Хоць…Штосьці падказвае: такі яна будзе зараз заўсёды.
Гледзячы, як амаль плавіцца паркет САК “Алімпія” ад энергічных, гарачых і грацыёзных танцаў у выкананні нястомных удзельнікаў, у сказаным можна не сумнявацца. Вытанчаны павольны вальс, гарачае танга, энергічная самба, вясёлае ча-ча-ча, запальная румба – за яркімі выступамі танцораў можна назіраць бясконца. І толькі з аціхлымі акордамі спусціцца на зямлю і ўсвядоміць: у гэтай падзеі ў Лідзе абавязкова павінен быць працяг. Рэспубліканскі турнір па спартова-бальных танцах “LIDA OPEN-2021” на прызы мэра, які праходзіў 8-9 траўня, абавязкова павінен пасяліцца ў нас.
Ідэя і ініцыятыва турніру прыналежыць таксама мэру, кіраўніку Лідчыны Сяргею Ложачніку, які аднойчы, убачыўшы на тэлеканале Беларусь-5 турнір па спартова-бальных танцах у Гомелі і ў ліку яго пераможцаў лідзян, загарэўся жаданнем прыняць і правесці падобнае мерапрыемства ў Лідзе. Запрасіў кіраўніка студыі спартова-бальных танцаў “Феерыя Дэнс” Вікторыю Лежневу. Разам абмеркавалі магчымасці і вырашылі задуманае ажыццявіць.
Як і ўсе ініцыятывы мэра, гэта было адважна, бо ніводны раённы (і нават не ўсе абласныя) горад не прымаў у сябе турнір такога ўзроўню. Ліда стала першай. Аднак ідэя апраўдала сябе спаўна: гледзішча, якое паўстала ў гэтыя дні ў САК “Алімпія”, па добрай якасці і не без захаплення ацанілі большасць гледачоў.
Лазернае шоў у першыя хвіліны ўрачыстага адкрыцця, танец у праекцыі праменяў і сотні затоеных сэрцаў у чаканні прыгожага і неперасягненага дзейства папярэднічалі турніру, які многія ўжо паспелі назваць “душэўным і святочным”. Дарэчы, менавіта гэта адметная асаблівасць паўплывала нават на суддзяў, якія былі вельмі добрыя да ўдзельнікаў.
Аднак вернемся на турнір… Яго арганізатары – Беларускі рэспубліканскі танцавальны звяз і клуб спартова-бальных танцаў “Феерыя Дэнс”. Сам турнір праходзіць пры падтрымцы Лідскага райвыканкама, Лідскай раённага Савета дэпутатаў і Палаца культуры г. Ліды. На яго з’ехаліся больш за трыста ўдзельнікаў з розных куткоў Беларусі. А калі ўлічыць, што з кожным прыехала група падтрымкі прынамсі з двух чалавек: педагога і мамы, то турнір сабраў і ўсе шэсцьсот.
60 пара – лідзяне, танцоры студыі “Феерыя Дэнс”, плюс да іх парадку 90 малышоў – тых, хто робіць першыя крокі ў спартова-бальных танцах. Дарэчы, менавіта нашы малышы сталі часткай цырымоніі адкрыцця – выйшлі на паркет і паказалі тое, чаму ўжо навучыліся ў бальных танцах. Ім дружна пляскалі і назвалі будучыняй танцаў. І гэта будучыня расце ў Лідзе.
За прызавыя месцы ўдзельнікі спаборнічалі у чатырох катэгорыях – дзеці, юніёры, моладзь і сталыя. Ацэньвала спартоўцаў прафесійнае журы, узначальвае якое Аляксандр Казыра.
Дарэчы, у спартова-бальных танцах ацэньваецца не толькі харэаграфічнае майстэрства, але і мова эмоцый, уменне паказаць сябе з дапамогай танцу. Мае ролю нават выява спартоўцаў – яркія сукенкі, аздобленыя стразамі і пёрамі, арыгінальныя прычоскі, вытанчаныя туфлі на абцасах – усё гэта абавязковыя атрыбуты спартовых бальных танцаў.
– Выступілі добра, прайшлі ў фінал, – падзялілася з карэспандэнтам Крысціна Тышкевіч, мама адной з удзельніц, Віялеты. – Спадабалася зала, паркет і атмасфера. Усё-такі для мяне Ліда родны горад, хоць цяпер жыву ў Менску. Прыемна, што ў Лідзе адбыўся турнір і ёсць такая вялікая школа бальных танцаў. Мая дачка займаецца з пяці гадоў (цяпер ёй 11), удзельнічае ў турнірах, не раз займала прызавыя месцы і стаяла на пастаменце. Разлічваем на перамогу і цяпер.
Іна Бернацкая прыехала з г. Бабруйска і прывезла на турнір сваю дачку Анастасію і яе сяброўку Лізавету Бізун:
– З раніцы паглядзелі горад – чысты, акуратны, утульны, ён нам вельмі спадабаўся. Магу адзначыць добры ўзровень арганізацыі спаборніцтваў, вялікая колькасць удзельнікаў. Насця сваім выступам засталася задаволена. Танцамі займаецца з задавальненнем. Не праблема нават устаць у пяць раніцы, каб паехаць на турнір у Ліду.
Лідзяанка Алена Лазовік прыйшла на турнір у якасці гледача разам з маленькай дачкой, а таксама сястрой і пляменніцай. “Захоплена ўбачаным – прыгажосцю, грацыяй, гнуткасцю і пластыкай танцораў. Назіраю за імі з непрытоенай зайздрасцю, – падзялілася яна. – Мая дачка яшчэ маленькая, але, думаю, што ў будучыні я параю ёй запісацца ў студыю бальных танцаў”.
Дарэчы, цалкам магчыма, што хуткім часам у лідскую студыю “Феерыя Дэнс” паўстане чарга ахвотнікаў навучыцца бальным танцам?..
– Бо гэты турнір і арганізоўваўся не для таго, каб штосьці даказваць, а для таго, каб паказаць лідзянам: у нас ёсць і жывуць спартова-бальныя танцы, – адзначыла кіраўнік студыі, чалец журы і адна з арганізатараў турніру Вікторыя Лежнева. – Мы будзем толькі радыя ахвотнікам навучацца!..
Што ж, магчыма, калі-небудзь Ліда аспрэчыць у Гомеля тытул самага танцуючага горада краіны?
Тэкст: Вольга Яхантава.