На днях у вёсцы Вялікая Кракотка Слонімскага раёна ўзарвалі безгаспадарны двухпавярховы будынак. У ім шмат гадоў знаходзілася знакамітая бібліятэка імя Янкі Купалы. У 2005 годзе бібліятэка ў Вялікай Кракотцы набыла статус бібліятэкі-музея імя Янкі Купалы. А ў 2007 годзе яна адзначыла сваё 80-годдзе. Гэта быў апошні юбілей бібліятэкі ў Кракотцы. У 2008 годзе яе закрылі, а каштоўныя кнігі і фотаздымкі перадалі ў іншыя бібліятэкі Слонімшчыны. Усе акупацыі і войны перажыла слаўная Вялікакракоцкая Купалаўская бібліятэка, а вось сённяшні час перажыць не змагла. Шкада…
Вёску Вялікая Кракотка пісьменнік Уладзімір Караткевіч назваў самай прыгожай вёскай на свеце. Але вёска не толькі прыгожая, але і знакамітая. Знакамітая Вялікая Кракотка найперш была тым, што тут яшчэ ў 1927 годзе пры гуртку Таварыства беларускай школы вясковая моладзь заснавала бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой было нададзена імя беларускага песняра. Вялікую дапамогу ў дзейнасці бібліятэкі аказвала жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч (цётка Уладзя). Яна вельмі любіла Кракоцкую бібліятэку імя Янкі Купалы і ўсіх тых людзей, якія жылі побач. З Менска яна амаль кожны месяц прысылала ў бібліятэку пісьмы, бандэролі і пасылкі з кнігамі і альбомамі. У 1951 годзе Уладзіслава Францаўна ўпершыню наведала Вялікую Кракотку, а ў 1957 годзе прымала ўдзел у святкаванні 30-годдзя бібліятэкі. Сустрэчы з гэтай жанчынай пасляваенны загадчык бібліятэкі Аляксандр Жыткевіч (у 1999 годзе яго не стала) заўсёды ўспамінаў з вялікім хваляваннем, радасцю і цеплынёй. Уладзіслава Францаўна была вельмі задаволена, што бібліятэка на Слонімшчыне носіць імя Янкі Купалы. Дзякуючы цётцы Уладзі, для бібліятэкі прысылалі свае кнігі з аўтографамі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Андрэй Макаёнак і многія іншыя вядомыя пісьменнікі. У 1957 годзе бібліятэку наведалі Пятрусь Броўка, Янка Брыль і Іван Шамякін. Пятрусь Броўка падараваў бібліятэцы свой двухтомнік. На першым томе ён напісаў: “Бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы. З вялікай пашанай да яе прыхільнікаў і актыўных чытачоў. Пятрусь Броўка. 29.5.1957 г.”. Свае аўтографы бібліятэцы тады пакінулі Янка Брыль і Іван Шамякін.
У 1961 годзе свой двухтомнік з аўтографам прыслаў з Менска Янка Брыль: “Чытачам бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы – з зямляцкай павагай і найлепшымі пажаданнямі Янка Брыль. Мінск, 6.01.61 г.”. На святкаванне 30-годдзя бібліятэкі ў 1957 годзе ў Вялікую Кракотку прыехалі з Менска Максім Лужанін, Рыгор Няхай, Пятро Прыходзька, супрацоўнікі музея Янкі Купалы, якія з сабою ў дар прывезлі каля 50 кніг з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў. “Кракоцкай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў дзень яе слаўнага трыццацігоддзя ад аўтара Пятра Прыходзькі”, – так напісаў на сваёй кнізе “Салдаты міру” паэт-франтавік. У 1972 годзе Вялікакракоцкая бібліятэка адзначала 90-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы. У вялікім літаратурным вечары, які праходзіў у Вялікай Кракотцы, прымалі ўдзел Сяргей Грахоўскі, Алег Лойка, Анатоль Іверс, Янка Саламевіч і іншыя літаратары. Як памяць пра сустрэчу захоўвала бібліятэка іх кнігі з аўтографамі. Пакінуў аўтограф Сяргей Грахоўскі на кнізе “Тры вымярэнні”: “Чытачам бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы. Жадаю жыць у шчасці, любіць і шанаваць ніву, засеяную Купалавай шчодрай рукою”.Захоўваліся ў бібліятэцы і кнігі з аўтографамі Алеся Якімовіча, Міколы Аўрамчыка, Леаніда Прокшы, Івана Навуменкі, Сяргея Панізьніка і многіх іншых нашых творцаў. Але самая каштоўная рэліквія, якую захоўвала бібліятэка, – гэта аўтограф Якуба Коласа. У 1952 годзе з Менска ён прыслаў бібліятэцы сваю кнігу “Адшчапенец”, выдадзеную ў 1950 годзе. На ёй чарнільнай ручкаю напісана: “Бібліятэцы імя Янкі Купалы вёскі Вялікая Кракотка. Якуб Колас. 2.8.1952 г.”. Цяпер кніга з аўтографам захоўваецца ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Вялікакракоцкая сельская бібліятэка імя Янкі Купалы Слонімскага раёна за свой 80-гадовы шлях шмат разоў адзначалася ўзнагародамі. У 1960 і 1967 гадах гэтая ўстанова культуры за шматгадовую плённую працу была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры СССР. Дзве ганаровыя граматы і два дыпломы атрымала бібліятэка ад Міністэрства культуры і Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі. Цяпер ад бібліятэкі не засталося нічога, хіба што аўтографы на кнігах пісьменнікаў, фотаздымкі і ўспаміны тых, хто там бываў.
Барыс Баль,
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота аўтара
і з архіва аўтара