Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Да 85-годдзя Васіля Якавенкі. Васіль Якавенка – беларускі грамадзянін

Да 85-годдзя Васіля Якавенкі. Васіль Якавенка – беларускі грамадзянін

18 мая 2021, 11:54 Грамадства, Культура 110
Да  85-годдзя Васіля Якавенкі. Васіль Якавенка – беларускі грамадзянін

Шаноўныя чытачы, калі вы яшчэ не знаёмыя з адметным творам еўрапейскай літаратуры ХХІ ст. – беларускай трылогіяй “Пакутны век”, раю неадкладна прачытаць яе. Бо гэты твор “варты таго, каб прэзентаваць у свеце беларускі народ і стаць яго візітнай карткай”. Такую ацэнку “Пакутнаму веку” даў у апошні год свайго жыцця знаны айчынны літаратар і педагог, прафесар, член-карэспандэнт НАН Бе-ларусі Алег Лойка (1931-2008). А адзін з найвядомых расійскіх пісьменнікаў, ветэран Другой сусветнай Данііл Гранін (1919-2017) з нагоды з’яўлення рускамоўнага выдання гэтай трылогіі пад назвай “Надлом. Кручина вековая” (СПб, 2014) адзначыў: “Эта книга – о трудной судьбе белорусского народа, но она и про нас, россиян, которым также будет полезно взглянуть на своих ближайших соседей по-новому. Хотя бы для того, чтобы не повторять прошлых оши-бок, ценить братские отношения и общую историю”.

Узгадваю трылогію “Пакутны век” у сувязі з 85-годдзем яго аўтара – вядомага празаіка, публіцыста і грамадскага дзеяча Васіля Цімафеевіча Якавенкі, які адышоў у вечнасць 22 студзеня 2018 г. Ушанаванню памяці гэтага выбітнага творцы і прысвячаю свой артыкул.

Васіль Якавенка – родам з Гомельшчыны. Пра сваю родную вёску і вучобу пісаў так: “Нарадзіўся 5 мая 1936 г. на экзатычным камарыным хутары каля вялікай копанкі, у якой маці рэшатам лавіла карасёў. Акурат на той час з гэтага і іншых раскінутых па багністым абшары хутароў сцягвалася вёска Пажыхар, яна раней падпарадкоўвалася Васілевіцкаму раёну, цяпер – у Светлагорскім, ну а Васілевічы за часам страцілі статус райцэнтра, і іх прыгарнуў да сябе Рэчыцкі раён.

Вучыўся ў Васілевіцкай школе-мураванцы, якая чамусьці насіла імя Сталіна, у Беларускім індустрыяльным тэхнікуме (на геолага), у БДУ імя У. Леніна (на журналіста)”.

У 1956-1958 гг. Васіль Якавенка праходзіў абавязковую вайсковую службу ў Групе савецкіх войскаў у ГДР. Працаваў майстрам на торфапрадпрыемстве “Васілевічы-2” (з 1959 г. –  “Светлагорскае”), тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах рэспублікі, рэдактарам на Беларускім радыё. У 1972-1977 гг. – рэдактар аддзела навукі і мастацтва, потым аддзела нарыса і публіцыстыкі старэйшага літаратурна-мастацкага выдання Беларусі “Полымя”. У 1977-1978 гг. з’яўляўся адказным сакратаром праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З 1977 г. член Саюза пісьменнікаў БССР і СССР.

“У вандроўках па роднай зямлі, – адзначаў Васіль Цімафеевіч, – а яны мелі пераважна пошукава-геалагічны характар, даследаваў нетры і разам прыродны сацыяльны масіў у грамадстве; сачыняў (яно змалку карцела), адточваў сціло публіцыста. Прайшоў сапраўдную літаратурную школу, працуючы ў часопісе “Полымя””.

Выдатны пісьменнік, заслужаны работнік культуры Беларусі Уладзімір Дамашэвіч (1928-2014) узгадваў: “Якавенку я ведаю даўно – разам у часопісе “Полымя” працавалі. Што мне падабалася ў ім? Гэта яго прамата і напорыстасць, непасрэднасць і яго чалавечая смеласць. Ён з тых людей, якія не так прыстасоўваюцца да жыцця, як большасць з нас. Чалавек адкрыты, прамы, прынцыповы”.

Хацеў бы заўважыць, што сваю праўду жыцця Васіль Якавенка нярэдка адстойваў публічна, з уласцівымі яго складанаму характару (а ў якога творцы ён просты?) праявамі праматы і няўрымслівасці.

У 1980-я гг. ён актыўна выступаў супраць неабдуманнай меліярацыі беларускага Палесся, у прыватнасці, за скасаванне (што, дарэчы, у выніку і адбылося) буйнога праекта меліярацыі поймы Прыпяці, які пагражаў экалагічнай катастрофай – з’яўленнем пустыні. Вось так прадбачлівасць яго (і іншых такіх, як ён) уратавала красу і здароўе нашай зямлі.

