладаў, рэцэнзій, эсэ.
Алег Антонавіч Лойка нарадзіўся 1 траўня 1931 года ў сям’і фельчара ў Слоніме. Пасля заканчэння беларускай Слонімскай сярэднюю школы № 1, ён паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў з адзнакай у 1953 годзе і быў рэкамендаваны ў аспірантуру. Алег Лойка вучыўся ў аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры БДУ, абараніў кандыдацкую дысертацыю (1956).
Алег Лойка дэбютаваў вершамі у 1943 годзе ў “Баранавіцкай газеце”. Выходзілі яго зборнікі паэзіі паэзіі: “На юначым шляху” (1959), “Задуменныя пералескі” (1961), “Дарогі і летуценні” (1963), “Блакітнае азерца” (вершы і паэмы, 1965), “Каб не плакалі кані” (1967), “Дзівасіл” (1969), “Калі ў дарозе ты…” (выбранае, 1971), “Шчырасць” (1973), “Пачуцці” (вершы і паэма, 1976), “Лінія жыцця” (1978), “Скрыжалі” (выбранае, 1981), “Няроўныя даты” (1983), “Грайна” (1986), “Пралескі ў акопах” (1987).
З 1956 года ён быў выкладчыкам новаўтворанай кафедры беларускай літаратуры, з 1962 – дацэнтам кафедры, абараніў доктарскую дысертацыю ў 1969 годзе, з 1971 года – прафесарам кафедры беларускай літаратуры, з 1985 – загадчыкам кафедры беларускай літаратуры. У 1991-1996 – дэканам філалагічнага факультэта БДУ. Пастаянна распрацоўваў новыя лекцыі, тэмы і семінары, чытаў курсы лекцый па “Гісторыі старабеларускай літаратуры”, “Літаратуры XIX – пачатку XX ст.”, “Уводзінах ў лiтаратуразнаўства”, “Краязнаўству”, спецкурсы па паэзіі, “Літаратурных славянскіх узаемасувязях” і іншыя.
Алег Лойка напісаў раманы-эсэ: “Як агонь, як вада” (1984) і “Францыск Скарына і сонца маладзіковае” (1990), аповесць “Скарына на Градчанах” (1990), аповесць “Кельты не ўміраюць” (1998), стаў аўтарам сцэнарыя дакументальнага фільма “Максім Багдановіч”.
Літаратуразнавец пераклаў на беларускую мову кніжку выбраных твораў Поля Верлена “У месяцавым ззянні” (1974), І. Гётэ, “Спатканне і ростань” (1981), Ф. Шылера, асобныя творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў, быў перакладчыкам і ўкладальнікам 2-томнай анталогіі польскай паэзіі “Ад Буга да Віслы”, куды ўвайшлі вершы 180 паэтаў.
Стылістычную адметнасць лекцый А. Лойкі адзначалі студэнты БДУ, Варшаўскага, Енскага ўніверсітэтаў. Распрацаваны ў курсах лекцый матэрыял быў пакладзены ў аснову дапаможнікаў і падручнікаў для ВНУ.
Пад кіраўніцтвам А. Лойкі было абаронена 17 доктарскіх дысертацый. Ён быў старшынём Вучонага савета па абароне дысертацый у БДУ, членам Вучонага савета Інстытута літаратуры імя Я. Купалы, членам рэдкалегiй часопісаў “Веснік БДУ” (серыя IV), “Беларусь”, “Спадчына”, “Першацвет”.
Алег Лойка з’яўляецца аўтарам шасці манаграфій – “Новая зямля” Якуба Коласа: Вытокі, веліч, хараство” (1961), “Адам Міцкевіч і беларуская літаратура” (1959), “Сустрэчы з днём сённяшнім” (1968), “Максім Багдановіч” (1966), “Беларуская паэзія пачатку XX стагоддзя: Некаторыя заканамернасці і асаблівасці” (1972), “Старабеларуская літаратура” (2001). Творчы асяродак, літаб’яднанне “Узлёт”, якім ён кіраваў чвэрць стагоддзя і ў якім узрасціў мноства вядомых сёння літаратараў і навукоўцаў, адданых слуг беларускага слова, такіх як А. Бутэвіч, Т. Шамякіна, А. Верабей, А. Разанаў, А. Пісьмянкоў, М. Скобла, С. Чыгрын і іншыя. Аматар і добры знаўца сусветнай паэзіі імкнуўся далучыць да гэтага скарбу айчыннага чытача праз перакладчыцкую дзейнасць.
