Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
На Астравеччыне ўшанавалі памяць Казіміра Сваяка

На Астравеччыне ўшанавалі памяць Казіміра Сваяка

8 чэрвеня 2021, 21:07 Грамадства 34
На Астравеччыне ўшанавалі памяць Казіміра Сваяка

22 траўня ў вёсцы Барані Астравецкага раёна адбылася ўрачыстасць з нагоды ўшанавання памяці вялікага сына Астравеччыны – беларускага каталіцкага святара Кастуся Стаповіча, які зрабіў вялікі ўнёсак у нацыянальную культуру як паэт, драматург, публіцыст, літаратуразнавец і грамадска-палітычны дзеяч, пішучы пад псеўданімам Казімір Сваяк.

На панадворку хаты, у якой нарадзіўся святар-паэт, адбылася цэлебрацыя ўрачыстай святой Імшы з удзелам ксяндза Казіміра Ляховіча з Быстрыцы, ксяндза Аляксандра Барана з Лынтупаў, ксяндза Яцка Гутмана з Камаяў, ксяндза Віктара Захарэўскага з Варнян, ксяндза Анатоля Захарэўскага з Міхалішак, а таксама айца Юрыя Находкі OCD з Гудагая.

Пасля набажэнства была зладжана літаратурна-мастацкая кампазіцыя, у якой прагучалі творы святара-паэта, а таксама вершы і песні яго землякоў з Астравеччыны.

На пачатку настаўніца з Камаяў Генуэфа Дубіловіч прачытала свой верш “Сэрца Святара”, які прагучаў як падарунак для ўсіх прысутных святароў. Затым спадарыня Генуэфа зрабіла агляд сустрэч, якія ладзіліся ў гонар Казіміра Сваяка ў Камаях, Клюшчанах і Баранях пачынаючы ад 2006 года. Выступоўца пажадала, каб гэтыя сустрэчы, якія нясуць духоўнае ўзбагачэнне, ладзіліся і надалей.

Людміла Кухарэвіч з Варнян прачытала сумны верш Сваяка пра адчуванне ягонай смерці,  а пасля праспявала песню на ўласны верш “Святая Марыя”, які напі-сала ў гонар святара-паэта і прысвяціла Маёвым набажэнствам. Людміла Іванаўна па даручэнні мастачкі Тарэсы Варановіч з Дайлідак, якая не змагла прысутнічаць на свяце, уручыла ў падарунак пробашчу Клюшчанскай парафіі ксяндзу Анатолю Захарэўскаму карціну з выявай Казіміра Сваяка на фоне клюшчанскага касцёла.

Супрацоўніца астравецкай газеты Алена Гануліч уручыла ганаровыя дып-ломы Іяланце Валуевіч і Зофіі Шапель – пераможцам конкурсу, прымеркаванага да 130-годдзя з дня нараджэння Казіміра Сваяка, вынікі якога былі падведзены ў канцы мінулага года.

Камертонам амаль ва ўсіх выступленнях гучалі згадкі пра верш у гонар Казіміра Сваяка аўтарства яшчэ аднаго знакамітага земляка – Станіслава Валодзькі (нарадзіўся ў 1956 г. у вёсцы Падольцы).

А потым у бяседзе-застоллі гучалі песні, у адной з якіх былі такія словы:

Вёсачка Барані – за барамі –

Мілая радзімка Сваяка,

Дзе ўзяла пачатак свой уранні

Слынная жыцця яго рака.

Слухалі тут белыя бярозкі

І пачуў нарэшце белы свет,

Як з чароўнай Музай-беларускай

Шчыра размаўляў святар-паэт.

Моў прыгожых ёсць на свеце многа,

Ды найпрыгажэйшая – свая.

Як на беларускай мове з Богам

Годна размаўляў святар Сваяк.

 

Несумненна, колішні клюшчанскі пробашч (чатыры гады таму, у чэрвені 2017 года, драўляны касцёл у Клюшчанах згарэў пры невядомых абставінах), які некалі ў сваёй парафіі арганізаваў цудоўны хор (у ім ён сам іграў на скрыпцы і спяваў), цешыцца ў небе.

Гэта вялікая ласка Найвышэйшага, калі тваё жыццё і надалей з’яўляецца прыкладам для нашчадкаў: як трэба прайсці па зямлі, каб пакінуць пасля сабе памяць ва ўдзячных сэрцах наступнікаў.

Кароткае, але яркае жыццё самаахвярнага святара (1890, вёска Барані – 1926, Вільня) гэтаму доказ.

Завадатарамі-вядоўцамі літаратурна-мастацкай кампазіцыі былі землякі святара-паэта Іяланта Валуевіч ды Алесь Юркойць.

Мастак-ілюстратар Галіна Хінка-Янушкевіч падаравала прысутным дзеткам з Камаяў (у тамтэйшы касцёл атрымаў сваё першае прызначэнне вікарыем маладзенькі ксёндз Кастусь Стаповіч) свае апошнія выданні – вершы ксяндза А. Твардоўскага (у перакладзе паэткі з Гародні Дануты Бічэль) і зборнік Мар’яна Дуксы (1943-2019; паэт нарадзіўся на Мядзельшчыне, аднак большую частку жыцця пражыў у Солах ля Смаргоні). Абодва выданні выйшлі нядаўна ў беларускім каталіцкім выдавецтве.

Гэтая сустрэча была ўжо 15-й па ліку. І будзе мець працяг у будучым, пакуль жыве ў нашай краіне і на Астравецкай радзіме памяць пра святара Кастуся Стаповіча і адначасова выключнага нацыянальнага паэта Казіміра Сваяка.

Казімір Карловіч,

 Catholic.by.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
Свой край вывучай. ВЯРТАННЕ  З  НЯБЫТУ
Культура

Свой край вывучай. ВЯРТАННЕ З НЯБЫТУ

28 кастрычніка 2019, 18:5315
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0015
Далучайцеся да нас