Пасля Чарнобыльскай катастрофы В. Якавенка заснаваў Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз “Чарнобыль”, які спрыяў аздараўленню нашых дзетак за мяжой і ў сумесна адкрытым беларуска-японскім санаторыі “Кюсю-на-Свіслачы” (у спорткомплексе “Стайкі” пад Менскам). Ён таксама быў заснавальнікам і галоўным рэдактарам газеты “Набат”, што набатам прагрымела на абшарах былога Саюза, прыцягваючы ўвагу гра-мадскасці да вострай праблематыкі чарнобыльскай катастрофы, якую ўздымала на сваіх старонках. Газета выходзіла ў 1991-1996 гг. На яе старонках выступалі шматлікія грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, навукоўцы, літаратары, журналісты. Кола падпісчыкаў “Набата” было разнастайным: ад прыватных асоб да шматлікіх урадавых, грамадскіх і камерцыйных устаноў і арганізацый Беларусі, Украіны і Расіі.

У адным з сваіх апошніх інтэрв’ю Васіль Якавенка казаў: “Пры “камунізме” жыццё будавалася такім чынам, каб прыхаваць, калі што дрэннае, за-моўчаць, знівеліяваць – “а мо абыдзецца”. …Я ж таксама прыйшоў да разумення Чарнобыля не ў родных забруджаных Васілевічах, а адразу пасля аварыі ва ўрадавай бібліятэцы (сёння – Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь. – Ю. К.). Знайшоў кніжку, перакладзеную з англійскай мовы, пра ўплывы радыяцыі на чалавечы арганізм. Праз нейкі час, калі ўжо пачаў займацца “тэмай”, зноў хацеў звярнуцца да яе. Аж не – знішчылі, як і ўсё праўдзівае тады. Але я ўжо стаў ездзіць у Зону – Хойніцкі, Рэчыцкі раёны. Пасля Магілёўшчыны, дзе наогул забаранялася гаварыць пра наступствы радыяцыі. І гэта ішло з “вышынь” абкама партыі.

…Таму, калі першы нумар “Набата” з’явіўся ў кіёсках, я быў гатовы яго расцалаваць! Неўзабаве адкрылася, што апрача Беларусі і Украіны ў нас з’явіліся падпісчыкі ад Піцера да Далёкага Усходу”.

Я асабіста ведаў Васіля Цімафеевіча і хачу засведчыць, што пры нашых з ім размовах (на жаль, нешматлікіх) ён заўсёды гаварыў на тэму “людскога Чарнобылю” – на тэму разбурэння ў сучасным грамадстве перш за ўсё духоўнасці. Дарэчы, гэта тэма па сутнасці з’яўляецца галоўнай у апошнім і шмат у чым аўтабіяграфічным яго рамане “Абярэг” (2017), які ён мне падараваў і падпісаў у апошнюю (нават сёння ў гэта цяжка паверыць!) нашу сустрэчу 10 студзеня 2018 г. У рамане праз лёс галоўнага героя Лявона Кавяровіча (у якім лёгка пазнаць самаго аўтара) асэнсоўваюцца падзеі незалежнай Беларусі ў нацыянальным кантэксце. На маю думку, раман “Абярэг” – гэта нацыянальная споведзь Васіля Якавенкі.

За дасягнутыя поспехі ў творчым і грамадскім жыцці Васіль Цімафеевіч Якавенка ў 2016 г. быў уганараваны медалём Францыска Скарыны. У яго літаратурным набытку некалькі дзесяткаў кніг прозы і мастацкай публіцыстыкі: “Земля, открытая нами” (1971), “Пробны камень” (1974), “Пакуль сонца ў зеніце” (1977), “Дайсці да ладу” (1985), “Вясковыя дыспуты” (1987), “Другой зямлі не будзе” (1989), “На что нам жизнь дана” (1991), “Чернобыль. Десять лет спустя” (1996), “Сказ пра беларусаў” (2000), “Крушэнне на ростані” (2002), “Пакутны век” (2006), “Прывіды Шанхая над Свіслаччу” (2011), “Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве” (2015) і інш.

Як падкрэсліў літаратуразнаўца і культуролаг, прафесар Аляксей Рагуля, у кнігах В. Якавенкі “галоўным пунктам адліку з’яўляецца мужнае сведчанне праўды чалавечай існасці”.

Паэтычным рэквіемам у памяць Васіля Якавенкі сталі напісаныя ў дзень яго спачыну вершаваныя радкі паэта і навукоўца Алеся Клышкі:

Без ляманту, без крыку і без слёз

Ён адышоў у ціхую далечу.

Анёл у белым Дух яго ўзнёс

Да Госпада на тайную сустрэчу.

 

Хаўтурны сход сяброў і сваякоў

Не парушалі гэтага адзінства.

Ён спавядаўся – перад ім Прастол

Адзінага ў свеце Трыадзінства.

 

Не чутна скарг на лёс і на жыццё,

І на каго пакінуў нас заўчасна,

І быццам бы не спынена жыццё –

Таго, хто свет пакінуў – зорка згасла…

 

Так паміраюць толькі святары,

І дай нам Бог сваёй дажыць пары.

 

Юры Кур’яновіч.

На здымку: Васіль Якавенка, 2008 г.

Фота Ю. Кур’яновіча, друкуецца ўпершыню.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

26 сакавіка 2024, 18:3646
"Вёска мілая мая"
Культура

"Вёска мілая мая"

26 чэрвеня 2024, 09:0945
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3445
Мова Нанова: Дзень роднай мовы. Тры гісторыі
Мова

Мова Нанова: Дзень роднай мовы. Тры гісторыі

4 сакавіка 2019, 19:4144
Далучайцеся да нас