У наш час сям’я – гэта найважнейшае асяроддзе для захавання і перадачы з пакалення ў пакаленне культурных каштоўнасцей, нацыянальных традыцый, яна маральна і матэрыяльна падтрымлівае дзяцей, старых і інвалідаў. Для любога чалавека са словам “сям’я” звязана мноства непаўторных успамінаў і шчаслівых хвілін. Менавіта ў сям’і дзіцяці перадаецца эстафета вопыту пакаленняў, якую ён панясе далей, перадаючы яе па коле.
Правядзенне Міжнароднага дня сям’і служыць павышэнню статусу сям’і і спрыяе лепшаму разуменню яе надзённых праблем і патрэбаў. У рамках Міжнароднага дня сям’і ў бібліятэках ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” праходзілі роз-ныя масавыя мерапрыемствы, якія яны прысвяцілі рэспубліканскай акцыі “Мая сям’я – мая краіна”.
14 траўня філіял “Бярозаўская гарадская бібліятэка” арганізаваў конкурс малюнкаў для навучэнцаў 4-5 класаў. Мэта конкурсу – прыцягненне ўвагі дзяцей да важнай ролі сям’і ў іх жыцці. Удзельнікі стварылі цікавыя работы, у якіх адлюстравалі сябе і сваіх бацькоў. У сваіх малюнках дзеці пастараліся перадаць цеплыню, любоў і добрыя пачуцці, якія характэрны моцнай сям’і.

smart
Філіял “Лідская гарадская бібліятэка № 3” запрасіў сваіх чытачоў на гадзіну карысных парад “Сям’я і кніга – чытаем разам”. У пачатку мерапрыемства бібліятэкар распавёў удзельнікам пра тое, што сям’я – гэта крыніца любові, павагі, салідарнасці і прыхільнасці, тое, без чаго не можа існаваць чалавек. У ходзе мерапрыемства ўспомнілі прыказкі пра сям’ю, адгадалі загадкі, паўдзельнічалі ў конкурсах. Увазе ўдзельнікаў была прадстаўлена выстава кніг “Сямейнаму чытанню – наша павага!”, а таксама праведзена міні-апытанне “Як арганізаваць сямейнае чытанне”.

У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 5” прайшла літаратурная гадзіна “Сям’ю з’яднаць сумее мудрасць кніг”. Дзецям распавялі аб гісторыі свята, аб галоўных каштоўнасцях сям’і і захаванне добрых традыцый, якія аб’ядноўваюць родных і блізкіх. Мерапрыемства скончылася гучным чытаннем вершаў пра сям’ю, любоў і дабрыню.

15 траўня бібліятэкар філіяла “Тарноўская сельская бібліятэка” пазнаёміла дзяцей з гісторыяй свята і расказала, што для кожнага чалавека сям’я ўяўляе сабой самую галоўную каштоўнасць. Гэта наша падтрымка і апора, цвердзь, якая абараняе нас ад многіх нягод. Таксама ў ходзе мерапрыемства разам з дзецьмі пагутарылі аб асцярожным стаўленні да родных і блізкіх, і ў гэтым ім дапамаглі разнастайныя конкурсы і гульні. Падчас адкрытага прагляду літаратуры “Чытае ўся сям’я: мама, тата і я” бібліятэкар прадставіў да ўвагі ўдзельнікаў кнігі і часопісы, у якіх сабраны практычныя парады, звязаныя з сям’ёй.
Чытанне спрыяе фарміраванню сацыяльна каштоўнага чалавека, больш развітага, прычым выхаваць такога чалавека можна толькі з самых маладых гадоў. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае сістэматычнае яго далучэнне да сямейнага чытання. Дзякуючы бібліятэкам маецца магчымасць выхоўваць любоў да кнігі, фарміраваць патрэбнасць у чытанні як адной з галоўных у жыцці чалавека. Таму з 15 траўня ў філіяле “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” дзейнічае куток сямейных кніг “Пачытаем усёй сям’ёй”, дзе сабраны кнігі, якія можна чытаць як у бібліятэцы, так і дома разам з бацькамі.
Таксама ў філіяле “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” прайшла літаратурна-гульнявая праграма “Шчаслівыя разам”. Гасцямі сталі ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Крынічка”. Дзеці ў гульні “Ласкавая сям’я” называлі ласкавымі словамі сваіх родных, выказалі свае шчырыя і цёплыя пачуцці да іх. У рухомай гульні “Памочнікі бацькоў, едзем на агарод” паказалі, як яны ўмеюць дапамагаць бацькам збіраць ураджай. Сем’і нашых удзельнікаў спартыўныя і вядуць здаровы лад жыцця, таму дзеці з радасцю прынялі ўдзел у фізкультхвілінцы “Сямейная зарадка”. А таксама паўдзельнічалі ў пальчыкавай гульні “Мая сям’я”. Каб парадаваць сваю сям’ю і прыйсці дадому не з пустымі рукамі, дзеці прынялі ўдзел у творчым конкурсе “Падарункі любімым людзям”.
Праведзеныя мерапрыемствы стварылі радасны пазітыўны настрой. А галоўнае, садзейнічалі выхаванню любві да сям’і і блізкіх людзей.
Загадчык аддзела
бібліятэчнага маркетынгу
Д.А. Марцінкевіч.

