“…Чуеш, як час бяжыць?
Жыць на свеце цікава,
Значыцца будзем жыць “, –
радкі з Гімна “народнага” клуба “Сучаснік”, які хутка адзначыць сваё 30-годдзе.
Годам афіцыйнага прызнання клуба стаў 1993 год. Але гісторыя “Сучасніка” пачалася яшчэ раней, калі мы ўсе адчулі новыя павевы ў нашай краіне.
Стрымліваная неабходнасць грамадзян у абмераванні вялікіх зменаў у жыцці краіны напачатку 90-х вылілася ў стварэнне розных нефармальных аб’яднанняў, на пасяджэннях якіх горача абмярковаліся пытанні не толькі штодзённага жыцця.
На Дрысеншчыне спачатку гэта быў клуб “Адраджэнне” з самым шырокім спектрам поглядаў на падзеі 90-х, у сустрэчах якога бралі ўдзел людзі розных поглядаў, узросту і палітычных пазіцый. Важна было тое, што не было варожасці, калі збіраліся ветэраны і людзі больш маладога ўзросту, для якіх больш характэрным было жаданне больш хуткага руху да зменаў.
Затым невялікая трансфармацыя – і клуб ўзяў сваёй сваёй ідэяй рабіць сустрэчы з вядомымі людзьмі – “Клуб цікавых людзей”, падчас пасяджэнняў якога абмяркоўваліся пытанні мовы, культуры, нашай самаідэнтычнасці. Нельга сказааць, што ўсё ішло гладка: былі спрэчкі, непаразуменні… Што рабіць, такі быў час: новы, невядомы, калі самі грамадзяне атрымалі магчымасць адкрыта выказваць свае думкі і ўплываць на мясцовыя рашэнні. Вынікам гэтага стала стварэнне пры выканкаме клуба “Дыялог”, на якім разглядваліся нават пытанні, што выносіліся на пасяджэнні раённага Савета дэпутатаў. Шмат у гэтым накірунку зрабіла Эма Валянцінаўна Аржанік, якая на той час была загадчыкам аддзела інфармацыі райвыканкама, экс-намеснік старшыні выканкама Уладзімір Яфімавіч Якаўлеў. Ды і іншыя супрацоўнікі органаў улады не цураліся прысутнічаць на пасяджэннях гэтых грамадскіх аб’яднанняў. Не паўставала і пытання юрыдычнавай рэгістрацыі, бо гэта была, так бы мовіць, форма для супольнага дыялогу грамадзян і органаў улады. І можна прывесці шмат добрых прыклалаў таго часу, калі такое супрацоўніцтва давала плён.
Але час і далейшыя падзеі грамадскага жыцця зрабілі сваю справу. Калі клуб “Сучаснік” стала “прыпісаўся” да раённай бібліятэкі, змяніліся формы яго працы, змест якіх вызначаўся інтарэсамі яго ўдзельнікаў. І дзякуючы яго кіраўніку – Крук Валянціне Іосіфаўне, ён набыў абрысы клуба цікавых сустрэч, у фармат працы якога ўпісваліся: падарожжы, і нават за межы краіны, цікавыя імпрэзы з вядомымі асобамі не толькі рэгіёна, творчыя вечарыны сяброў клуба і вядомых пісьменнікаў, паэтаў… Пасяджэнні сталі рэгулярнымі, з’явіўся Гімн клуба і яго эмблема – мудрая Сава, а дэвізам клуба стаў выраз: “Усё аддаў – і скарб набыў, што для сябе збярог – згубіў”.
Той перыяд, калі клубам кіравала Валянціна Іосіфаўна стаў, бадай, самым плённым у яго жыцці і дзейнасці. І з таго часу застаўся вялікі архіў, знаёмства з якім дае магчымасць убачыць і адчуць пульс таго часу, зразумець, якім багатым можа быць жыццё людзей, заангажаваных у арганізацыі не толькі свайго цікавага асабістага жыцця, але і ў рэалізацыі і карысных справаў для свайго горада і раёна.
Пэўны час яго кіраўніком была Людміла Васільеўна Гагалінская, якая больш увагі надавала цікавым падарожжам, экскурсіям, знаёмству з адметнымі мясцінамі раёна і рэгіёна. Тры гады афіцыйным кіраўніком “Сучасніка” давялося папрацаваць і мне.