Найвялікшым захапленнем, якое Алег Лойка пранёс праз усё жыццё, стаў Янка Купала. Навуковец даследаваў творчасць нацыянальнага генія і з наватарскай смеласцю паказаў многія факты яго біяграфіі, жыццёвую драму і ўзаемаадносіны з пісьменніцкім асяродкам.
Алег Антонавіч быў жанаты, меў дачку Антаніну, сына Паўла і ўнукаў Віталя, Алега і Надзею. Алег Лойка сябраваў з Уладзімірам Караткевічам, Янкам Саламевічам, Анатолем Вярцінскім і іншымі выбітнымі асобамі.
У 1982 годзе прафесар Лойка выдаў у Маскве ў серыі “ЖЗЛ” кнігу “Янка Купала”. Гэта была першая кніга, напісаная беларусам пра беларуса і выдадзеная ў вядомай расійскай серыі, якую заснаваў Максім Горкі ў 1933 годзе. Прадмову да кнігі Алега Лойкі напісаў Іван Шамякін. Іван Пятровіч адзначыў, што кніга “гістарычна дакладная, праўдзівая, шчырая”.
Наклад выдання пра Янку Купалу быў тады 150 тысяч экзэмпляраў. Тым не менш, купіць у Беларусі яго было немагчыма. Толькі праз 16 гадоў Алег Лойка падпісаў кнігу ў Слоніме: свайму земляку і філфакаўцу, края-знаўцу Сяргею Чыгрыну.
Захапляла фенаменальная эрудыцыя прафесара ў самых розных галінах ведаў, яго пранікнёнасць у з’явы культуры, уменне красамоўна даносіць інфармацыю, генерыраваць новыя ідэі, якімі ён надзвычай шчодра дзяліўся са сваімі вучнямі (выгадаваў 25 кандыдатаў навук). Узаемадзеянне двух вызначальных фактараў у светапоглядзе, у мысленні А. Лойкі – рацыянальна-навуковага і рамантычна-мастакоўскага – спрыялі нараджэнню новых ідэй, якія ўвасабляліся на практыцы. Ён спалучаў у сябе чалавека рацыянальнага, выдатнага даследчыка літаратуры з паэтам – лірыкам, у якога пераваж-на задзейнічана эмацыйная сфера.
У 1980-1990-х гадах адбывалася актыўнае навукова-канцэптупльнае спазнанне феномену асветніка Францішка Скарыны. Алег Лойка як даследчык-скарыназнавец выступаў на высо-кім міжнародным узроўні ў Венецыі і ў Кракаве, у Маскве і Парыжы, паказваючы Скарыну як постаць агульнаеўрапейскага і сусветнага маштабу.
Апошнія 10 гадоў Алег Антонавіч жыў у Слоніме. Яго даймалі хваробы. Давялося пера-несці некалькі цяжкіх аперацый. Дрэва яго жыцця не спыняла росту да апошніх дзён фізічнага існавання. Пераадольваючы боль на шпітальным ложку, у інвалідным вазку ён ствараў новыя вершы, празаічныя творы і навуковыя працы. Роднае слова трымала дух паэта, ён жыў паэзіяй, творчасцю, мужна трымаў фізічную немач, думаў пра Беларусь. Адной з апошніх яго старонак стаў верш-прысвячэнне:
“Дзе вусны зноў табой ажыўляю,
Маё ты шчасце, дзіва і бальзам,
І вечнасцю тваёю прамаўляю
Нявечаны сам.”
У кнізе “Чалавек з сонечнай усмешкай” створаны цэласны партрэт А.А. Лойкі, як вучонага, аўтара раманаў-эсэ, выхавальніка творчай моладзі, грамадзяніна і патрыёта Бацькаўшчыны.
“Такія паэты, як Алег Лойка не знікаюць, яны прадаўжаюць духоўнае жыццё пасля смерці, жывуць датуль, пакуль іх слова будзе гучаць у вершах, пакуль будзе існаваць Беларусь, зямля Слонімская і мова нашага народа”, – напісаў Алесь Бельскі.
Напрыканцы 2017 года ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Я. Коласа адбылося адкрыццё пакоя-музея Алега Лойкі (1931- 2008).
28-30 кастрычніка 2021 у БДУ адбудзецца ХІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай”, прысвечаная 100-годдзю БДУ і 90-годдзю з дня нараджэння члена-карэспандэнта НАН Беларусі, прафесара Алега Антонавіча Лойкі.
Падрыхтавала Э. Дзвінская,
фота аўтара.