І кожны кіраўнік ўносіў нешта сваё, з улікам інтарэсаў і змянення сітуацыі ў краіне. Канешне, шмат чаго і згублена, і, найперш гэта тое, што першыя удзельнікі клуба, яго заснавальнікі – гэта людзі шаноўнага ўзросту і некаторыя ўжо пайшлі з жыцця, пакінуўшы ў спадчыну – выдадзеныя кнігі сваёй творчасці, карціны, альбомы… Сярод сяброў клуба – паэты, мастакі, народныя майстры. Пры падтрымцы бібліятэкі выйшлі кнігі Антона Бубалы, выбітнага краязнаўца, укладальніка раённай кнігі “Памяць”, паэта, мастака Аляксандра Мядзюты, творчыя працы якога дэманстраваліся нават ў Маскве, Мікалая Мікіценкі, чарнобыльскага лікві-датара, Юльяна Родзіка, сямейнага дуэта народных майстроў Салаўёвых – Ірыны і Валерыя, пастаянных удзельнікаў “Славянскага базару” і іншых раённых, абласных і рэспубліканскіх выставаў народнай творчасці, Пятра Квяцінскага, пра некаторых нават зняты фільмы, шмат пра каго пісала не толькі мясцовая, але і рэспубліканская прэса.
Праца клуба “Сучаснік” уганаравана званнем “Народнага”, і ў каторы раз ён падтрымлівае гэта званне, а таксама ўзнагароджваецца Дыпломамі на раённых конкурсах аматарскіх аб’яднанняў.
Вось і гэтым разам, на чар-говым раённым конкурсе аматарскіх аб’яднанняў, клуб пацвердзіў сваё высокае званне творчага аб’яднання. А новаму кіраўніку “Сучасніка”, Калеснікавай Святлане Генадзеўне, для якой удзел у раён-ным свяце аматарскіх аб’яднанняў быў своеасаблівым экзаменам, і сябрам клуба давядзецца нямала папрацаваць, каб адпавядаць высокаму статусу “Народнага”.

Экспазіцыя “Сучасніка” ўражвала сваімі экспанатамі. А гэта – багатая калекцыя значкоў Мікалая Запасніка, якой наўрад ці знойдзецца аналаг у вобласці, працы майстрыцы-вязальшчыцы Ірыны Салаўёвай, якія атрымалі прызванне на конкурсах розных узроўняў, модныя зараз работы, сшытыя з тканін розных афарбовак – лапікавыя коўдры Святланы Калеснікавай, вязаныя казачныя персанажы Надзеі Іванеевай і Крысціны Шыпілы, а таксама багаты архіўны матэрыял пра дзейнасць клуба, ацанілі не толькі ўдзельнікі свята, але і прадстаўнічае журы. Акрамя таго, для мясцовых жыхароў зла-дзілі віктарыну “Ведай, любі і шануй свой край” пра гісторыю Каханавіч і іх знакамітага земляка.


Ды і месца для правядзення раённага аматарскага конкурсу выбрана не выпадкова – вёска Каханавічы, якая ўзгадвалася ў летапісах аж у 16 стагоддзі, а яе ўладальнікам быў вядомы гра-мадскі дзеяч, паэт, фалькларыст, перакладчык – Ігнат Яўстафавіч Храпавіцкі, пахаванне якога знайшлі мясцовыя сябры “народнага” клуба “Белыя вароны”.
Ігнат Храпавіцкі яшчэ напачатку 19 ст. быў адзін з ліку тых, хто выказаўся за адмену прыгоннага права, а пасля абнародавання царскага загаду аб яго адмене актыўна удзельнічаў у рэалізацыі рэформы, за што быў узнагаро-джаны срэбным медалём на Аляксееўскай стужцы і бронзавым медалём “За труды по освобождению крестьян”, аўтар шматлікіх вершаў, перакладаў на польскую мову беларускія народныя песні, рыхтаваў да выдання “Полный белорусский песенник”. А яго твор “Двина” перакладзены на некалькі замежных моваў.
Вось у такім гістарычным месце і прайшоў раённы конкурс, у якім прынялі ўдзел каля двух дзясяткаў творчых аматарскіх аб’яднанняў раёна.
Апроч таго, што кожны калектыў абараняў сваё ганаровае званне, яго арганізатары зладзілі конкурсы на лепшае выкананне народных танцаў, прыпевак, дэфіле – “Сукенка з бабулінага куфра”, арганізавана выстава тканых даўней ручнікоў, якія старэйшыя нават за некаторых удзельнікаў свя-та, і іншыя забавы.
А клуб “Сучаснік” і надалей збіраецца кіравацца правіламі сваёй дзейнасці, якія распрацаваны напачатку яго стварэння:
Будзь цікавым.
Будзь цікаўным.
Не шкадуй сябе дарыць.
З намі той, хто сам гарыць.
Не саромейся і браць.
Не лянуйся пазнаваць.
П’юць у нашым клубе ўсе –
Толькі чай, ды пакрысе.
Больш гавораць,чым ядуць,
Ды і то, калі дадуць.
Сябе прасіць не прымушай,
А сам у госці запрашай.
Валянціна Болбат,
ТБМ, Верхнядзвінск.

